Яна ўдзельнічае ў тэатры мініяцюр “Скамарохі”, спявае ў ансамблі эстраднай песні “Вяркужаначка”, наведвае аматарскія аб’яднанні “Гаспадыня” і “Міласэрнасць”. Так, без Раісы Фёдараўны Мацюш не абыходзіцца ні адно мерапрыемства ў Вяркудскім селькім Доме культуры. Між тым, пры бліжэйшым знаёмстве з актывісткай дзіву даешся, як яна ўсё паспявае, і разумееш, што ў яе жыцці не ўсё так лёгка, як у песні.
Да культуры яе цягнула яшчэ ў маладосці, і пасля заканчэння школы ўраджэнка Лозаў паступіла ў культасветвучылішча. І хоць не скончыла яго па сямейных абставінах, аднак пэўны час працавала ў Гарбаціцкім клубе. “Уявіце сабе, што ў адной вёсцы дзейнічала адразу два клубы – калгасны і сельсаветаўскі, – прыгадвае Раіса Фёдараўна. – Па вечарах яны ніколі не пуставалі, гэта зараз кожную вольную хвіліну моладзь імкнецца ў інтэрнэт, а тады мы з нецярпеннем чакалі, калі можна будзе адправіцца ў клуб. Часам нават кіно там круціла – механіка падмяняла”. Пазней жанчына працавала ў Лозах – нават у невялікіх вёсках таксама былі клубы, некаторы час у мясцовым калгасе, але ў асноўным прысвяціла сябе гандлёвай сферы, шчыравала ў мясцовым магазіне.Ці трэба казаць, што нялёгка было мнагадзетнай маме спраўляцца з пяццю дзецьмі, але ўсе нягоды адступалі, калі чацвёра сыноў і дачушка прыхіналіся да яе і дапамагалі, як маглі. Гэта лепш любых узнагарод – упэўнена жанчына. Зрэшты, высокая ўзнагарода ў яе ёсць – Ордэн маці Раіса Фёдараўна атрымала адной з першых у нашым раёне.
Хоць сёння ўсе дзеці ўжо абзавяліся сваімі сем’ямі і раз’ехаліся па гарадах, аднак не забываюць пра бацькоў і наведваюцца ў родныя Вяркуды. Не столькі адпачыць, колькі парадаваць маці сваёй прысутнасцю і дапамагчы. Так склалася, што на працягу апошніх гадоў яна даглядае мужа, які пасля цяжкой траўмы прыкаваны да ложка. На сваіх жаночых плячах нясе і нялёгкія клопаты па асабістай падсобнай гаспадарцы, у якой птушка, свінні і дзве каровы! “У нашай сям’і гаспадарку трымалі заўсёды і зараз гэта дадатковая капейка да невялікай пенсіі, свежыя прадукты да ўласнага стала. Раней не ўзнікала праблем, дзе навязаць жывёлу і нарыхтаваць сена, а вось нядаўна ў наваколлі ўсе землі ўзаралі, прыйдзецца, пэўна, пакінуць у гаспадарцы толькі адну карову”, – разважае Раіса Фёдараўна.
Малочныя прадукты ўлетку часта просяць у гаспадыні мясцовыя дачнікі, любяць іх і сямёра ўнукаў, што пастаянна прыязджаюць да бабулі. “Вось яны, мае старанныя памочнікі”, – паказваючы фотаздымкі, усміхаецца жанчына. У вольную хвілінку яна паспявае яшчэ і займацца рукадзеллем, раней вышывала, а зараз вяжа цёплыя шкарпэткі і камізэлькі для ўнукаў. Трэба сказаць, што ад Раісы Фёдараўны яны перанялі не толькі працавітасць, а і талент: у час канікул старэйшы і малодшы ўнукі разам з бабуляй абавязкова накіроўваюцца ў клуб. “Шчыра кажучы, часам так горка на душы, што не да вясёлых спеваў і забаў, але вучоныя сцвярджаюць, што ў дзень трэба спяваць не менш 9 куплетаў – гэта карысна для здароўя”, – падбадзёрвае сябе Р.Мацюш.
– Абавязкова прыбяжыш на рэпетыцыю, хутка справаздачны канцэрт, без цябе – ніяк! Мініяцюра пра вяркудскіх бабулек – ужо наша своеасаблівая візітоўка, – звяртаючыся да Раісы Фёдараўны, кажа мастацкі кіраўнік СДК К.В.Троцкая.
Р.Мацюш жа сцвярджае, што яна пастаянны наведвальнік культустановы не толькі з-за сваіх здольнасцяў: “Як і многія мае аднавяскоўкі хаджу туды, каб не зачынілі клуб, як гэта было са школай. Перажываю за будучыню нашага аграгарадка”.
Моцная духам і характарам. Менавіта гэтыя рысы дапамагаюць ёй пераадольваць цяжкасці і жыццёвыя выпрабаванні, і менавіта такія жанчыны, якія не апускаюць рукі, заслугоўваюць шчырай павагі і самых добрых слоў.
Вольга КАМАРКОВА.