В Ушачском районе стартовала посевная кампания. Одной из первых на поля вышла техника ОАО «Деменец»

Сельское хозяйство

У чацвер каля 18 гадзін ААТ “Дземенец” распачало сяўбу. Як і раней, гаспадарка адной з першых вядзе адлік засеяных гектараў – услед за ААТ “Ільюшынскі” і філіялам “Маяк-Ушацкі”, які са старту стаў лідарам веснавой кампаніі. На маё пытанне, навошта выязджаць у поле ўжо на схіле сонца, дырэктар гаспадаркі Г.А.Шалыга патлумачыў, што, як бы банальна гэта ни гучала, на сяўбе дарагая кожная хвіліна: “Сёння правядзём наладку пасяўнога агрэгата ў палявых умовах, каб заўтра з раніцы можна было ўжо планаваць вялікія аб’ёмы”.

Рыхтавалі тэхніку складана – на рамонт і тэхабслугоўванне энерганасычаных трактароў патрэбны вялікія сродкі. Старт пасяўной мог бы адбыцца і раней, але на ворыве выйшаў са строю МТЗ-1221 Мікалая Яловіка, які планавалі задзейнічаць на падрыхтоўцы глебы, ды і шасціметровы пасяўны агрэгат, якому амаль дзесяць гадоў, таксама трэба было давесці да толку. Вось і атрымалася, што выехаў Анатоль Грачоў на поле за Лутавым Сяльцом толькі пад вечар. Пакуль жа ён праводзіў апошнія наладкі, паспелі з галоўным аграномам гаспадаркі І.У.Іванютам праехаць па бліжэйшых палях. “Вялі падсеў траў, зараз займаемся падкормкай азімых культур, – расказвае Ігар Уладзіміравіч. – Хутка скончым у гэтай частцы гаспадаркі і пяройдзем на дубраўскія землі”.

За ўнясеннем карбаміду засталі ля Папоўкі Аляксандра Спірыдовіча. “Дзесяць, восем, чатыры, зноў дзесяць, а яшчэ на мяжы з Полацкім раёнам, зараз тут, – загінае пальцы механізатар. – Каля 40 гектараў зрабіў”. Палі ў раёне Астравенца дробнаконтурныя, і за два дні на маленькіх участках ён апрацаваў каля 80 гектараў, хаця на буйных плошчах можа рабіць значна больш.

Падкормлены ўжо азімы рапс (115 гектараў), зараз уносіцца ўгнаенне па зерневых і зернебабовых, якіх у гаспадарцы звыш 400 гектараў. Дарэчы, менавіта на гэтых землях мінулай вясной сустракаў А.Спірыдовіча з сеялкай: “Не пускае сёлета аграном на сяўбу!”, – з усмешкай “абураецца” механізатар.

На самой справе хопіць работы і яму – яравы клін у невялікай гаспадарцы даволі ўнушальны, таму пасля заканчэння ўнясення мінеральных угнаенняў у поле выйдзе і другая сеялка. А вось з падрыхтоўкай глебы ёсць пэўныя праблемы. І калі, па словах Г.А.Шалыгі, на некаторых участках нават дыскатар непатрэбны – запускай адразу камбінаваны пасяўны агрэгат, то, напрыклад, у дубраўскай частцы трэба будзе рыхліць гліну не ў адзін след. Таму і спяшаюцца, бо месцамі глеба ўжо перасыхае, а дажджоў у бліжэйшы час сіноптыкі не прагназуюць.

Разнастайнасць культур у “Дземенцы” даўно стала традыцыяй. Разам з жытам і трыцікале на 111 гектарах набірае моц запрацаваная ўвосень свірэпіца. Вясной жа неабходна пасеяць 250 гектараў рапсу і 660 зерневых і зернебабовых, а гэта, акрамя ячменю, лубін, гарох, прычым як кармавы, так і харчовы, плюс 160 гектараў адналетнікаў. Не адмаўляюцца ў гаспадарцы і ад грэчкі. І хаця маюцца яшчэ немалыя запасы мінулагодняга ўраджаю, карысны дыетычны прадукт пакрыху прадаюць, аддавалі часткова ў залік даўгоў. Кукурузу, улічваючы невялікае пагалоўе жывёлы, у гаспадарцы сеяць не будуць, для забеспячэння кармамі хопіць траў.

Зараз жа неабходна ў максімальныя тэрміны справіцца з зерневымі. Задача гэта першарадная і агульная – засыпаць пратручанае насенне ячменю ў бункер пасяўнога агрэгата і наладжваць камп’ютар на патрэбную норму высеву А.Грачову дапамагалі, як кажуць, “усім светам” – і І.У.Іванюта, і аграном Станіслаў Лісічонак, і малады практыкант Павел Шарох. Трэба адзначыць, што моладдзю ў гаспадарцы цалкам задаволены. Адказна і ўдумліва адносіцца да справы Станіслаў, а Павел, які вучыцца ў Гарадоцкім аграрна-тэхнічным каледжы на механіка, з улікам дэфіцыту кадраў у гаспадарцы сам выказаў жаданне на час пасяўной сесці за руль трактара і далучыцца да кагорты руплівых дземянецкіх механізатараў, якія не падвядуць – была б спраўнай тэхніка, ды надвор’е спрыяла.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *