“Хто каго прываражыў?” – пытаюся ў Ганны Іванаўны і Івана Макаравіча Карабанёў і прашу адказаць паасобку.
– Ён у голас мой закахаўся. Я ж на мандаліне іграла першым, а спявала другім голасам. У мяне альт, і слых выключны. Яшчэ ў Лепельскім педвучылішчы на конкурсах мастацкай самадзейнасці да “рэспублікі” з сяброўкай даходзілі.
– Не, я яе яшчэ раней прыгледзеў: на пабыўку з арміі прыйшоў, а яна ў Лежнінскую школу (так называлася вёска, якая разам з маімі Бабінцамі зараз лічыцца Ільюшынам) міма нашых вакон хадзіла. Распытаў у сябра, а на вяселлі, дзе напэўна, уся моладзь гуляла, запрасіў на танец.
Водпуск закончыўся хутка і Іван зноў накіраваўся на Далёкі Усход. А Ганна нечакана пазнаёмілася з будучай раднёй. Падчас выбараў настаўнікі хадзілі па хатах агітатарамі. Завітала ў чарговую, запыталася, як завуць гаспадароў. “Хутка нявесткай будзе, а не ведае, як клічуць”, – родныя Івана Макаравіча паспелі пераканацца ў сур’ёзных намерах сына. Ён, які сам прасіўся ў армію, хоць меў ільготу па доглядзе за немаладымі бацькамі, захацеў скарыстацца ёй. І хутка вярнуўся, не даслужыўшы год, а настаўніца пачатковых класаў перайшла жыць да мужа. Распісаліся лічы праз год, калі сакратар сельвыканкама адмаўляўся запісваць першынца Лідзію на бацькоўскае прозвішча.
Іван Макаравіч хоць і не мае сына, лічыць сябе абсалютна шчаслівым, называючы траіх дачушак шчымліва, ласкава. Асабліва Танюшку, якой ужо няма ў жывых. Гэта самы цяжкі ўдар, што яны перанеслі. А ім і шкадаваць сябе не было часу, боль адцягвалі паўсядзённыя клопаты пра малога ўнука. “Памятаю, першай сышла з поезда ў Зябках, каб яго з прыступак зняць, а ён аж калоціцца, так баяўся, што аднаго пакінуць”. Вырасцілі, зараз Дзмітрыю, самаму малодшаму з чатырох унукаў, ужо 21. Дачакаліся і чацвёра праўнукаў. А на пытанне, што трэба рабіць, каб разам пражыць 60 гадоў, адказалі ўжо аднолькава: “Паважаць, шкадаваць і не баяцца працаваць. Шмат”.
Хаця, напэўна, менавіта 60 год, пражытых побач, і робяць пачуцці адзін да аднаго больш пяшчотнымі і глыбокімі нават за каханне. “Залатым” стаў, бачыць кожны мой крок, падвозіць, дапамагае ва ўсім. Напэўна хвалюецца, што кашу няма будзе каму зварыць, – жартуе Ганна Іванаўна. – Неяк хварэла, дык ён на адной каве з пельменямі сядзеў. А зараз і дранікі смажыць, я толькі цеста зраблю, і нават бульбу сабе аднойчы прыгатаваў”.
– Я б гаспадарку і зараз трымаў. І бялізну мыю, – узмацняе свой удзел у хатніх справах Іван Макаравіч, а жонка дадае: “Не ты, а машынка. Гэта не параўнаць, калі я і дзіцячае, і тваю працоўную вопратку рукамі на пральнай дошцы адмывала”.
Так, асноўныя клопаты пра быт былі на ёй. Жылі ж спачатку ў Ільюшыне. Дачок-пагодніц пакінуць няма з кім, а дэкрэтны адпачынак усяго 2 месяцы. Таму старэйшая магла катацца з бацькам-вадзіцелем у кабіне, ці абедзвюх “падкідвалі” яе бацькам у Ліпавец. Мабыць так і засталіся б жыць у Ільюшыне, калі б не пажар – калі ў 1966 годзе засталіся на папялішчы, ім далі палову цаглянага дома ў Градзянцы, што будаваўся для работнікаў “Райсельгастэхнікі”. Дарэчы, аднаўляць пасля вогненнай навалы давялося і яго. Паказваючы на новенькую падвесную столь, перагародку, што сваімі рукамі зрабіў унук Сямён, Ганна Іванаўна гаворыць, што перажыць давялося тры буйныя пажары, не гаворачы аб дробных: машыны ў гаражы, стогу сена ля лазні.
І ўвесь час многа працавалі. Вунь на здымку Ганна Іванаўна на рынку са слоікамі малака. Гэта ўжо на пенсіі. А калі працавала, бегала ў абед падаіць карову, а потым назад, паколькі быў час, калі заняткі ва Ушацкай школе ішлі ў дзве змены. Нават пяць гадоў таму, калі ўжо было пад 80, яшчэ заставаліся карова і дзве цялушкі, парсюкі, індыкі. Зараз толькі куры.
У сям’і многа здымкаў. Іван Макаравіч на кране, за рамонтам ЗІЛа і “Калхіды”, якую гнаў ажно з Кутаісі. З паездак дэлегацый аграрыяў раёна ў Маскву. Шмат падарожнічалі яны на машыне і сям’ёй: Талін, Ваўкавыск – пераважна па мясцінах, дзе жыве шматлікая радня. Іван Макаравіч заўзяты вадзіцель, памяняў ужо тры аўтамабілі, першым з якіх быў “Запарожац”.
Здымкі з хору народнага клуба “Ветэран” для Ганны Іванаўны асабліва памятныя, правяла ў ім чвэрць веку. Спявае ж наогул усё жыццё, доўгі час каля рук заставалася мандаліна. Ну а ў хор ветэранаў пайшла ў першы год, як выйшла на пенсію. Вольнага часу ніколі не хапала, аднак менавіта там на хвіліну забывалася пра незагоеную рану, на людзях усё прасцей. Вельмі часта брала з сабой на выступленні Івана Макаравіча, які ганарыцца сваёй салісткай.
І, канечне, мы разглядаем самы вялікі, школьны архіў. Вось яе першы выпуск з Таццянай Клопавай, Наталляй Шарыпенкай, апошні – з Алёнай Зыранавай, і самы вялікі з 41 вучнем, які сёлета святкаваў 35-годдзе заканчэння Ушацкай школы. Яна і сама вучылася ў ёй, у адной паралелі з Генадзем Гарбукам, і яшчэ тады ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці.
Сакавік – самы багаты месяц для Карабанёў на сямейныя даты, на жаль, не толькі радасныя. Нядаўна быў дзень нараджэння і Ганны Іванаўны. Клапатлівы муж доўга выбіраў карысны падарунак: прыгожая падушка дапамагае зараз спрытней уладкавацца на канапе. А гаспадыня смяецца, што падарыла мужу адразу на ўсе астатнія дні нараджэння, бо зусім нятанным быў падарунак: у ліпені – унты. Наогул з пачуццём гумару ў гэтай пары ўсё ў парадку, хоць і кажа гаспадыня, што яна сур’зная, а падколкі, гэта па частцы Івана Макаравіча.
На брыльянтавае вяселле сабралася амаль уся іх вялікая сям’я. А самы дарагі падарунак для юбіляраў – каб усё добра складвалася ў кожнага з іх.
Вольга Караленка.