Вести из сельсоветов Ушаччины

Саветы і жыццё

З аўкцыёну набыў… бацькаўшчыну

Першы сёлета аўкцыён па продажы зямельных участкаў адбыўся ўчора ў Вялікадолецкім сельсавеце ў адной з самых запатрабаваных вёсак – Замошшы. У гэтым маляўнічым кутку пабудавалі жыллё многія дачнікі, нават не звязаныя каранямі з Ушаччынай. Аднак на гэты раз на вуліцы Цэнтральнай мінчанін амаль за пяць тысяч рублёў набыў участак, дзе раней знаходзілася сядзіба яго продкаў.

І печ агледзелі, і ціск змерылі

Паколькі ў склад наглядальнай камісіі Жарскага сельсавета ўваходзіць і фельчар Л.П.Маісеева, то падчас падворных абходаў яе члены цікавяцца станам не толькі пабудоў, але і гаспадароў. Таму, напрыклад, калі ў членаў камісіі не ўзнікла прэтэнзій да праводкі і печаў уладальнікаў дамоў у Качанах, то апошнія задалі шмат пытанняў медыку. Ларыса Паўлаўна кожнаму з 12 непрацаздольных жыхароў вёскі змерыла ціск, расказала аб правілах прыёму лекаў, якія яны змаглі набыць прама на доме.

Замест палігонаў – кантэйнеры

З-за ліквідацыі сельскіх міні-палігонаў цвёрдых бытавых адходаў камунальнікі і работнікі сельвыканкамаў працягваюць работу па заключэнні дагавораў вяскоўцаў з УП ЖКГ Ушацкага раёна на кантэйнернае абслугоўванне. Яшчэ адной вёскай, куды будзе заязджаць машына камунгаса, сталі Рыбакі. Пастаянны памочнік старэйшыны Віктар Мялешка дапамог прывезці набыты за сродкі самаабкладання кантэйнер, а ўстаноўлены ён пры ўездзе ў вёску, што зручна і для тых, хто наведваецца для ўборкі могілак.

Домікі ў Замошшы-2

З пачатку года ва Ушацкім сельсавеце ўжо зарэгістраваны ўвод у эксплуатацыю 350 квадратных метраў жылля. Новыя прывабныя асабнякі з’явіліся ў канцы вуліцы Цэнтральнай вёскі Замошша-2, вельмі актыўна заселенай дачнікамі. І тры дамы, якія працяглы час заставаліся даўгабудамі, таксама належаць мінчанам. Усе яны побач з возерам, узведзены па адным праекце і суседнічаюць, бо ствараліся як база адпачынку адной з беларускіх кампаній.

З райцэнтра – у Старынку

Вельмі радавалася старшыня Жарскага сельвыканкама С.Ц.Міхейка, калі рэгістравалі на сваёй тэрыторыі новую маладую сям’ю. Дзмітрый Уладзіміравіч і Алёна Уладзіміраўна Літвін з Ушач пераехалі нават не ў аграгарадок Ільюшына, а ў Старынку, дзе летась у іх нарадзілася другое дзіця. А спадабалася гэтая вёска тым, што ёсць дзе займацца падсобнай гаспадаркай – на іх падворку ўжо водзяцца куры і свінні.

Каб не зарастаць баршчэўнікам

Якімі толькі метадамі не карыстаюцца жыхары раёна, каб не пусціць на сваю тэрыторыю баршчэўнік Сасноўскага – і травяць, і выкарчоўваюць, і пераворваюць. А вось Марына Мікалаеўна Шылава з вёскі Гарадок Вяркудскага сельсавета для гэтага… павялічыла плошчу сваіх зямель – набыла побач з домам яшчэ адзін участак, на якім знішчае баршчэўнік і не дае яму набліжацца да сядзібы.

Сумнае лідарства

Найбольшая колькасць пустуючых і трухлявых дамоў па Кубліцкім сельсавеце ў Судзілавічах і Воцькавічах – у 20 і 16 хат адпаведна ніхто не наведваўся больш трох гадоў. Нават калі і ёсць спадчыннікі па законе, іх не цікавяць домікі ў вёсках, далёкіх ад цэнтральных дарог і без вадаёма. Усяго ж на тэрыторыі сельсавета налічваецца 130 нікому не патрэбных сядзіб.

Сарочынскі – рэкардсмен

Самым вялікім па плошчы, колькасці вёсак і насельніцтва па-ранейшаму з’яўляецца Сарочынскі сельсавет, дзе ў 61 населеным пункце зарэгістравана 1852 жыхары. На яго тэрыторыі знаходзіцца і буйнейшы аграгарадок раёна – Арэхаўна, дзе пражывае 616 чалавек. У Вялікадолецкім сельсавеце значыцца 35 населеных пунктаў і 1154 жыхары, Ушацкім – 30 і 1612, Кубліцкім – 38 і 793, Вяркудскім – 37 і 840, Жарскім – 26 і 1229, Глыбачанскім – 27 і 720, з іх 583 чалавекі зарэгістравана ў Глыбачцы.

Падрыхтавала Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *