Выпадкова сустрэліся падчас святкавання Іллі ў Стайскім бары некалькі чалавек з былой вёскі Пранікі, у якой некалі было ўсяго 17 хат. Пад кожным дахам – свае радасці і смутак, надзеі і расчараванні…
Сустрэча вельмі ўзрадавала нас! Мы ўспаміналі складанае дзяцінства, вясёлае юнацтва. Прыгадалі, як у школе сядзелі за доўгімі драўлянымі сталамі, як сумесна рыхтавалі дамашнія заданні, бо на вёску быў адзіны буквар. Успомнілася і тое, што дасыта ніколі не елі, апраналіся вельмі проста. А калі выдавалася магчымасць адпачыць, сабрацца і правесці час сярод сяброў і знаёмых, танцавалі пад святло вяндляркі.
Чым глыбей глядзім у калодзеж памяці, тым больш упэўніваемся ў тым, што жыццё пражылі не дарма. Вырасцілі сваіх дзяцей і зараз дапамагаем ім расціць нашых унукаў. Радуемся, калі наведваюць нас блізкія людзі. Душой і сэрцам любім сваю вёсачку.
Сёстры Ганна і Тамара Пугач успомнілі свой маленькі ўтульны домік над ракой. Да чаго ж было шумна, весела і цёпла ў ім! Хацелася жыць, любіць, танцаваць!.. Зараз Ганна жыве ў Віцебску, а Тамара – у вёсцы Лагі, за што ўдзячна лёсу, бо прырода там маляўнічая.
Вольга Пугач прыгадала сваю шматдзетную сям’ю, у якой выхоўвалася 6 дзяцей. Зараз жанчына жыве ў Мінску. Яна ўпэўнена, што нельга параўноўваць жыццё ў горадзе і ў вёсцы: у апошнім выпадку ёсць магчымасць з задавальненнем саджаць кветкі, ягадныя кусты, адным словам, “капацца” ў зямлі. І зараз, праз колькі гадоў, часта сніцца Вользе родная вёска, луг, возера і палявыя кветачкі.
Вользе Цвяцінскай ўспомнілася ліпа каля яе хаты, на якой гнездаваліся буслы. Тут яна сустракалася са сваім будучым мужам. Жылі ціха, спакойна, весела.
Таіса Нічапурэнка ўзгадала пра сваю хату на беразе возера: як з асалодай бегалі купацца, загараць, як паласкалі бялізну, ірвалі белыя гарлачыкі. Так склаўся лёс, што паехала з вёскі 50 гадоў таму. Цяжка было пакінуць родны куточак, сяброў. Зараз жанчына жыве ў Кіеве. Амаль кожны год прыязджае ва Ушачы да сястры, захапляецца мясцовымі краявідамі.
Рэгіна Клопава таксама часта ўспамінае сваю хату і яблыньку пад акном, якая заўсёды была шчодраю на яблыкі. Яна выхавала траіх дзетак. Зараз яны стварылі свае сем’і – Рэгіна радуецца за іх, ганарыцца ўнукамі.
Успаміны цяклі ракой, кожны расказваў пра сябе, сваіх блізкіх, каго ў гэты момант не было побач. На наступны дзень, 3 жніўня, прыехалі да мяне ў вёску Казімірова. І ўсё пачалося па-новаму. Я прапанавала паглядзець мой фотаальбом, дзе было шмат нашых агульных знаёмых. Гэта было незвычайна! А 4 жніўня наведалі могілкі ў вёсцы Гута, каб аддаць даніну памяці родным і блізкім.
Прыемна было сустрэць сваіх сябровак, пачуць галасы, знаёмыя з дзяцінства. Як цудоўна, што мы не забыліся на свае родныя мясціны, што сустракаем людзей, з якімі прайшло наша дзяцінства і юнацтва!
Напрыканцы свайго аповеду хачу прыгадаць словы Я.Коласа, якія яскрава выражаюць той настрой, які кожны з нас, удзельнікаў сустрэчы, здолеў пранесці праз усё жыццё:
Мой родны кут, як ты мне мілы!
Забыць цябе не маю сілы…
С.ВАСІЛЕЎСКАЯ,