Один день с МЧС, или Трудно ли быть спасателем?

Cлужба-101 Образование и молодежь

У цэлым работа нескладаная, але як пажар – хоць звальняйся!” Гэтае жартоўнае выказванне аб прафесіі выратавальніка ведаюць усе. А як на самой справе служыцца ў МНС, нядаўна на сабе выпрабавалі ўдзельнікі маладзёжнага атрада аховы правапарадку, актывісты БРСМ Кірыл Глінскі, Яўген Бародзіч, Караліна Клачок і Анастасія Сабіна. Яны прайшлі свайго роду тэст-драйв і на адны суткі заступілі на службу з ушацкімі выратавальнікамі. Усё па-сур’ёзнаму і без паслабленняў!
Зрэшты, прыгаданыя актывісты часткова ўжо спрабавалі сябе ў гэтай прафесіі, прымаючы ўдзел у шматлікіх прафілактычных акцыях МНС. Ну а падчас канікул рашыліся на больш сур’ёзны крок, заступіўшы на баявое дзяжурства ў пажарную аварыйна-выратавальную часць №1 г.п.Ушачы. Пачалося яно з пастраення, інструктажу, перадачы тэхнікі і абсталявання ад папярэдняга каравула. Працэс гэты адказны, бо, каб упэўнена ісці на дапамогу людзям, трэба пераканацца, што ў тваім распараджэнні будзе ўсё неабходнае і спраўнае. “Ну ўсё, мы на варце, усё спакойна і можна пагрузіцца ў тэлефон”, – падумалі новаспечаныя выратавальнікі, але не тут было! Нягледзячы на вопыт і стаж, у работнікаў МНС пастаянна праходзяць заняткі па розных тэмах, вось і нашы добраахвотнікі разам з начальнікам каравула М.Дукмасавым засвоілі абавязкі і некаторыя моманты аказання дапамогі. А каб быць не толькі падкаваным, а і ў выдатнай форме, заняліся фізкультурай у трэнажорнай зале, якая абсталявана ў новай часці. На працягу сутак пэўны час праводзілі і ў “сэрцы” аддзела – пульце аператыўнага кіравання. І калі пажарнымі ў нашай краіне прадстаўніцы жаночага полу не могуць быць, то сярод дыспетчараў іх нямала, у нашым аддзеле гэта Н.Пячура, якая і ўвяла моладзь у курс справы. “Ніколі не задумваліся, якая гэта напружаная работа, – адзначаюць Насця і Караліна. – Трэба быць сабраным, уважлівым і ведаць шмат інфармацыі. Гэта не проста адказаць на званок ці прыняць паведамленне аб здарэнні, а і накіроўваць, даваць падказкі каравулу падчас выезду”. Зрэшты, яны ў гэты дзень паступалі. У першым выпадку трывога была вучэбная для адпрацоўкі дзеянняў, а вось у другім – рэальная – у раёне вуліцы Полацкай гарэла смецце і сухая трава. “Збіраліся хутка як маглі! Гэта так хвалююча, у машыне з сірэнамі дух захоплівае. З немаленькай плошчай узгарання нашы выратавальнікі справіліся аператыўна!” – расказваюць маладыя людзі.
Пасля выезду – прывядзенне тэхнікі ў парадак. Дарэчы, у абавязкі тых, хто на службе, уваходзіць і падтрыманне ідэальнага парадку ў часці і на тэрыторыі. Усе чацвёра “прымералі” на сябе і ролю днявальнага. Стомленыя, але задаволеныя, яны падзяліліся напрыканцы дзяжурства сваімі ўражаннямі: “Было нялёгка, але думак “здацца” і пайсці дадому не было, мы б і на другія суткі засталіся, – смяюцца старшакласнікі. – А яшчэ зараз мы ведаем, што ў анекдоце, які гаворыць, што сапраўдны пажарны павінен умець праспаць 25 гадзін у суткі, няма і долі праўды: на сон за суткі нам было адведзена ўсяго тры з паловай гадзіны!”
Начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях С.Аваднёў уручыў удзельнікам атрада Лісты падзякі за ўдзел у вучэбна-метадычным зборы “Правядзі дзень з МНС”, які ладзіўся ў нас у раёне ўпершыню, і памятныя падарункі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *