Пакінуўшы на ўездзе ў Гасбэргу пяцідзясятую шафу кіравання вулічным асвятленнем, брыгада энергетыкаў Віктара Аляксандравіча Брэнько пераехала ў Красоўшчыну і пакуль вялі падрыхтоўчыя работы, расказвалі, што ў цагляным вялікім будынку некалі быў магазін, пра тое, у якім баку знаходзіцца возера і хто жыве на ўскрайку вёскі. Такі своеасаблівы “экскурс” супрацоўнікі Ушацкага раёна электрычных сетак могуць зрабіць і па іншых населеных пунктах раёна, бо брыгада па рабоце з насельніцтвам і абслугоўванні вулічнага асвятлення наведвала кожную вёску мінімум двойчы – восенню і вясной, каб уключыць, а потым адключыць падачу энергіі на вулічныя ліхтары. Зараз жа наступная сустрэча можа адбыцца толькі праз пяцігодку…
А ўсё дзякуючы невялікай металічнай скрыні, вырабленай на вучэбным цэнтры “Віцебскэнерга” і начыненай разумнымі прыладамі. “Тут лічыльнік, апарат аўтаматычнага кіравання, які абясточыць лінію электраперадачы ў выпадку збою, праграмуемае рэле і антэна, дзякуючы якой і ідзе перадача даных, – тлумачыць В.А.Брэнько. – Само рэле, як і астранамічнае, дазваляе ўстанаўліваць час, але ў гэтым намнога большы дыяпазон, а значыць і магчымасці. Умоўна кажучы, можна заказаць уключэнне пад выхад на ранішнюю змену на палову шостай гадзіны, а потым зноў адключыць”.
Раней як было: нешта сапсуецца ці перагарыць лямпачка – выклік брыгады РЭСа, кожны з якіх аплачваў сельвыканкам. Даводзілася ёй калясіць па раёне і ў перыяд аплаты: каб зняць паказанні. Зараз усё гэта для Сарочынскага сельсавета ў мінулым. Паказанні энергетыкі ўбачаць на камп’ютары ў дыспетчарскай, там жа адлюструюцца непаладкі, калі раптам нешта здарыцца. Ну і ліхтары загарацца ў загаданы час самастойна.
Мадэрнізацыя абсталявання выгадная для ўсіх. Для сельвыканкама, як заказчыка работ, гэта істотная эканомія, аплачваць трэба будзе непасрэдна электраэнергію, а не работы – з улікам таго, што паралельна вядзецца ці ўжо зроблена замена лямпачак на святлодыёдныя, пры адсутнасці непрадказальных збояў абсталяванне будзе працаваць “самастойна” ці на дыстанцыйным кіраванні гадамі. А энергетыкі, праводзячы замену рэле, паралельна робяць рэвізію кантактаў, злучэнняў і, пры неабходнасці, бягучы рамонт. І зацікаўлены, каб мадэрнізацыя прадоўжылася па ўсіх сельсаветах. Ушацкаму раёну, можна сказаць, пашчасціла – ён аказаўся ў ліку нямногіх у вобласці і першым у Полацкіх электрасетках, дзе з’явілася прагрэсіўнае абсталяванне па кіраванні вулічным асвятленнем. Але паколькі задавальненне гэта не з танных, пакуль невядома, калі будуць выдзелены сродкі на працяг работ.
У Сарочынскім жа сельсавеце яны завяршаюцца: ужо праведзены мантаж больш паўсотні шафаў з запланаваных 69. І хоць населеных пунктаў толькі 61, у такіх вялікіх, як Сарочына ці Арэхаўна, устанаўліваецца не па адной. Ну а самы задаволены ад прагрэсіўных змен чалавек, безумоўна, старшыня сельсавета Людміла Яўгенаўна Птушка. Да гэтага часу яна падымалася на досвітку, калі многія жыхары Арэхаўна яшчэ спалі, каб уключыць асвятленне ў 6 гадзін, і выходзіла, каб выключыць у 23, калі большасць ужо адпачывала.
Вольга Караленка.