Вынікі раённага этапу рэспубліканскага конкурсу на лепшы дзіцячы малюнак на экалагічную тэматыку падвялі на гэтым тыдні ў раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Трэба сказаць, што маленькія майстры пэндля і алоўка праявілі шмат фантазіі і старання, каб перадаць сваю любоў да прыроды і прыцягнуць увагу да экалагічных праблем. Журы, якое ўзначальваў прызнаны мэтр выяўленчага мастацтва, дырэктар Дома рамёстваў Міхаіл Аляксандравіч Багдановіч, доўга не магло прыйсці да агульнага рашэння, бо прызавых месцаў былі дастойны многія работы. У выніку ў малодшай узроставай групе (3-5 год) лепшым прызнаны малюнак “Не насмечвай у прыродзе!” Ксеніі Букі з Вялікадолецкай дзіцячага сада-сярэдняй школы. Другое месца прысуджана рабоце “Беражыце лес!” выхаванкі ясляў-сада №1 г.п.Ушачы Насці Піскун, трэцяе падзялілі малюнкі Дашы Сініцы і Кіры Пруцік з гэтай жа дашкольнай установы. Ва ўзроставай групе ад 6 да 10 год лаўры пераможцы дасталіся твору “Будуем масткі для сяброў” прадстаўніцы раённага цэнтра дзяцей і моладзі Дар’і Броўкі. Злабадзённай тэмай і арыгінальным спосабам выканання парадавала кампазіцыя “Я і мая сям’я – за раздзельны збор адходаў” Варвары Ларчанкі (яслі-сад №4), а малюнак “Рэальнасць лепш за віртуальнасць” Анастасіі Кавалеўскай (Вялікадолецкая дзіцячы сад-сярэдняя школа) прыцягнуў надзвычайнай актуальнасцю сюжэта. Гэтыя работы падзялілі другое месца. Таксама два ўладальнікі аказалася і ў трэцяга – Стас Каваленка з ясляў-сада №1 і вялікадальчанка Валерыя Лявіцкая.
Прыгаданыя работы накіраваны на абласны этап конкурсу, ну а раённая прыродаахоўная інспекцыя выказвае падзяку ўсім юным мастакам за іх талент і старанне, а настаўнікам і бацькам – за тое, што з малых гадоў прывіваюць дзецям правільны экалагічны светапогляд.
Наталля БАГДАНОВІЧ.