Меньше ли пива пьют в общественных местах?

Выясняем ситуацию Общество

23 лютага бягучага года ўступілі ў сілу змяненні ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, у прыватнасці, была ўстаноўлена забарона на распіванне піва і алкагольных напіткаў у грамадскіх месцах. У першую чаргу гэта звязана з папярэджваннем злачыннасці і развіцця алкагалізму, у тым ліку сярод моладзі. Гэтае змяненне ў адміністрацыйным заканадаўстве выклікала шырокі рэзананс: адны ўздыхнулі з аблягчэннем, бо праблема празмернага ўжывання алкаголю на вуліцах даўно мае месца, іншыя, наадварот, адмоўна адрэагавалі на навіну.

Прайшло некалькі месяцаў з дня забароны, мы вырашылі разабрацца ў сітуацыі і высветліць, што змянілася, і наколькі дысцыплінаванымі сталі жыхары нашага гарпасёлка пасля прыняцця названых змяненняў.
Распіваць спіртныя напіткі можна толькі ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах. У цёплы перыяд года людзі імкнуцца правесці час на свежым паветры, а ў сезон адпачынкаў і студэнцкіх канікул вуліцы прыкметна ажываюць. Сустрэцца з сябрамі і пагаварыць за бутэлькай піва – даволі распаўсюджаны від адпачынку, асабліва сярод моладзі, сядзець жа ў закрытым памяшканні не кожнаму хочацца. І калі людзі больш сталага ўзросту з разуменнем аднесліся да новаўвядзення, то сучасная моладзь наадварот, не стала ўжываць “на людзях” менш піва, хоць за гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць ў выглядзе штрафу да 8 базавых велічынь.
Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова прайсціся вечарам па вуліцах і самых масавых месцах адпачынку ва Ушачах. Адно з іх – пляжная тэрыторыя рэчкі. У апошні час там праведзена добраўпарадкаванне: крыху наводдаль устаноўлены альтанкі, лавачкі, каля самага берага лежакі. У адзін з вечароў многія з іх былі заняты не жадаючымі акунуцца ў ваду пасля спякотнага дня, а… кампаніямі маладых людзей, якія праводзілі тут час за бутэлькай піва. Па меры таго як на вуліцы цямнела, усё больш людзей падцягвалася да аблюбаванага месца.
Яшчэ адно такое – школьны стадыён. У апошні час моладзь часцей абірае яго тэрыторыю не для заняткаў спортам, а каб папіць у нефармальнай абстаноўцы піва. Рэдкіх спартсменаў, якія жадаюць прабегчы пару кругоў па стадыёне, яны суправаджаюць здзіўленым поглядам.
Крыху менш, але ёсць і тыя, хто не траціць час у пошуках вольнай лавачкі каля рэчкі або на стадыёне і размяшчаецца ў двары свайго дома, каля пад’езда ці таго горш – на дзіцячай пляцоўцы. І як вынік: падвыпіўшая кампанія прымушае панервавацца жыхароў дома, а раніцай пасля такога адпачынку трэба ўбіраць пакінутае смецце.
Трэба сказаць, што гэтым летам стала менш аматараў спіртных напіткаў пасядзець у гарадскім скверы, што, пэўна, абумоўлена непасрэднай блізкасцю аддзела ўнутраных спраў.
Па сутнасці, новаўвядзенні з часам павінны паспрыяць павышэнню культурнага ўзроўню моладзі, добраўпарадкаванню ў месцах адпачынку і масавага знаходжання людзей. І калі адны з’яўляюцца простымі назіральнікамі такой з’явы, то для супрацоўнікаў міліцыі работы прыбавілася. Не заўсёды прыстойна і з разуменнем вядуць сябе парушальнікі. Толькі частка з іх на заўвагі рэагуе адэкватна – збіраецца і ідзе дадому. Такім дастаткова і папярэджання, у наступны раз задумаюцца, перш чым парушаць закон. Іншыя ж заяўляюць, што прыселі на лавачку, а піва тут ужо стаяла. Або ў яўна нецвярозым стане парушаюць грамадскі парадак, але заяўляюць, што цвярозыя як шкло.
За перыяд з 23 лютага па 1 жніўня ў нашым гарпасёлку за распіванне спіртных напіткаў у грамадскіх месцах адміністрацыйную адказнасць панёс 51 чалавек, а за з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы 191. Не ўсе, на жаль, становяцца дысцыплінаванымі, выпадкі паўторнага парушэння закона маюць месца.
Святлана Анатольеўна, пенсіянерка:
– Сучасная моладзь у вялікай колькасці ўжывае піва, а таму нават страшна думаць пра іх будучае. Ідзе малады прыгожы хлопец: у адной руцэ бутэлька піва, а ў другой цыгарэта. Да чаго гэта прывядзе, не складана здагадацца. Лічу, што такія змяненні проста неабходны нашаму грамадству.
Дзмітрый, вадзіцель:
– Узнікае пытанне: а ці хапае ў нас спецыяльна адведзеных месцаў – кафэ, летніх бараў і пляцовак, дзе б магла адпачнуць моладзь? Згодны, што неабходна стрымліваць развіццё піўнога алкагалізму, але ж трэба ацэньваць сітуацыю з розных бакоў.
Таццяна, прадавец:
– Прадаваць менш піва і спіртных напіткаў мы не сталі. Аднак, магу сказаць, што ў двары майго дома стала менш жадаючых пасядзець з бутэлькай каля дзіцячай пляцоўкі. А таму толькі “за” падобныя змяненні.
Аляксей, студэнт:
– Час ад часу, калі прыязджаў дадому на выхадныя ці канікулы, збіраліся з сябрамі на вуліцы, каб пагаварыць і выпіць піва. Але не думаю, што гэтым прадстаўлялі якую-небудзь пагрозу грамадскаму парадку: не шумелі, бутэлькі не кідалі. У добрае надвор’е зусім не хочацца сядзець у спецыяльна адведзеных месцах, тым больш, што цэны там вышэй. А таму я супраць такіх новаўвядзенняў.
* * *
У кожнага сваё меркаванне і бачанне гэтай праблемы. Парушальнікі былі і будуць заўсёды. Аднак хочацца, каб распіванне піва, асабліва сярод моладзі, не ператваралася ў захапленне і тым больш залежнасць. А на тое, каб новыя правілы прыжыліся, напэўна, патрэбна больш часу.



1 комментарий по теме “Меньше ли пива пьют в общественных местах?

  1. Мысль хорошо изложена! Уже давно пора эту тему поднимать на страницах вашей газеты. Вот бы ещё с автором познакомиться…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *