– Возьмем, напрыклад, нарыхтоўку чарніц, – расказваў Ігар Віктаравіч. – Калі мы прымаем, а затым здаём іх па афіцыйных каналах, то гэта нашы валютныя паступленні. А ўдалося сёлета нарыхтаваць ягад толькі дзевяць тон супраць 35 летась. Прычына простая. Паблізу ягадных мясцін з’явілася больш афіцыйных і неафіцыйных нарыхтоўшчыкаў, даходзіла нават да таго, што прывозілі свой “дэсант”, высаджвалі людзей і вечарам увозілі разам з сабранымі ягадамі. А цана за кілаграм у іх падымалася да 9,5 тысячы рублёў. Звязана гэта з тым, што на чарніцы сёлета попыт неабмежаваны ў расійскіх мегаполісах – спякота. Прыбытак па схеме: лес – машына – Расія быў гарантаваны. Асабліва для падпольных нарыхтоўшчыкаў.
– Пэўна, гэта датычыцца і іншай прадукцыі лесу?
– Так. Возьмем тыя ж лісічкі. Калі мы спраўна плацім усе падаткі, працуем у адпаведнасці з законам, то прымалі па 6200 рублёў за кілаграм, а ў “чорных нарыхтоўшчыкаў” даходзіла да 12 тысяч. Зноў жа тая схема: з лесу на прамую туды, дзе ім больш заплацяць і ніякіх выдаткаў, акрамя транспартных. Прыбытак – у кішэню.
Цяпер, з 21 жніўня, толькі пачаўся афіцыйны сезон збору брусніцы. Па звестках нашых нарыхтоўшчыкаў, ягад у лесе практычна не засталося – ці ўжо вынеслі, ці з-за спёкі яны абсыпаліся. А, перакананы, здаваць іх будуць.
Ёсць законы, правілы, а кантролю за іх выкананнем няма. У выніку церпіць лес, бюджэт раёна і мы, афіцыйныя нарыхтоўшчыкі.
– Ігар Віктаравіч, цяпер не будзем аб сумным. Працягваецца сезон закупу прадукцыі, якая вырашчана сваімі рукамі, што робіцца ў гэтым напрамку?
– Актыўна пайшла нарыхтоўка яблыкаў, ужо закупілі 450 тон супраць 350 за ўвесь жнівень мінулага года. Наогул, у нас працуюць пастаянныя прыёмна-нарыхтоўчыя пункты ў Малых Дольцах, Кублічах і Селішчы, у райцэнтры. Акрамя таго прымаюць прадукцыю вясковыя магазіны, дзе ёсць складскія памяшканні. У сярэднім за месяц у сезон нарыхтоўваем і прадаём да 4-5 тон агуркоў, двух – цыбулі, столькі ж – памідораў. Цяпер можам па дзяржаўных закупачных цэнах прымаць ад насельніцтва пшаніцу, ячмень, трыцікале.
Па заяўках з вёсак туды выязджаюць два нарыхтоўшчыкі на транспарце з абменнай тарай. Адразу дам нумары тэлефонаў, па якіх можна звярнуцца да нас: 2-18-52 – таваразнаўцы, 2-19-99 – эканамісты і мой – 2-17-35.
Сёлета ўпершыню заключылі чатыры дагаворы на вырошчванне і пастаўку прадукцыі з жыхарамі раёна. Згодна з умовамі дагавору мы можам даваць ім усё неабходнае для вырошчвання пры ўмове, што вырашчанае паступіць нам. Праўда, бачым – растлумачальную і інфармацыйную работу ў гэтым напрамку трэба і будзем весці больш актыўна. Наогул жа, па дагаворах з намі працуюць жыхары Глыбоцкага, Сенненскага і іншых раёнаў, дзе зразумелі, што значыць наша дапамога, гарантаваны рынак збыту.
– Ці зможаце аказваць якую іншую дапамогу?
– Да будучай вясны набудзем міні-трактар для дапамогі ў апрацоўцы прысядзібных участкаў. Сёлета прадалі 2,5 тоны насеннай бульбы высокай рэпрадукцыі, на будучы год працягнем гэтую практыку з тымі, хто заключыць дагаворы, авансуем пасадачным матэрыялам і неабходнымі мінеральнымі ўгнаеннямі.
Аднаўляем практыку кантрактацыі жывёлы ў насельніцтва.
Калі гаварыць аб рабоце каапнарыхтпрама наогул, то трэба адзначыць, што другі год працуем рэнтабельна, з прыбыткам. Будзем развівацца, напрыклад, вядзём рамонт агароднінасховішча, што дазволіць больш якасна захоўваць прадукцыю ў міжсезонны перыяд, ёсць іншыя планы, якія павінны прыносіць прыбытак і нам, і здатчыкам прадукцыі.
Гутарыў Р.КАРПАЎ