На Ушаччыне мноства водных аб’ектаў, якія ў якасці адпачынку і рыбалкі выбіраюць як карэнныя жыхары, так і людзі з многіх іншых гарадоў краіны. Каб прывесці ў парадак прыбярэжныя зоны напярэдадні адкрыцця сезона масавага адпачынку на прыродзе, Рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” з 11 па 19 красавіка праводзіць акцыю “Чысты вадаём”. Яна ўжо стала традыцыйнай – праходзіць па Беларусі шосты год. За гэты час супрацоўнікі БТПР сумесна з прадстаўнікамі іншых арганізацый і проста нераўнадушнымі грамадзянамі прывялі ў парадак больш за 4 тысячы кіламетраў берагавой лініі рэк і азёр, было сабрана звыш пяці тысяч кубічных метраў смецця.
Раённая арганізацыя БТПР запрашае ўсіх жадаючых далучыцца да акцыі. Аб’ектамі навядзення парадку стануць азёры Вечалле, Вялікі Дземенец і Трошча. Аб сваім жаданні паўдзельнічаць паведамляйце ў раённую арганізацыю ці па тэлефоне 5-72-03. Зрэшты, можна і самастойна прыехаць у любімыя месцы адпачынку і ўбраць смецце з берагоў.
Вольга КАМАРКОВА.