Концерт, посвящённый Дню женщин, в Ушачах в очередной раз прошёл с аншлагом

Общество

Падчас выканання фінальнага нумара праграмы, прысвечанай 8 Сакавіка, гледачы апладзіравалі артыстам стоячы. “Якія малайцы! Нашы дадуць фору любым сталічным зоркам!” – абменьваліся ўражаннямі людзі, пакідаючы залу. А ўшачанка Мая Фёдараўна Крышнёва і яе сяброўкі на пытанне, ці спадабаўся канцэрт, адказалі ў адзін голас: “Гэта было дзівосна!”
Аншлаг у зале стаў ужо звыклым атрыбутам дзейства, што ладзіцца з нагоды свята жанчын, і жыхары гарпасёлка прыходзяць у цэнтр культуры загадзя, каб паспець заняць зручныя месцы. Не абмінаюць увагай гэтую падзею і вяскоўцы: сям’я Федарэнкаў, напрыклад, прыехала на канцэрт з Кублішчына. І ўжо першы нумар, падчас якога сцэну запоўнілі радасныя дзеці ў яркіх уборах, зарадзіў залу добрым настроем. Падмацавалі пазітыўную аўру і віншавальныя словы старшыні райвыканкама Уладзіміра Генадзьевіча Аўдошкі, які жартам паскардзіўся, што за 108 год, прайшоўшых з моманту заснавання Дня жанчын, яго віноўніцы паспелі “захапіць” і ўсе астатнія святы, бо пасунулі мужчын у іх спрадвечных прафесіях: паспяхова служаць у арміі, органах унутраных спраў, МНС.
Ну а на галоўнай сцэне раёна прадстаўнікі абодвух полаў знайшлі ў гэты вечар абсалютную гармонію. Юнакі-стылягі выдатна дапоўнілі танцавальны калектыў “Авантаж”, бліскуча ўвасобілі вобраз “рыжага гітарыста” ў вясёлым нумары квартэта “Рэнесанс”, хлопчыкі кружылі ў вальсе сваіх грацыёзных партнёрш, разам з галасістымі дзяўчынкамі прымушалі зал падпяваць любімыя савецкія шлягеры. Упрыгожыла праграму і жывая інструментальная музыка. Увогуле ж было бачна, што кожны нумар рыхтаваўся грунтоўна і прадумана, каб падкрэ­сліць вобразы, падбіраліся спецыяльныя касцюмы і рэквізіт, а арганізатары канцэрта – раённы цэнтр культуры і народнай творчасці і дзіцячая школа мастацтваў – удала спалучылі свае лепшыя творчыя рэсурсы. Менавіта з усіх гэтых складнікаў і атрымаўся цудоўны святочны падарунак. Калі ж нехта, прачытаўшы гэтыя радкі, замаркоціўся, што не пабываў на канцэрце – глядзіце відэа некаторых яго нумароў на нашым канале ў YouTube.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *