“Гадоў праз 70 гэтыя дрэўцы будуць такімі ж вялікімі”, – расказваў на дзялянцы за Кавалеўшчынай ляснічы Ушацкага лясніцтва Андрэй Сяргеевіч Падвойскі, дэманструючы актывістам раённай ветэранскай арганізацыі і ўдзельнікам спартыўнага клуба “Імпульс” маленькія саджанцы сасны на фоне магутных амаль векавых дрэў. Тут у суботу ў рамках мерапрыемстваў штогадовага “Тыдня лесу” ва ўсю ішла пасадка маладых насаджэнняў.
– Той перыяд мы, канечне, не застанем, але вельмі прыемна, што пакінем пасля сябе след і яшчэ больш сімвалічна, што робім гэта ў Год малой радзімы! – адзначала старшыня раённага савета ветэранаў Ніна Аляксандраўна Васілеўская, якая, дарэчы, прызналася, што садзіць лес ёй давялося ўпершыню. А вось Любоў Аляксандраўна Мядзведзева хутка ўключылася ў справу і ішла наперадзе, бо за свой працоўны стаж ёй давялося паўдзельнічаць у розных відах сельгасработ, а таксама пасадцы лесу.
Калі лясгас запрасіў усіх жадаючых прыняць удзел у традыцыйнай акцыі “Тыдзень лесу”, пенсіянеры раёна першымі прынялі заклік і прапанавалі закласці новы ўчастак у гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аб гэтым будзе сведчыць і спецыяльная шыльда, устаноўленая на гэтым месцы.
Вера Дзмітрыеўна Балаболкіна на працоўны дэсант адправілася разам з унукамі Стасам і Мацвеем: “Яны самі вызваліся ў памочнікі і я толькі рада гэтаму – дарослымі будуць успамінаць, што закладвалі тут лес. Такая патрэбная справа ды яшчэ на свежым паветры!”
Паколькі сярод актывістаў былі толькі жанчыны, дапамагалі ім работнікі лясніцтва, робячы на загадзя падрыхтаваных гранках лункі. Было пасаджана 1,4 гектара сеянцаў сасны звычайнай.
– За некалькі гадзін мы зусім не стаміліся, а наадварот атрымалі добры настрой, абмеркавалі новыя планы і задумкі. А яшчэ вельмі ўдзячны работнікам лесу за праведзеную пасля работ экскурсію ў дэндрапарку, – дзяліліся ветэраны працы.
Унесці свой уклад у пасадку лесу пажадалі і ўшацкія выратавальнікі. Яны ў гэты ж дзень высадзілі больш за дзве тысячы сеянцаў паблізу вёскі Мазулі. Кіпела работа і ў Плінскім лясніцтве, дзе работнікі лясгаса закладалі плантацыю навагодніх елак.
– У будучым гэтыя дрэўцы ўпрыгожаць дамы ўшачан на зімовыя святы. Першы этап высечкі плануецца праз 5 гадоў. Усяго ж на ўчастку ў адзін гектар высаджана 6 тысяч штук саджанцаў. Гэтыя і іншыя маюць “родныя карані”, бо выгадавалі мы іх ва ўласным пітомніку, – расказвае галоўны ляснічы лясгаса Аляксей Мікалаевіч Апёнак.
У суботу садзілі лес, канечне, і работнікі лясной гаспадаркі – ва ўсіх сямі лясніцтвах на плошчы амаль у 6 гектараў. Акрамя гэтага, яны займаліся і ачысткай лесу ад захламленасці, уборкай і навядзеннем парадку ў зонах адпачынку. Мерапрыемствы акцыі будуць праходзіць да суботы, далучыцца да іх плануюць яшчэ актывісты БРСМ, якія дапоўняць новымі культурамі дэндрапарк на тэрыторыі Ушацкага лясніцтва, а таксама вялікадолецкія школьнікі – пераможцы “Снежнага снайпера”.
“Тыдзень лесу-2019” завяршае вясеннія пасадачныя работы, усяго за сакавік-красавік на тэрыторыі Ушаччыны закладзена 92 гектары новых угоддзяў.
Вольга КАМАРКОВА.