Приём в деревне Дворица

Общество

Чарговы прыём грамадзян па асабістых пытаннях прайшоў 16 жніўня ў вёсцы Дворыца Жарскага сельсавета. Намеснік старшыні райвыканкама В.В.Дзямешка, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Р.П.Пачэпка і старшыня Жарскага сельвыканкама А.У.Кузьміна былі гатовыя адказаць на любыя пытанні.
Размова пачалася з просьбы жыхароў вёскі дапамагчы добраму чалавеку. Справа ў тым, што іх сусед, Міхаіл Мікалаевіч Дук, чалавек адзінокі, апынуўся ў даволі няпростым становішчы: з-за хваробы ног ён не мае магчымасці абслугоўваць сябе самастойна, спадзяецца толькі на падтрымку і спачуванне аднавяскоўцаў. Дапамагаюць Міхаілу Мікалаевічу ўсе хто чым можа, але гэтага, напэўна, недастаткова. Было вырашана даручыць галоўнаму ўрачу Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы М.М.Каспіровічу і дырэктару ДУ “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” Я.І.Багрэц дэталёва разабрацца ў сітуацыі, абследаваць стан здароўя М.М.Дука і зрабіць усё неабходнае для паляпшэння ўмоў яго жыцця.
Лідзія Дзям’янаўна Марковіч, карэнная жыхарка Дворыцы, ад імя аднавяскоўцаў агучыла шэраг праблем, з якімі прыходзіцца сутыкацца ў паўсядзённым жыцці. Нараканне выклікае неабсталяванасць аўтобуснага прыпынку ля Дворыцы і суседняга Броўчына. Знаходзіцца ён на даволі значнай адлегласці ад названых вёсак, а ніякага месца, дзе можна было б адпачнуць, схавацца ад дажджу ці снегу, падчас чакання аўтобуса, няма. Зразумела, што гэты фактар непакоіць мясцовых жыхароў, тым больш, што многія з іх – людзі сталага ўзросту, якім складана дайсці да прыпынку ды яшчэ адстаяць там колькі часу. Па-сутнасці, пра існаванне гэтага прыпынку сведчыць толькі непрыкметная шыльда на адным з дрэў ля дарогі. Сапраўды, ён быў створаны яшчэ ў 70-я гады мінулага стагоддзя, зараз патрабуе поўнага пераабсталявання. Было вырашана звярнуцца ў “Віцебскаблдарбуд” з просьбай аб выдзяленні неабходных на будаўніцтва аўтобуснага прыпынку сродкаў.
Яшчэ жыхары Дворыцы паскардзіліся, што дарога ў вёсцы знаходзіцца ў дрэнным стане, з усіх бакоў абрастае кустоўем, якое трэба высекчы. Старшыня сельвыканкама паабяцала, што ў самы бліжэйшы час гэтае пытанне будзе вырашана. І сапраўды, ужо на наступны дзень чалавек для гэтай работы быў наняты.
Скардзіліся вяскоўцы і на тое, што з-за працяглай спякоты, адсутнасці дажджоў колькасць вады ў калодзежы значна зменшылася. Некаторыя прывозяць яе з крыніцы, што ў Лясных азёрах, аднак такую магчымасць маюць нямногія. З дадзенай праблемай быў азнаёмлены старшыня СВК “Ільюшынскі” С.А.Халімоненка, які паабяцаў арганізаваць падвоз вады.
Усе пытанні, звязаныя з жыццём вёскі Дворыца, старшыня Жарскага сельвыканкама А.У.Кузьміна ўзяла пад свой кантроль.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымках: чакаюць адказу; сітуацыю тлумачыць старшыня сельвыканкама.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *