Асобныя з гледачоў, якія сабраліся ў панядзелак ва Ушацкім цэнтры культуры і народнай творчасці на раённы конкурс “Мнагадзетная сям’я – 2019”, сур’езна задумаліся аб папаўненні – прыгожыя, таленавітыя, радасныя хлопчыкі і дзяўчынкі, іх бацькі пераконвалі: колькасць дзяцей прама прапарцыянальна ўзроўню шчасця сям’і.
Удзельнікам было прапанавана праверыць свае сілы ў двух конкурсных заданнях: візітнай картцы “Радавод”, дзе трэба было расказаць пра гісторыю свайго роду, сямейныя звычаі і традыцыі, а таксама прэзентацыі актыўнай жыццёвай пазіцыі членаў сям’і, іх захапленняў, дасягненняў. Мяркуючы ж па тым, што паказалі гледачам героі свята – дзве ўшацкія сям’і – рыхтаваліся яны даволі адказна.
– Каля месяца спатрэбілася, – падзялілася з намі Марыя Антуновіч. – Цяжэй за ўсё было вызначыцца з ідэямі – каб расказаць крыху пра кожнага, пазнаёміць гледачоў з нашымі продкамі. На дапамогу прыйшла мультымедыйная прэзентацыя – пра нашу сумесную працу і адпачынак, радасці і штодзённыя клопаты.
Марыя і Аляксей Антуновічы выхоўваюць траіх дзетак. Тата – участковы інспектар міліцыі, мама – супрацоўнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Адметна тое, што конкурс праходзіў у юбілейны для іх сям’і год – разам муж і жонка з 2004-га. Старэйшая іх дачушка Ілона вучыцца зараз у 7 класе, наведвае дзіцячую школу мастацтваў па класе цымбалаў, любіць вышываць. Сярэдняму Кірылу 9 гадоў, ён іграе на балалайцы, а таксама захапляецца спортам – футболам і стральбой. А маленькі Арсеній, якому ўсяго 4, ужо спрабуе сябе ў маляванні. Зрэшты, усе гэтыя і многія іншыя таленты дэманстраваліся ў гэты дзень са сцэны. Задавалі ж тон выступленню, вядома, бацькі. Шчырыя прызнанні Марыі ў любові да сваіх блізкіх выклікалі слёзы замілавання на вачах у многіх. Галава ж сям’і, якога па доўгу службы ўшачане прывыклі бачыць стрыманым і сур’ёзным, прыемна здзівіў добрымі вакальнымі данымі, уменнем трымацца на сцэне.
Не ў першы раз прымала ўдзел у падобным конкурсе сям’я Заруба. Тым не менш, чарговае іх “знаёмства” з гледачамі, падрыхтаванае ў вершаванай форме, атрымалася надзвычай цікавым. Тата Максім працуе ў раёне электрычных сетак, а мама Таццяна – прадавец, зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. У сям’і выхоўваецца чацвёра дзетак. Старэйшыя Мацвей і Ягор, якія вучацца ў 8 і 4 класах, захапляюцца футболам. Сямігадовая Мар’яна любіць плесці з бісеру, займаецца плаваннем, танцамі. Пакуль не адкрыў у сабе талентаў малодшы Клім, якому зараз усяго 2,5 года. Аднак мяркуючы па тым, як ён смела выскокваў на сцэну танцаваць – добры артыст вырасце! Зрэшты, такія здольнасці прадэманстравалі падчас мерапрыемства абсалютна ўсе прадстаўнікі гэтай сям’і – яны прадставілі на суд гледачоў вясёлы кароткаметражны фільм, у якім сыгралі галоўныя ролі.
Які б вердыкт не вынесла журы, хлопчыкі і дзяўчынкі, іх бацькі атрымалі мора пазітыву і яркіх запамінальных эмоцый. А пра ўдзел у конкурсе ім будуць нагадваць у тым ліку каштоўныя падарункі ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” і раённага аб’яднання прафсаюзаў.
Намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч, віншуючы ўдзельнікаў, падкрэсліла, што сям’я – гэта падмурак грамадства, аснова яго стабільнасці і росквіту. Сёння дзяржаўная палітыка нацэлена на стымуляванне нараджальнасці і падтрымку сям’і, ахову мацярынства і дзяцінства, фарміраванне прэстыжу мнагадзетнасці. Алена Васільеўна выказала ўдзячнасць сем’ям за тое, што яны знайшлі магчымасць прыняць удзел у конкурсе. Яго пераможцам з мінімальным адрывам стала сям’я Антуновічаў, якая выступіць на абласным этапе.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.