Цяжкі лёс напаткаў і гэтую сялібу і яе гаспадароў – паноў Маліноўскіх, якія жылі на ўшацкай зямлі з часоў Вялікага княства Літоўскага. Пасля апошняга падзелу ў 1863-м царскі ўрад канфіскаваў вялікую маёмасць Ігнацыя і Канкордзіі Маліноўскіх, бо іх дзеці ўдзельнічалі ў паўстанні К.Каліноўскага, а самі яны былі яго прыхільнікамі. Да таго ж католікі былі пазбаўлены яшчэ і парафіяльнага касцёла ў Кублічах, які перарабілі ў царкву. А дзяцей у той час Маліноўскія мелі дванаццаць: Аляксандр, Леакадзія, Рудольф, Грасыльда-Адэля, Эдвард, Зофія, Антон, Каміла, Уладзімір, Герусь, Міхаліна і Марыя. З уладанняў застаўся ў іх толькі фальварак Чарапоўшчына з прылеглымі землямі. Дзве дочкі – Грасыльда і Зося сядзелі ў турме, а сын Уладзімір паспеў па падробленым пашпарце эмігрыраваць у Парыж, асвоіў фатаграфічнае майстэрства. Потым, праз доўгі час, змог вярнуцца бліжэй да радзімы – у Рыгу. Залажыў там даходнае і моднае на той час фотапрадпрыемства і адсылаў грошы і матэрыялы ў Чарапоўшчыну на будаўніцтва новага маёнтка, які часткова захаваўся і зараз. Кіравала справамі Грасыльда, дапамагалі браты і сёстры. Потым і сам Уладзімір вярнуўся ў Чарапоўшчыну, узяў шлюб з Аляксандрай Карпушко з-пад Празарок і меў сямёра дзяцей.
Настала вайна, рэвалюцыя. Маліноўскія мусілі з’ехаць ад бальшавікоў у Вільню на кароткі час, вярнуліся з палякамі, каб потым развітацца з Радзімай назаўсёды. Грасыльда і Уладзімір пахаваны ў Вільні сярод паўстанцаў 1863 года.
На радзіме застаўся маёнтак-сядзіба, абсаджаны ліпамі, свірны, леднік, стаўня, літоўка, кароўнік, пчальнік, саджалка з цагляным дном і дом эканома.
У час савецкай улады сядзібу перадалі пад школу-сямігодку, а ўсё астатняе адышло калгасу “Бязбожнік”, дом эканома – пад сельсавет. Побач праходзіла дзяржаўная мяжа з Польшчай, у Кублічах – камендатура і застава. Чарапоўшчына ўваходзіла ў памежную зону з асобым рэжымам, усім выдалі пашпарты з чырвонай паласой. Сяляне жылі па хутарах, а Чарапоўшчына стала цэнтрам калгаса і сельсавета. Асобы аддзел праводзіў рэйды па хутарах, вылаўлівалі “шпіёнаў” – тых, хто хадзіў за Кублічы да родных – хапалі ворагаў народу па даносах.
У 1939-м праз Чарапоўшчыну прайшлі часткі Чырвонай Арміі, далі бой на сумежнай заставе “Каменны вуз”, спалілі яе і забілі начальніка. Потым была Вялікая Айчынная вайна. Школа не працавала, у будынку спыняліся акружэнцы, а потым на нейкі час размясціліся немцы, але ім нешта не спадабалася, больш жылі па хатах. У асноўным у былым маёнтку кватаравалі “народнікі”, усё там узарвалі на дровы, папалілі разам з партамі і астатняй маёмасцю.
Пасля вайны зноў запрацавала школа – ужо васьмігодка. Вучняў з усёй акругі было шмат, розных узростаў, як і да вайны, вучылі ў дзве змены. Так яна і працавала, пакуль былі школьнікі, да сярэдзіны 70-х, потым “скарацілася” да чатырох класаў, а прыкладна ў 1980 годзе перастала існаваць.
Колькі тысяч вучняў да вайны і пасля хадзіла па гэтых калідорах, па пакручастай лесвіцы, па верандзе – па гэтай зашліфаванай майстрамі з Рыгі кафлі. I я ў тым ліку, і мае бацькі, дзядзькі, цёткі ў даваенны час. Маці ўсё жыццё працавала тут настаўніцай, бабуля – прыбіральшчыцай, прадзед Іосіф яшчэ хлопцам вывозіў з мужыкамі лес узімку на конях для панскай будоўлі, мне ўсё гэта асабліва дорага. Будынак пад прафілакторый перадалі заводу з Полацка, сталі рамантаваць, зрабілі дарогу, асфальт, але фінал вядомы… Сэрца шчыміць ад выгляду папялішча, нібы страціў нешта дарагое.
Які нешчаслівы лёс напаткаў гэты маёнтак, хаця і збудаваны моцна і адмыслова, і зараз яшчэ аснова і сцены трываюць. Па ўсім свеце дажываюць твае ўдзячныя вучні, і думаю, што недзе жывуць і нашчадкі яго гаспадароў, паноў Маліноўскіх.
Жадаючых больш дэталёва даведацца пра гісторыю нашага краю, быт і жыццё ў тыя часы на землях Чарапоўшчыны і яе ваколіц адсылаю да ўспамінаў Грасыльды Маліноўскай, выдадзеных у арыгінале:
GRASYLDA MALINOWSKA «Pamietnik kresowej nauczycielki z lat 1833-1921» Biblioteka wilenskich rozmaitosci Wydawca: Towarzystwo Mitosnikow. Wilna i Ziemi Wilenskiej Oddzial w Bydgoszczy. Red. Jan Malinowski BYDGOSZCZ 1995.
Міхал КАНДРАЦКІ.