Для нашчадкаў вядомай паэткі
Старына некалі была населенай вёскай з даўгой вуліцай, уздоўж якой стаялі хаты і раслі дрэвы. Нават пачатковая школа існавала. Алея захавалася, а вось дамы пераважна пустыя, побач з некалькімі жылымі ў сярэдзіне – агароджаная пляцоўка, з помнікам-напамінам аб тым, што тут стаяла хата, у якой нарадзілася Еўдакія Лось. Дарэчы, дагэтуль захаваліся падмурак і падвал. Абеліск устаноўлены пасля смерці паэткі ў савецкія часы. А 1 сакавіка, на 90-годдзе Еўдакіі Якаўлеўны, побач з ім адкрылі памятны інфармацыйны стэнд: з партрэтам, біяграфічнымі данымі і нават вершамі паэтэсы.
Аранжавы ўзровень бяспекі не перашкодзіў урачыстасці. Супрацоўнікі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы расказалі пра творчы шлях знакамітай зямлячкі. Намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі П.А.Аляксяёнак адкрылі інфармацыйны стэнд, які як і ранейшыя – у Глыбачцы на магіле Фелікса Тапчэўскага і памятная дошка на цэнтральнай раённай бібліятэцы – былі выкананы за сродкі бібліятэкараў. Гэта іх уклад і праект “Мая радзіма – Ушаччына”, які ажыццяўляецца ўжо другі год і працягнецца на наступны. Менавіта за гэты ўклад цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма ўзнагароджана Ганаровай граматай райвыканкама і каштоўным падарункам.
Ушанаванне 90-й гадавіны Еўдакіі Лось 1 сакавіка не распачыналася, а завяршалася. На працягу тыдня ва Ушацкай школе працавала выстава, ладзіліся тэматычныя мерапрыемствы. Ключавое ж прайшло на сцэне раённага Дома культуры. На жаль, не змог прыехаць на гэты раз сын Еўдакіі Якаўлеўны, затое ўшацкіх гасцей было шмат. Яны прыйшлі, каб глыбей адкрыць для сябе паэтку. І акрамя біяграфічных звестак, пачулі лісты-успаміны сясцёр, а таксама вершы пра малую радзіму, якія выдатна чыталі юныя выканаўцы Каця Мартынюк і Ксюша Лапёнак, а таксама супрацоўнікі бібліятэкі.
З архіваў музея народнай славы паднялі здымкі маладой зямлячкі з роднымі сёстрамі Маняй і Марусяй, яе перапіску з калегамі з Літвы і многіх іншых краін. Яе стасункі, як рэдактара выдання і прызнанага творцы, былі вельмі шырокімі – вершы Е.Лось перакладзены на 32 мовы свету. Каб папоўнілася гэтая калекцыі рэдкіх экспанатаў унікальнымі даваеннымі фота, супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі папрацавалі нават у архіве літаратуры і мастацтва. І зрабілі яшчэ адну выставу. Абедзве ўважліва вывучалі ўдзельнікі мерапрыемства, бо Еўдакія Якаўлеўна для ўшачан – не далёкае невядомае, а гісторыя краю, а часта і свая асабістая.
Кацярына Мікалаеўна Васілеўская разам з Еўдакіяй сядзела за адной партай, а пасля ўрокаў рыхтаваліся да наступных, чыталі на запечку ў доме Лось па вуліцы Базарнай. Маці М.М.Кірпіча разам з ёй вучылася ў педвучылішчы ў Глыбокім. Ганна Іванаўна Пахілка сустракалася з паэткай падчас работы ў бібліятэцы. Ірына Яўгенаўна Урбан, як дырэктар установы, часта прымала сясцёр Е.Лось, якія прапаноўвалі нават адкрыць у бібліятэцы яе музей. Ад ідэі адмовіліся, бо памяшканне не мела месца для кутка з экспанатамі, але менавіта яе творчасць лічыць І.Урбан самай блізкай з усіх ушацкіх літаратараў. Алена Васільеўна Пашковіч нават рэкамендацыю для паступлення на журфак атрымала ад Марыі Якаўлеўны Ярашэвіч. Сястра паэтэсы вельмі актыўна прапагандавала яе творчую спадчыну, выступала ў школах. Падчас сустрэчы ва Ушацкай пачалося знаёмства, а потым і перапіска.
Прадказаў вядомасць Пятрусь Броўка
У сям’і Якава Васільевіча і Наталлі Якаўлеўны Лось было чацвёра дзяцей – сын Сяргей і тры дачкі. Дуня – сярэдняя, а вось да імёнаў дзвюх іншых сясцёр абавязкова трэба дабаўляць старэйшая або малодшая. Іх назвалі Маняй і Марусяй, ніхто не падказаў, што поўнае імя будзе аднолькавым. “Памылка” выправілася пасля замужжа, калі яны змянілі прозвішча на Ярашэвіч і Клімовіч.
