Пакуль школьнікі адпачывалі на канікулах, настаўнікі выкарысталі час крыху меншай працоўнай нагрузкі, каб заняцца творчымі справамі. Больш за 50 прадстаўнікоў навучальных устаноў Ушаччыны прынялі ўдзел у конкурсе мастацкай самадзейнасці, які прайшоў у панядзелак пад эгідай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і быў прысвечаны Году малой радзімы.
У актавай зале Ушацкай школы яблыку не было дзе ўпасці: педагогі, вучні актыўна хварэлі за сваіх канкурсантаў.
Самай прадстаўнічай стала каманда Ільюшынскай школы – на сцэну выйшлі каля трэці яе педагогаў. Сваёй каларытнасцю, задорам пакарылі гледачоў удзельніцы вакальнай групы: апранутыя ў нацыянальныя касцюмы настаўніцы гарманічна спалучылі выкананне любімай многімі песні “Хлеб ды соль” з падтанцоўкай і народным звычаем паднясення шаноўным гасцям караваю. Бурнымі апладысментамі сустрэлі прысутныя і тэатралізаваны нумар “Дзед і Баба” – з гумарам і нечаканымі пераўвасабленнямі.
Паказалі клас гаспадары. Цеплынёй, душэўнасцю было прасякнута выступленне настаўніцы геаграфіі Ушацкай школы Марыі Ядрэўскай, якой на гітарах акампаніравалі яе былыя вучні. Гэты ж музычны інструмент суправаджаў творчы нумар Аляксандры Жаваранак-Дрозд, падчас якога дэманстраваліся кранальныя фотаздымкамі з сямейнага і школьнага архіву. А актыўная група падтрымкі дазволіла самай маладой удзельніцы конкурсу адчуваць сябе на сцэне ўпэўнена і камфортна.
З захапленнем прыняла глядацкая зала харэаграфічную кампазіцыю “Ночанька” ў выкананні педагогаў раённага цэнтра дзяцей і моладзі. А Вера Дрозд з гэтай жа ўстановы артыстычна прадэкламавала напісаную ў вершах аўтарскую легенду пра сваю маленькую Радзіму – вёску Угрынкі.
Уласнай творчасцю з прысутнымі падзялілася таксама Алена Банеўская з ясляў-сада №2 гарпасёлка, якая праз паэтычны твор расказала пра нашу багатую на таленты Ушаччыну, пра сябе і любімую работу ў дашкольнай установе. А дырэктар Арэхаўскай школы Ларыса Булаўка выступіла з цікавай вершаванай байкай, у героях якой – лясных жыхарах – кожны змог пазнаць сучаснае грамадства.
Творчую ўніверсальнасць прадэманстравала прадстаўніца ясляў-сада №4 гарпасёлка Таццяна Сандзюк, якая спрытна іграла на баяне і цымбалах, пранікнёна спявала. Зрэшты, з’яўляецца жанчына і аўтарам музыкі да прадстаўленага вакальнага твора “Мая Ушаччына”, словы якога належаць настаўніцы Ушацкай школы Галіне Данілёнак.
Прыгожыя песні на словы нашай зямлячкі Тамары Барадзёнак выканалі прадстаўніцы ўстаноў адукацыі Арэхаўна Анастасія Карымава і Вольга Жукава. Па-сапраўднаму сяброўскую атмасферу ў зале стварыла Вераніка Герасімава з ясляў-сада №2 з песняй “Сабяромся разам”. Нацыянальным каларытам, тонкім гумарам парадаваў харэаграфічны нумар “Гісторыя кахання” ад педагогаў Глыбачанскай школы. Патрыятызмам, высокай грамадзянскай пазіцыяй былі напоўнены выступленні Жанны Сухастаўскай і Кацярыны Бакан з ясляў-сада №1 г.п.Ушачы, Ганны Пашковай з Арэхаўскай школы, а таксама вадзіцеля школьнага аўтобуса з Вялікіх Долец Сяргея Майсяёнка, які пад баян выканаў песню “Вёсачка мая”.
Удзячныя гледачы не шкадавалі апладысментаў, а перад журы стаяла няпростая задача – вызначыць пераможцаў.
– Усе канкурсанты праявілі актыўнасць і фантазію. Думаю, гэтаму спрыяла наступленне вясны, абуджэнне прыроды, калі спявае душа, нараджаюцца цікавыя ідэі, – адзначыла старшыня журы, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Наталля Стрыжонак. – Прыемна было бачыць на сцэне не толькі нашых настаўнікаў, выхавацеляў, але і іншых работнікаў устаноў адукацыі Ушаччыны. Усе выступілі дастойна!
У выніку творчага спаборніцтва дыпломамі і памятнымі падарункамі ад арганізатара конкурсу – раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі – адзначаны: у намінацыі “Вакал” – В.Жукава, “Вакальна-інструментальная творчасць” – М.Ядрэўская, “Арыгінальны жанр” – Т.Сандзюк, “Харэаграфія” – раённы цэнтр дзяцей і моладзі, узнагароджаны таксама адзіны вакаліст з ліку мужчынскай паловы С.Майсяёнак. Спецыяльны прыз ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама атрымалі прадстаўнікі Глыбачанскай школы. Яшчэ дзве ўзнагароды, якія зацвердзіла раённае аб’яднанне прафсаюзаў за лепшы аўтарскі твор і лепшае выкананне твораў беларускіх паэтаў і кампазітараў, атрымалі А.Банеўская і Г.Пашкова.
…Конкурс завяршыўся, канікулы, уласна кажучы, таксама. Ужо ў панядзелак настаўнікі вернуцца да звыклых спраў, але ў душы кожнага яшчэ доўга будуць цепліцца прыемныя ўспаміны аб такім цудоўным вясеннім дні.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.