На малюнку з сямейнага архіва – чорныя вялікія вароты, справа ад якіх узвышаецца чырвоная сцяна дома са шматлікімі вокнамі. І без шыльды над уваходам угадваецца будынак Ушацкага РАУС, а “шэдэўр”, між іншым, належыць шасцігадоваму хлопчыку – калі ў першым класе далі заданне адлюстраваць адметныя мясціны гарпасёлка, маленькі Віталік Пухальскі тут жа намаляваў месца службы бацькі, куды нават у такім узросце наведваўся неаднаразова і дзе спадзяваўся працаваць, як стане дарослым.
Прайшло трыццаць з лішнім гадоў, і зараз начальнік аддзялення па раскрыцці злачынстваў у сферы аўтабізнесу ўпраўлення крымінальнай міліцыі УУС Віцебскага аблвыканкама падпалкоўнік Віталь Іванавіч Пухальскі дакладна не памятае, як захаваўся той малюнак. А вось этапы службы – выдатна. Пачынаў ён яе маладым аператыўнікам у аддзяленні крымінальнага вышуку Ушацкага РАУС, рэалізаваўшы такім чынам дзіцячыя мары. Пагоны лейтэнанта прымераў пасля заканчэння Магілёўскай школы міліцыі і адразу завочна пачаў атрымліваць неабходную для прафесійнага ды і кар’ернага росту вышэйшую юрыдычную адукацыю ў Полацкім дзяржуніверсітэце. З 2002 па 2016 гады працягваў службу ў Кастрычніцкім РАУС Віцебска і такім чынам разам з ушацкім перыядам аддаў крымінальнаму вышуку 19 гадоў. Потым маладога прафесіянала перавялі ва ўпраўленне ўнутраных спраў аблвыканкама, дзе са студзеня мінулага года ён узначальвае аддзяленне па раскрыцці злачынстваў у сферы аўтабізнесу.
У дзейнасці Віталя Іванавіча хапала сур’ёзных спраў і на папярэднім месцы – здаралася, затрыманне аднаго злачынцы дазваляла размотваць крымінальныя ланцугі, звёнамі ў якіх былі звыш дзясятка эпізодаў. Не менш адказная пасада і зараз, бо ўвагу аўтазлодзеяў у апошнія гады прыцягваюць пераважна прэстыжныя маркі машын, кошт якіх вельмі высокі. Напрыклад, зусім нядаўна аператыўнікам аддзялення В.І.Пухальскага давялося расследаваць кражу ВMW X6. У ходзе першапачатковага апытання гаспадара былі адкінуты версіі аб страхавым махлярстве, даўгавых абавязацельствах уладальніка. Зачэпкай для праваахоўнікаў стала інфармацыя аб тым, што дарагі красовер віцябчанін паўтара гады таму набыў у Магілёве з адзіным камплектам ключоў. Пасля правядзення складанага комплексу аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў пры ўзаемадзеянні з калегамі з суседняй вобласці было ўстаноўлена месца “хованки” ВMW X6 і затрыманы двое магіляўчан, адзін з іх раней ужо трапляў у поле зроку міліцыі ў сувязі з крадзяжамі з аўтамабіляў. Як высветлілася, яны мелі другі ключ, якім і скарысталіся. Узбуджана крымінальная справа, а праваахоўнікам яшчэ неабходна высветліць шмат дэталяў.
Так, да ўсіх спраў В.І.Пухальскі падыходзіць скрупулёзна і адказна, за што неаднаразова адзначаўся, нагрудны знак “За выдатную службу” за раскрыццё серыі рэзанансных злачынстваў атрымаў яшчэ 10 год таму. Таксама сярод адметных узнагарод – медалі “За бездакорную службу III-яй ступені”, “100 год унутраным войскам МУС Рэспублікі Беларусь” і “100 год міліцыі Расіі”, якой удастоены ад кіраўніцтва паліцыі Пскоўскай вобласці за ўзаемадзеянне і дапамогу ў раскрыцці злачынстваў у сферы аўтабізнесу. Трэба сказаць, што для гэтага В.І.Пухальскаму даводзіцца выязджаць у розныя рэгіёны Саюзнай дзяржавы.
Як бачна, сваю кар’еру Віталь Іванавіч будаваў сам, а прыкладам для яго заўсёды быў бацька, які не менш чым сынам ганарыцца сёння і дачкой-афіцэрам – Таццяна Новікава (прозвішча па-мужу) значны час годна нясе службу ў Наваполацку. Яе спецыфіка адрозніваецца ад братавай, але таксама важная і адказная. Таццяна Іванаўна скончыла ПДУ з чырвоным дыпломам і пасля праходжання спецыяльнай падрыхтоўкі ў Магілёўскім каледжы МУС маладога юрыста з радасцю прынялі на службу ў гарадскі аддзел ўнутраных спраў на пасаду інспектара па дазвольнай сістэме, дзе ёй было прысвоена званне лейтэнанта. Потым была служба ў інспекцыі па справах непаўналетніх, паступовы рост, павелічэнне зорак на пагонах і са студзеня 2017 года Т.І.Новікава з’яўляецца старшым інспектарам прафілактыкі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Наваполацкага ГАУС, мае званне маёра, нагрудны знак “За самаадданую службу” і медаль “100 год беларускай міліцыі”, які, дарэчы, яна ў ліку ўсяго двух супрацоўнікаў з Віцебшчыны атрымала ва ўрачыстай абстаноўцы ў Нясвіжскім замку з рук намесніка Міністра ўнутраных спраў.
У сямейным архіве Івана Мікалаевіча і Святланы Васільеўны Пухальскіх разам з малюнкам сына-першакласніка беражліва захоўваюцца лісты-падзякі, атрыманыя дзецьмі яшчэ падчас вучобы, і вялікая падшыўка з раённых, гарадскіх і ведамасных газет, у якіх пісалі пра іх службовыя поспехі. Тое, што нашчадкі ў многім пераўзышлі яго, самалюбства заснавальніка дынастыі не закранае – яны і зараз раяцца з ім па самых розных пытаннях.
– Кажуць, што кожны мужчына ў жыцці павінен пасадзіць дрэва, выгадаваць сына, пабудаваць дом. Я з гэтым згодны, – кажа Іван Мікалаевіч. – Але калі ты бачыш, што твае дзеці сталі на галаву вышэй за бацьку, разумееш, што жывеш на свеце не дарэмна.
Дзмітрый Раманоўскі.