Родныя ж заўсёды клікалі іх па мяккай скарочанай форме. Ва Ушачы сям’я пераехалі яшчэ да вайны. І хоць бацькі былі простымі сялянамі, усе дзеці прагна цягнуліся да ведаў і былі выдатнікамі вучобы і актывістамі. На дошцы гонару Ушацкай школы знаходзіліся імёны ўсіх дзяцей сям’і Лось. Гэта да вайны. Аднак у 1942 памірае бацька, у лістападзе 1943-га прыходзіць “пахаронка” на малодшага лейтэнанта Сяргея Лось. І маці з трыма дочкамі змагаюцца за выжыванне. Наталля Якаўлеўна працавала прыбіральшчыцай у школе, якая размяшчалася на льнозаводзе. Для мыцця падлогі прыцягвала і дачок, не звяртаючы ўвагі на “несур’ёзнае захапленне” Еўдакіі. Вершы яна пісала яшчэ ў школе, хоць і не бачыла ніводнага літаратара ўжывую. А вялікую ролю ў яе лёсе адыграў Петр Усцінавіч Броўка. Яго, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР віталі ў Глыбоцкім педвучылішчы, куды сёстры Лось перавяліся з Лепельскага. І ад імя навучэнцаў слова трымала Еўдакія, якая спецыяльна напісала прывітанне ў вершах. Броўка падняўся, абняў зямлячку і сказаў, што хутка яна будзе пісаць вершы лепш за яго.
* * *
Усё гэта даведаліся ўдзельнікі вечарыны. Сярод якіх невыпадкова было многа дзяцей. Для іх эпоха Е.Лось – далёкая гісторыя, а трэба, каб яны, як і дарослае пакаленне, ганарыліся сваёй слаўнай зямлячкай. Ну а завяршыла чараду мерапрыемстваў, прысвечаных 90-годдзю Еўдакіі Лось літаратурная гасцёўня, арганізаваная раённым аб’яднаннем “Беларускага саюза жанчын”. У сценах бібліятэкі, што носіць яе імя, за кубкам гарбаты сённяшнія паэткі гутарылі пра літаратуру і жыццё, чыталі вершы, расказвалі памятныя гісторыі. І знаёміліся са зборнікам са сваімі творамі, якія чыталі на папярэднім пасяджэнні аб’яднання і спецыяльна падрыхтаваным бібліятэчнымі работнікамі да гэтага.
Вольга Караленка.
“Зямлячку на кожнай вуліцы пазнаюць”
Гэта словы з верша “Калі на Ушаччыну я еду…”. Сапраўды, пры жыцці (да 1977 года) многія ведалі Е.Лось у твар. Мне давялося ўбачыць гэтую прыгожую, незвычайна харызматычную жанчыну, калі працавала ўжо некалькі гадоў у раённай газеце. Знешнасць нашай зямлячкі ніяк не выдавала яе гаротнага дзяцінства, нястачы юнацкіх гадоў.
У вершы “Дзятва шумлівая” паэтка прыгадвае пра той час, калі “не было ні кніг, ні партаў ды беласнежных фартухоў”, “настаўніца ў сумцы з крыжам насіла вату і бінты”. Але “Ні зімой, ні часінай вясноваю без надзей не прыходзьце, успаміны!” – загадвае сваім думкам Е.Лось. Так жа аптымістычна напісаны і верш “У мяцеліцу”, які заканчваецца двухрадкоўем:
Са мною ты, мая жывая
Радзіма – вёска Старына!
Настаўніца з Арэхаўна Валянціна Фамінічна Васільева некалі часта прыгадвала сумесную вучобу з “Дуняй” у Глыбоцкім педагагічным вучылішчы. Гэта было сапраўдным выпрабаваннем для будучай паэтэсы – набыццё педагагічнай прафесіі, калі сям’я патанала ў беднасці. Як расказвала ўжо мая мама, бацька Еўдакіі быў простым, непісьменным чалавекам, ездзіў на кані, працаваў нарыхтоўшчыкам рыззя. Чаго варта было перажыць яго раннюю смерць, а пазней гібель брата Сяргея на фронце пад Кіевам (у вершы “Сястра” Е.Лось апісвае такі сюжэт: жонка брата выйшла другі раз замуж, а сястра ўсё прыходзіць і гладзіць па галоўцы тых дзетак “ды ўглядаецца ў вочкі няродныя іх”). У яшчэ адным вершы чытаем: “слёзы шчасця выціраю за тое, што наплакалася ўволю на ўсіх магілах братніх і бацькоўскіх і нешта падабрала ў папялішчах для песні і гаротнай, і нязломнай”. За вінтоўкі браліся маладыя, у дзяўчат не было радасці ад прыгажосці, ад доўгіх сваіх кос, “бо тыя, для каго яны раслі, ляжаць, непакорныя, у зямлі”…
Трэба сказаць, адна з асаблівасцяў паэзіі Еўдакіі Лось – яе гуманістычны пачатак. Першы зборнік “Сакавік” выйшаў у 1958 годзе.
Даследчыкі яе паэзіі звычайна прыводзяць з яго такія, стаўшыя класічнымі радкі:
Над Звонню – звон, ля Звоні – сінь:
Званочкі ладзяць карагоды…
Пад Звонню шапку ў грэчку кінь –
І шапка ўраз прапахне мёдам!
Хочацца штораз прыгадваць гэтае яркае сведчанне сапраўднай паэзіі і мне. Бо час бяжыць хутка, непрыкметна змяняецца адно пакаленне другім, і маладым трэба даносіць, хто яны – нашы прыкметныя для Беларусі землякі, чым яны знакамітыя. Без іх, такіх духоўных, бескампрамісных, ідэйных мы шмат чаго згубілі б.
Услаўленню народнага подзвігу прысвечаны вершы Еўдакіі Лось “Абеліскі”, “На магіле бацькі Міная”, “Вёскі, якія не ўсталі”, “Беларускія хлопчыкі”. Смела бралася наша зямлячка і за паэмы, вельмі складаны паэтычны жанр. Але ж як яна магла не напісаць такі твор пра Брэсцкую крэпасць (“Гавораць бессмяротныя”) або “Матчына трывога”, “Вянок”, “Мая Хатынь”, “Мой свет” і іншыя.
У зборніку “Палачанка” (1962г.) мне вельмі спадабаўся верш – “Мой дзед” – радкамі пра свайго продка, які і ў дзевяноста год як адменны пячнік “злажыў печку з камінком”.
Ён быў сляпы: ён тую печ
Навобмацак злажыў…
Праз год з’явіўся зборнік “Людзі добрыя”. У ім чытаем: “Я была ўжо бабулькай хілай на дванаццатым годзе жыцця”, “не дарую тым, хто ў ліхалецце пакідае родны край на згубу”, “Няхай мінута, што прыйшла сягоння, падоўжыць дзень намераў і здзяйсненняў”. “Чалавеку быць чалавечным, мне здаецца, няцяжка зусім!”
У зборніку “Хараство” 1965 года знаходзім такое: “Кажуць, шчаслівае пакаленне тое, што зараз прыходзіць…Кажуць, шчаслівае пакаленне тое, што зведала гора”, “Сонечна над краем, хораша ў жыцці! Большы памагае меншаму расці”.
Далей былі кнігі “Яснавокія мальвы”, “Вянцы зруба”, “Перавал”, “Галінка з яблыкамі”, “Лірыка ліпеня”. Яны мелі прызнанне чытача, добрыя водгукі сабратаў па пяры і крытыкаў. Можна было яшчэ жыць і ствараць, але такі ўжо лёс, ён не даў нашай зямлячцы доўгай дарогі.
У зборнік 1965 года Еўдакія Лось змясціла верш “Пасля хваробы”, які заканчваецца так: “Як хораша знямогу пахаваць і стаць перад здароўем на калені!” Ды пахавала ненадоўга. Спасцігла яе невылечная хвароба. У 1977 годзе жыццё абарвалася. І апошні, пасляжыццёвы зборнік паэтэсы “Валошка на мяжы” пад рэдакцыяй Рыгора Барадуліна выйшаў у 1984 годзе. З сабраных пад адной вокладкай вершаў – самыя лепшыя, асабліва пачуццёвыя, жывыя – тыя, што пісаліся на мяжы смерці. У іх яна аб нечым шкадуе: “Даруй мне, дзень, што пражыла не так цябе, як меркавала на зары…”, радуецца, што піша “сваю, часам горкую, праўду пра ўсіх нас, як і пра сябе”, назірае, як “п’е з лужыны анкалагічнай рабы анкалагічны кот”, слухае спеў перапёлкі ў Бараўлянах: “жыць” ды “жыць”, а таксама як “крычыць цвыркун апрамянёны ў калідоры, нібы ў лузе!” Прачуленыя вершы пра сыночка, з якім хутка трэба будзе развітацца, пра мужа, з якім раней былі няроўныя адносіны, а ў катастрафічны момант адбылася пераацэнка каштоўнасцяў. Усё гэта ў яе апошніх творах…
На заканчэнне прыгадаю верш з названай кніжкі Еўдакіі Лось “Ёсць раён, адкуль ты родам…” Ён заканчваецца такімі радкамі:
Кожны лапік сэрцу мілы,
кожны жаваранак – свой.
І няма на свеце сілы
адабраць яго ў жывой…
А сёння мы гаворым: няма на свеце такой сілы, каб адабраць у нашай памяці такіх вось землякоў, як Еўдакія Лось.
Галіна ВАРАТЫНСКАЯ.