Чипсы: употреблять или нет?

Здравоохранение

Яркая ўпакоўка, зручнасць спажывання, прыемны смак зрабілі чыпсы лідарам “харчовага” рынку. Але наколькі бяскрыўдны названы прадукт? Пра гэта расказвае галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ушацкага раёна Павел Аляксандравіч САЎЧАНКА:

Асноўным кампанентам чыпсаў з’яўляецца бульба. Агародніна, несумненна, карысная: крыніца калію і клятчаткі. Вось толькі тут ёсць шмат “але”.

У якасці асновы вытворцы часцей выкарыстоўваюць бульбяныя шматкі з даданнем рысавай, кукурузнай мукі. Паўфабрыкат высушваюць, надаюць арыгінальную форму, уводзяць харчовыя дабаўкі. Высокае ўтрыманне апошніх – галоўны недахоп прадукта.

Назваць цалкам бясшкоднымі нельга нават натуральныя, прыгатаваныя дома. У клубнях бульбы ўтрымліваецца шмат крухмалу. Пры награванні падчас смажання з яго ўтвараецца акрыламід, небяспечны канцэраген. Пры частым яго спажыванні магчыма з’яўленне злаякасных новаўтварэнняў.

У якасці сыравіны выкарыстоўваюцца таксама паўфабрыкаты, або пеллеты. Гэта прадукт з бульбянога цеста, якое пазней прасушваецца. Пры такой тэхналогіі ў разы скарачаецца час абсмажвання, як вынік – гатовы прадукт утрымлівае менш алею. Апошні, дарэчы, робіць чыпсы высокакаларыйнымі (у 100-грамовым пачку ўтрымліваецца каля 500 ккал).

Часта вытворцы ў мэтах эканоміі выкарыстоўваюць недарагі пальмавы ці какосавы алей, якія ўтрымліваюць шмат насычаных (шкодных) тлушчаў. А гэта вядзе да павелічэння колькасці халестэрыну. Таксама варта помніць пра наяўнасць у чыпсах араматызатараў, рэгулятараў кіслотнасці. У невялікіх колькасцях яны не ўяўляюць небяспекі, а пры бескантрольным спажыванні могуць выклікаць праблемы ў страваванні, алергічныя рэакцыі, паніжэнне імунітэту. Яшчэ адна праблема – вялікае ўтрыманне солі: у маленькім пачку – адна пятая частка сутачнай патрэбы.

Каб пазбегнуць праблем са здароўем, не трэба цалкам адмаўляцца ад чыпсаў – дастаткова абмежаваць іх спажыванне. Чытайце састаў прадукту на ўпакоўцы – лепш аддаць перавагу натуральным інгрэдыентам, без дабавак. Сёння на рынку існуюць і фруктовыя чыпсы, асноўная сыравіна якіх – яблыкі. Яны валодаюць бясспрэчнымі перавагамі: нізкая каларыйнасць, адсутнасць канцэрагенаў. Гэта добрая альтэрнатыва, асабліва для дзяцей.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *