Жительница агрогородка Ильюшино Екатерина Бука награждена орденом Матери

Всё начинается с семьи

На гэтым тыдні ў дом Кацярыны і Юрыя Бука з аграгарадка Ільюшына прыйшла вельмі прыемная навіна: Кацярына Віктараўна ўдастоена высокай узнагароды – ордэна Маці. Трэба сказаць, падзея гэтая знакавая і для раёна, на тэрыторыі якога ўзнагарода не ўручалася на працягу апошніх 9 гадоў, радасная і для калектыву ААТ “Ільюшынскі”, дзе мама працуе загадчыкам склада, а тата з’яўляецца перадавым механізатарам.
“Як ім усім рады даць, калі збяруцца разам?” – па-добраму здзіўляліся ільюшынцы і шчыра віншавалі сваіх калег. Да падобных “спачуванняў” Каця заўсёды адносіцца з усмешкай, адзначаючы, што мацярынскія абавязкі прыносяць ёй толькі радасць. У свае 31 год яна ўжо маці пяцярых цудоўных дзетак! У той час як многія яе аднагодкі толькі рашаюцца на першае ці другое дзіця, або наогул аддаюць перавагу кар’еры.

Памятаю, як пяць год таму падчас сустрэчы з сям’ёй Бука маладыя людзі адзначалі, што ў іх ёсць па два памочнікі, але яны зусім не супраць, каб у іх было менавіта сем Я. І іх планы ажыццявіліся, бусел прыляцеў да Букаў і ў пяты раз. Цяпер у мамы растуць тры дачушкі-памочніцы. Малодшай Карыне хутка споўніцца тры гады, і ёй па праве дастаецца больш увагі, але стараецца мама не абдзяліць пяшчотай і клопатам і астатніх дзетак. Старэйшы Максім ужо вучыцца ў сёмым класе, паслухмянымі і стараннымі растуць пяцікласніца Аня і трэцякласніца Паліна, непаседлівы ж Мікітка сёлета толькі збіраецца ўпершыню сесці за школьную парту, а пакуль з задавальненнем наведвае ільюшынскі дзіцячы садок. У кожнага свой характар і звычкі, але вопытная мама ведае, як вырашыць спрэчку, чым заняць і як узняць настрой.
Незлічоная колькасць разоў ва ўтульным доме на вуліцы Садовай аграгарадка за дзень гучыць слова “мама”, і яна ўвесь час завіхаецца каля сваіх дзяцей. Трэба паспець сабраць іх у школу і садок, увечары дапамагчы зрабіць ці праверыць урокі, і ежу прыгатаваць на вялікую сям’ю, і бялізну вымыць, і прыбрацца, і папрацаваць на ўчастку каля дома, і дагледзець падсобную гаспадарку. “Зараз мы ўсе разам ужо рыхтуемся да новага пасяўнога сезона, садзім расаду памідораў, перцаў, кветак. Падабаецца жыць у сельскай мясцовасці, нават калі б была магчымасць паехаць на пастаяннае месца жыхарства ў горад – гэта не для нас! Зрэшты, многае мы любім рабіць дружнай камандай, напрыклад, любімую і традыцыйную нашу страву – клёцкі!” – расказвае Кацярына.
Усе члены сям’і, акрамя маленькай Карыны, прыйшлі разам з любімай мамай і на ўрачыстае ўзнагароджанне. “Даведалася толькі напярэдадні, шчыра кажучы, не чакала і вельмі хвалявалася, таму падтрымка маіх самых родных была вельмі дарэчы. Гэта для мяне надзвычай пачэсна!” – прызналася Каця.
– Мнагадзетная мама заўсёды выклікае асаблівую павагу і захапленне, бо асноўны цяжар па нараджэнні і выхаванні дзетак, бясспрэчна, кладзецца на яе плечы, але добрыя словы і віншаванні, канечне, адрасуем і тату. Здароўя і дабрабыту вашай прыгожай сям’і. Калі магчыма – не спыняйцеся на дасягнутым!” – адзначаў падчас уручэння ордэна старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка.
Пасведчанне і Указ Прэзідэнта “Аб узнагароджанні за нараджэнне і выхаванне пяцярых дзяцей” маладыя людзі будуць беражліва захоўваць у сямейным альбоме.
“Быць мамай – прызванне кожнай жанчыны. Гэта цяжкая праца 24 гадзіны ў суткі без водпускаў і выхадных. Самае галоўнае – каб дзеці былі здаровымі. Нішто не параўнаецца з адчуваннем, якое ўзнікае ў той момант, калі цябе абдымаюць адразу пяць пар дзіцячых рук, тады ў адзін момант адступаюць стомленасць і недамаганні”, – зазначае Кацярына. Мама ўпэўнена, што быць шчаслівай без сям’і і дзяцей проста немагчыма.
Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *