Курэнне ледзь не каштавала жыцця ўшачаніну і прымусіла пахвалявацца ў суботу вечарам усіх жыхароў дома нумар 29 па вуліцы Савецкай у гарпасёлку. Узяўшы цыгарэты ў рукі, мужчына не мог кантраляваць свае дзеянні і тым больш выконваць правілы бяспекі, бо быў у стане моцнага алкагольнага ап’янення. У выніку ў кватэры на першым паверсе пачала тлець мэбля і ўтварылася шчыльнае задымленне. Суседзі выцягнулі з кватэры гора-гаспадара, эвакуіраваліся самі і паведамілі ў выратавальную службу. Работнікі МНС аператыўна ліквідавалі ачаг узгарання. На шчасце, ніхто не пацярпеў, віноўнік жа здарэння, які нават не ўсведамляў, што адбываецца, быў шпіталізаваны з лёгкім атручваннем. Цяпер яму трэба ўзяцца за розум, каб прывесці ў належны стан сваё жыллё.
На тэрыторыі раёна нямала такіх вось нядобранадзейных грамадзян, якія сваімі паводзінамі ўяўляюць пагрозу для акружаючых. Таму супрацоўнікі МНС разам з іншымі зацікаўленымі службамі пастаянна праводзяць абследаванні домаўладанняў і прафілактычную работу. Толькі за апошніх два тыдні на Ушаччыне ў рамках акцыі “За бяспеку разам!” праведзена каля 10 рэйдаў.
Вольга КАМАРКОВА.