ДЛГУ “Ушацкі лясгас” запрашае ўсіх жадаючых пасадзіць сваё дрэва падчас “Тыдня лесу”, які пройдзе ў Беларусі з 13 па 20 красавіка. Сёлета маштабная “зялёная” акцыя, арганізатарам якой традыцыйна выступае Міністэрства лясной гаспадаркі, будзе прысвечана Году малой радзімы, а таксама 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Галоўная мэта мерапрыемства – папулярызацыя беражлівых адносін да аднаго з галоўных прыродных рэсурсаў краіны. Сёлета акцыя “Тыдзень лесу” пройдзе ўжо 12-ы раз. Як паказвае статыстыка, з кожным годам да яе далучаецца ўсё большая колькасць нашых суайчыннікаў. Летась свой уклад у прымнажэнне ляснога фонду краіны ўнеслі больш за 80 тысяч чалавек. Іх рукамі пасаджаны каля 20 мільёнаў дрэў. Для таго каб прыняць удзел у акцыі “Тыдзень лесу-2018”, жыхарам неабходна звярнуцца ў бліжэйшы лясгас або лясніцтва. Спецыялісты не толькі вызначаць месца і від работы, але і забяспечаць неабходным інвентаром, пасадачным матэрыялам. Акцыя праходзіць з 13 красавіка, аднак лясгас заўсёды гатовы прыняць актывістаў і энтузіястаў у зручны для іх час.
Таксама лясгас дае магчымасць грамадзянам выкарыстоўваць дзікарослыя лясныя расліны для ўласнага добраўпарадкавання і азелянення. Выкапаць іх бясплатна можна ў вызначаных для гэтых мэт участках у прысутнасці спецыялістаў, папярэдне звярнуўшыся ў бліжэйшае лясніцтва.
Вольга КАМАРКОВА.