На мінулым тыдні адбылося пасяджэнне савета раённага аб’яднання прафсаюзаў, на якім былі падведзены вынікі работы за 2018 год, вызначаны планы на сёлетні, узнагароджаны пераможцы конкурсу на лепшую пярвічную арганізацыю, а таксама лепшы прафсаюзны інфармацыйны стэнд. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч, загадчык аддзела сацыяльнага партнёрства і працоўных адносін Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Уладзімір Іванавіч Аспанаў, кіраўнікі раённых грамадскіх аб’яднанняў і, зразумела, лідары пярвічак і галіновых прафсаюзаў.
І наймальнікам патрэбна дапамога
– Задавальненне адчуваеш, калі сумеў рэальна дапамагчы, – аналізуе паўгадавы перыяд сваёй работы старшыня раённага аб’яднання Марыя Аляксееўна Шаўчэнка. – І гэта адбываецца не толькі тады, калі прыходзяць ці тэлефануюць людзі. Сёлета да мяне напрамую звярнулася чатыры чалавекі і іх пытанні вырашаны станоўча. Дзякуючы садзейнічанню камісіі па санаторна-курортным лячэнні дваім прапанаваны пуцёўкі на аздараўленне: адзін чалавек ужо скарыстаўся “гарачай”, другі паедзе праз некалькі месяцаў. Разам з абкамам прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу, да якога адносіцца пярвічка прадпрыемства меліярацыйных сістэм, дапамаглі знізіць аплату пенсіянерцы, якая пражывае ў галіновым інтэрнаце. Падобныя пытанні няпростыя, спачатку вывучылі заканадаўства, звярнуліся да дырэктара прадпрыемства В.С.Спірчонка і знайшлі прымальны варыянт.
Нехарактэрна, калі ў прафсаюз за дапамогай звяртаецца наймальнік. Аднак быў летась і такі выпадак. Новы кіраўнік “Агра-Селішча” А.Ю.Анецька сам ініцыіраваў, каб работнікі калектыву атрымалі навагоднія падарункі, цікавіўся, як гэта зрабіць правільна. І вельмі прыемна, што селішчанцы мелі нагоду лішні раз парадавацца.
Пераканалася, што пытанні існуюць і ў прафоргаў, і ў работнікаў, і нават у адміністрацыі. І прыведзеныя вышэй прыклады сведчаць, што рашыць сумесна можна вельмі многае, не трэба толькі баяцца праблем, замоўчваць іх.
А яшчэ ў мяне перад вачыма камбайнеры нашых сельгаспрадпрыемстваў у разгар жніва. Першы раз – у шлёпанцах, якія слізгаюць і лёгка злятаюць з нагі. Другі – ужо ў басаножках, са сродкамі барацьбы з агнём на тэхніцы. Мабыць і злаваліся хлопцы першы раз, маўляў, чапляемся “да дробязяў”, але я рада, што наш сумесны са спецыялістамі па ахове працы рэйд дапамог пазбегнуць траўматызму.
Выбары і прысяга прафсаюзнага лідара
М.А.Шаўчэнка звярнула ўвагу на тыя перамены, якія чакаюць грамадскае аб’яднанне сёлета. Па-першае, гэта справаздачна-выбарная кампанія. Марыя Аляксееўна назвала прыкладныя тэрміны, калі адбудуцца канферэнцыі ў галіновых прафсаюзах, і падкрэсліла, што да гэтага часу пабывае на перавыбарных сходах у пярвічках. Усім новаабраным лідарам у лістападзе давядзецца абіраць старшыню раённага аб’яднання прафсаюзаў – з 2019 года гэтая пасада становіцца выбарнай. Каму адстойваць інтарэсы працоўных – вырашаць менавіта ім.
Паралельна з гэтай істотнай пераменай Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ініцыіравала і шэраг іміджавых. Цяпер у аб’яднання з’явілася свая прысяга, якую, як клятву Гіпакрата, будзе прымаць перад калектывам лідар прадпрыемства.
А яшчэ сёлета прафсаюзы правядуць шмат мерапрыемстваў, прысвечаных 75-й гадавіне вызвалення Беларусі і 115-й – утварэння прафсаюзнага руху.
Чый дагавор працуе?
Паглядаючы адзін на аднаго, уважліва слухалі прысутныя выступленне старшыні прафсаюзнай пярвічкі лясгаса В.В.Шах. Хоць і сказала Валянціна Віктараўна, што не рыхтавалася грунтоўна, але хвілін дваццаць пералічала льготы, якімі карыстаюцца лесаводы. Толькі летась на аказанне матэрыяльнай дапамогі, удзешаўленне пуцёвак, шанаванне юбіляраў і іншыя заахвочванні зрасходавана 172 тысячы рублёў. Не толькі прафсаюзныя грошы, іх не хапіла б, а яшчэ і сродкі з прыбытку прадпрыемства ідуць на стымуляванне сваіх работнікаў. І ведала ўсё гэта без паперы галоўны эканаміст прадпрыемства таму, што прапісаныя ў калектыўным дагаворы палажэнні сапраўды працуюць. “Запрашаем 11 сакавіка рэдакцыю разам з намі на шанаванне Заслужанага лесавода Беларусі Алега Мікалаевіча Рахманенкі. Мы ўсіх ветэранаў вытворчасці віншуем з круглымі датамі, ну а для такіх, асабліва заслужаных – у нас іх два – прадугледжаны дадатковыя штомесячныя выплаты,” – яе зварот у канцы пасяджэння быў толькі пацвярджэннем сказанаму.
Пярвічка лясгаса заняла трэцяе месца ў раённым аглядзе-конкурсе, хаця магла б быць і ў лідарах. Прафсаюзная арганізацыя аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі (старшыня В.У.Літвін, якую зараз замяніла І.В.Байрамава), а таксама бальніцы (М.Г.Харэвіч), якія аказаліся адпаведна на другім і першым, апярэдзілі таму, што быў рывок адносна папярэдняга года і ўзорна вядзецца дакументацыя.
Таксама дыпломамі і кветкамі былі ўзнагароджаны старшыні пярвічак, якія маюць лепшыя інфармацыйныя стэнды. Трэцяя месца атрымаў Д.В.Іваненка з ПМК-66, другое – Т.М.Васілеўская з ясляў-сада №2, а першае зноў В.У.Літвін.
За працяглыя кантракты
Якія задачы акрэсліла для сябе аб’яднанне прафсаюзаў на наступны год. Канечне, стаяць на варце інтарэсаў працоўных: у выплаце зарплат, ахове працы, больш працяглых кантрактах, павелічэнні пярвічак і колькасці іх членаў. На апошніх дзвюх тэмах акцэнтаваў увагу У.І.Аспанаў, прыгадаўшы, што за апошні год у вобласці створана 161 прафсаюзная пярвічка, з іх 111 – у недзяржаўным сектары, у 164 арганізацыях упершыню заключаны калектыўныя дагаворы, а 674 грамадзянам прафсаюзы дапамаглі вярнуць 538 тысяч рублёў – незаконна ўтрыманых або нявыплачаных. Уладзімір Іванавіч цікавіўся і колькасцю кароткатэрміновых кантрактаў, прыгадаўшы, што Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ініцыіруе заключэнне з добрасумленнымі работнікамі іх на максімальны, пяцігадовы тэрмін.
Алена Васільеўна Пашковіч звярнулася да прысутных з такімі злабадзённымі пытаннямі, як антыалкагалізацыя насельніцтва, ахова дзяцей, аказанне рэальнай дапамогі тым, хто побач.
Вольга Караленка.