Алина Сергеевна Федукович

Общество

Які-небудзь дзесятак гадоў назад Аліна Сяргееўна не думала – не гадала, што ёй трэба будзе абслугоўваць сельскіх жыхароў, прычым, на Ушаччыне, дзе даўно ўжо жыве яе сястра Галіна Сяргееўна Рудзёнак. Яна добра ўладкавалася ў Міёрах, працавала эканамістам па цэнах райспажыўтаварыства. Была сям’я, у якой выхоўвалася двое дзяцей. Але якраз сямейная праблема і падштурхнула да пераезду. І вось сем гадоў ужо як Аліна Сяргееўна свая ў вёсцы Матырына.
Амаль штодзень мясцовыя жыхары наведваюцца за пакупкамі ў краму райспажыўтаварыства. А нехта накіроўваецца ў магазін прыватнага прадпрымальніка, што за сцяной, і людзі маюць на гэта права. Наладзіўшы альтэрнатыўны гандаль у адным будынку, два ўласнікі вядуць дзелавое саперніцтва за наведвальніка. Тут патрэбна дзейнічаць, засучыўшы рукавы.
У магазіне райспажыўтаварыства працуе Аліна Сяргееўна Федуковіч, аб якой ішла размова вышэй. Пры нашай з ёю сустрэчы яна расказала, што нягледзячы на такія ўмовы, справы ідуць нядрэнна. У невялікім памяшканні пакупнікам прапаноўваецца шэраг найменняў тавараў.
Многае ў магазіне залежыць ад таго, хто там працуе. Дык вось, у Матырыне Аліну Сяргееўну паважаюць за яе гарачае імкненне як мага лепш абслужыць пакупніка. А адміністрацыя райспажыўтаварыства заўсёды называе яе сярод лепшых работнікаў, нягледзячы на тое, што калі-нікалі па магазіну не давыконваецца планавае заданне. Тут ведаюць, што загадчыца прыкладвае ўсё сваё старанне. І тэмп росту тавараабароту ў супастаўных цэнах да мінулага года склаў 118, 6 працэнта. За сем месяцаў тавараабарот – больш 115 мільёнаў.
Садзейнічае паказчыкам і размераная сістэма забеспячэння гандлёвай кропкі таварамі. У асноўным завоз ажыццяўляецца па заяўках прадаўцоў. Двойчы на тыдні паступае малако, каўбасныя вырабы, яшчэ часцей – гародніна. І галоўны рухавік працэсу завозу, канечне, прадавец.
А клапатлівая яна як на рабоце, так і дома. Перш за ўсё як маці, хоць сыны ў яе і дарослыя. Калі я завітала ў Матырына, а было гэта каля паўтара месяца таму, Аліна Сяргееўна шмат гаварыла аб рабоце, а на пытанне аб сям’і расказала, што гэты дзень для яе вельмі важны, бо сын здае дзяржаўны экзамен, заканчваючы завочна Віцебскі філіял вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі. Працуе ў раённым вузле электрычнай сувязі вось ужо чатыры гады інжынерам станцыйнай групы.
Другі сын Аліны Сяргееўны жыве ў Наваполацку, мае сям’ю, працуе на будоўлі. Маці рада, што ўсё і ў яго добра складваецца таксама. Зрабіў рамонт жылля, узяў у крэдыт халадзільнік.
Для размоў у нас з гэтай жанчынай было часу нямнога, і то ўрыўкамі. У магазін ішлі і ішлі людзі. А што больш трэба работніку прылаўка, калі не актыўнасць наведвальнікаў.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.
На здымку: А.Федуковіч.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *