Гэтых хлопцаў, напэўна, ужо ведаюць усе. Але як прыемна ў чарговы раз гаварыць аб тым, што сёлетнія героі жніва, абсалютны лідэр на працягу ўсёй уборачнай кампаніі экіпаж у складзе Канстанціна Казакевіча і Сяргея Андрэйчыка, прадстаўляе моладзь. Не памылілася кіраўніцтва “Райаграсервіса”, калі даверыла ў гэтым годзе маладым, старанным і працавітым новы камбайн КЗС-1218. За час жніва маладзёжны экіпаж не саступіў першых пазіцый і ні разу не апусціўся на другі радок Дошкі гонару. Намнога абышлі камбайнераў з вялікім вопытам і стажам. А таму зусім не здзівіліся хлопцы, калі да іх з віншаваннямі завіталі госці.
Штогод аддзел райвыканкама па справах моладзі сумесна з райкамам БРСМ праводзяць спаборніцтва сярод маладзёжных экіпажаў камбайнераў і вадзіцеляў на адвозцы зерня. Па ўмовах спаборніцтва пераможцам становіцца той экіпаж, які першым намалоціць 500 тон зерня, і вадзіцель, які першым перавязе столькі ж тон зерня. Экіпаж Канстанціна Казакевіча і Сяргея Андрэйчыка якраз і стаў пераможцам у першай намінацыі. Начальнік аддзела райвыканкама па справах моладзі Н.І.Гардзіёнак і першы сакратар райкама БРСМ А.Шалак уручылі пераможцам граматы і грашовыя прэміі ў памеры трох базавых велічынь. Паколькі жніво ў гэтым годзе завяршылася намнога раней, то і віншаванне пераможцаў адбылося, калі “Райаграсервіс” завяршыў уборку зерневых.
Усяго ж сёлета на палі выйшлі чатыры маладзёжныя экіпажы камбайнераў, а на адвозцы зерня былі задзейнічаны чатыры маладыя вадзіцелі. На жаль, ніхто з вадзіцеляў не выканаў умовы спаборніцтва, а таму падарунак у гэтай намінацыі не ўручаўся.
На здымку: С.Андрэйчык, К.Казакевіч.