В этом году на Ушаччине будет активно вестись борьба с борщевиком

Экология

Вясна ўступае ў свае правы, а значыць не за гарамі і час, калі пусціцца ў рост баршчэўнік Сасноўскага. Як мы памятаем, у мінулым сезоне на Ушаччыне змагаліся з раслінай як ніколі актыўна, не менш буйныя планы на гэты конт і сёлета. Як паведаміў нам начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя М.А.Шук, ужо складзены план мерапрыемстваў па абмежаванні распаўсюджання баршчэўніку і каляндарны графік яго выканання.
Трэба сказаць, што ў параўнанні з мінулым годам памер занятых раслінай плошчаў павялічыўся на 260 гектараў, па выніках абследавання тэрыторыі раёна з выкарыстаннем квадракоптара выяўлена 460 новых месцаў яе росту. Усяго ж забруджанымі зараз лічацца 1260 га. На знішчэнне захопніка зямель сёлета выдзелена з бюджэту 226 тысяч рублёў. Плануецца, што за гэты сродкі будзе апрацавана хімічным спосабам 505 гектараў: 405 – на землях сельгаспрадпрыемстваў, 80 – у населеных пунктах і 20 – у наваколлі возера Крывое, дзе, як вядома, знаходзіцца заказнік рэспубліканскага значэння. Праведзены тэндар, па выніках якога генпадрадчыкам выканання асноўных работ стане Віцебскае абласное ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, апрацоўку тэрыторый будзе весці райаддзел МНС і Ушацкае ПМС. Як звычайна знішчаць расліну на сваіх тэрыторыях будуць дарожнікі і энергетыкі, каля 90 гектараў за свой кошт мяркуе апрацаваць хімічным спосабам Ушацкі лясгас. Плануецца, што гербіцыдамі сёлета апрацуюць забруджаныя ўчасткі на тэрыторыі ўсіх сельсаветаў, але найперш, канечне, пад увагу трапяць самыя праблемныя, бо зразумела, што ахапіць адразу ўсе плошчы немагчыма. Як звычайна, будуць весціся работы механічным і камбінаваным спосабам – у планах на год значацца адпаведна 618 і 50 гектараў.
У красавіку раённыя эколагі выдадуць суб’ектам гаспадарання прадпісанні па знішчэнні баршчэўніку і будуць весці кантроль за своечасовым прыняццем мер па іх выкананні. Гаспадарам прыватных участкаў таксама не варта забываць, што заканадаўства абавязвае іх не дапускаць забруджвання зямлі шкодным пустазеллем.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *