На календары быў апошні дзень лютага – месяца, з якога грамадзяне працаздольнага ўзросту, не занятыя ў эканоміцы, павінны ў поўным аб’ёме аплачваць камунальныя паслугі. Таму мы і пацікавіліся ў сакратара пастаяннай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Святланы Уладзіміраўны АКУЛЁНАК, хто за гэты час пацвердзіў, што не адносіцца да гэтай катэгорыі.
– Людзі ідуць кожны дзень. Акрамя шырокага інфармавання ўшачан пра змены ў заканадаўстве праз прэсу, сайты, падваровыя абходы, мы разаслалі лісты 170 нашым жыхарам, якія трапілі ў базу незанятых у эканоміцы і з’яўляюцца ўласнікамі жылля. Яны звяртаюцца, і разам глядзім, ці маюць падставы, каб быць выключанымі з гэтай катэгорыі, а таксама кансультуем, што трэба зрабіць. Адзін чалавек зарэгістраваўся ў якасці беспрацоўнага, 5 аформілі рамесніцтва, каля 70 працэнтаў прадставілі даведкі ці дагаворы, што працуюць у Расійскай Федэрацыі (пераважна дасылаюць электронныя лісты) або ў далёкім замежжы.
– Многа і такіх?
– Каля дваццаці чалавек афіцыйна аформлены на прадпрыемствах Чэхіі, Польшчы, Літвы і нават Ізраіля. Цяжкасці для іх паўстаюць у тым, што даведку або дагавор неабходна падаць на рускай або беларускай мовах.
– Калі не памыляюся, лічыцца занятым у эканоміцы і той чалавек, які мае прысядзібны ўчастак, прычым, не абавязкова для вядзення фермерскай гаспадаркі, як было раней. Ім трэба даказваць, што займаюцца на ім раслінаводствам?
– Сапраўды, зараз “у залік” ідзе і зямля, што атрымана для будаўніцтва і ўтрымання дома. Людзі прыносяць пацвярджаючыя дакументы, таксама робім запыты ў сельвыканкамы, ці займаюцца на ўчастку раслінаводствам або жывёлагадоўляй. Прычым, не абавязкова, каб участак быў аформлены на таго чалавека, які нідзе афіцыйна не працуе, гэта могуць быць яго блізкія: бацькі, муж або жонка, дзеці.
– Якія яшчэ катэгорыі маюць “ільготы”?
– Іх многа, поўны спіс змешчаны ў дадатку да пастановы Саўміна №239 ад 31.03.2018 года. Напрыклад, асобы, якія даглядаюць дзяцей узростам да 7 гадоў. А таксама людзі, што знаходзяцца ў цяжкой жыццёвай сітуацыі. У кожнага свае асаблівасці, у такіх выпадках неабходна напісаць заяву ў камісію, і яна абавязкова будзе разгледжана на карысць чалавека.
– Калі хто не паспеў за люты падаць пацвярджаючыя дакументы?
– Варта зрабіць гэта пазней, і калі будзе даказана, што ён меў падставы на выключэнне з базы, то будзе зроблены пераразлік.
– Ці ёсць ушачане, якія не шукаюць лёгкіх варыянтаў?
– Так, напрыклад, адна з жанчын – уласніца жылля, што атрымала ліст-папярэджанне, прыйшла і сказала, што яна па-ранейшаму будзе хатняй гаспадыняй, паколькі добра зарабляе муж, і згодна аплачваць камуналку ў поўным аб’ёме.
Гутарыла Вольга Караленка.
Секретарь Акулёнок, разъясните факт: в декрете идёт речь о людях, которые не заняты в экономике и имеют жильё в собственности. Почему члены комиссии приходили и к тем, у кого жилья в собственности нет, но просили подтвердить занятость? Вводили собственников жилья в заблуждение? Почему таким образом не соблюдаются защита персональных данных?