Единый день безопасности в Ушачском районе

Профилактика и безопасность

Вы ведаеце, як патушыць алей ці тлушч, якія загарэліся на патэльні? У выпадку такога кухоннага пажару многія ў паніцы адразу думаюць пра ваду. Аднак алей ні ў якім разе нельга тушыць вадкасцю! Выключыце канфорку і накрыйце ёмістасць крышкай, выкарыстоўваючы, па магчымасці, рукавіцы, каб не апаліць рукі. Патушыць ачаг узгарання можна падручнымі сродкамі – пральным парашком, содай, цукрам, соллю, зямлёй з вазона для кветак. Шкадаваць апошні не варта – агонь распаўсюджваецца хутка, і ў выніку можна пазбавіцца куды даражэйшых рэчаў, а яшчэ і атрымаць траўмы. Зрэшты, каб папярэдзіць падобныя здарэнні, не пакідайце без нагляду ўключаную газавую пліту.

Такія сітуацыі разглядалі старшакласнікі на інфармацыйнай гадзіне ва Ушацкай школе, якая была прысвечана адзінаму дню бяспекі. Ужо зусім нетрывалы лёд на вадаёмах, і рызыкаваць жыццём, выходзячы на яго, не варта. На ўроку бяспекі вучні 9-11 класаў таксама засвоілі, што адчуўшы пах газу, ні ў якім разе нельга карыстацца электрапрыборамі, а тэлефанаваць спецыялістам газавай службы з мабільнага тэлефона лепш, пакінуўшы небяспечную зону. Спецыялісты раяць не ленавацца і прывучаць сябе закрываць кран на трубе, які блакіруе падачу газу да пліты, пасля кожнага яе выкарыстання. Выратаваць жыццё ў экстранным выпадку дапаможа і апавяшчальнік угарнага газу. Ажыўлена абмяркоўвалі школьнікі і розныя выпадкі аказання медыцынскай дапамогі.

У рамках адзінага дня бяспекі ў раёне прайшло і шэраг іншых мерапрыемстваў. Напрыклад, праверыць свае навыкі карыстання пярвічнымі сродкамі пажаратушэння і дзеянні падчас эвакуацыі давялося работнікам Ушацкага раёна газазабеспячэння: “гарэў” гаражны бокс. Сітуацыя ўмоўная, але дзеянні падчас тактыка-спецыяльных вучэнняў былі набліжаны да рэальных. Прычым, экзамен трымалі не толькі самі газавікі, а і ўсе экстранныя службы. Аналагічныя вучэнні правялі і ў санаторыі “Лясныя азёры”. Акрамя гэтага ў прыгаданых і іншых калектывах раёна прайшлі прафілактычныя мерапрыемствы па бяспечных паводзінах на працоўных месцах, дома, у быце. Абмеркаваны дзеянні пры сігналах грамадзянскай абароны, праведзены размовы па тэме “Бяспека Беларускай АЭС”.

Як папярэдзіць надзвычайныя сітуацыі, правапарушэнні, а таксама аказаць медыцынскую дапамогу – пра гэта вялі размову прадстаўнікі райбальніцы і дзяржаўтаінспекцыі ў аддзяленні дзённага прабывання для інвалідаў ТЦСАН у Градзянцы. Зрэшты, правілам дарожнага руху прысвячаўся і дзіцячы творчы конкурс, арганізаваны аддзяленнем ДАІ. Яго вынікі будуць падведзены на наступным тыдні.

Прафілактычныя мерапрыемствы ладзіліся не толькі ў гарпасёлку, а і на раёне. Сустрэчы з насельніцтвам на гэтым тыдні прайшлі ў аграгарадках Вяркуды і Глыбачка.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *