В Ушачах почтили память воинов-интернационалистов

Общество

У пятніцу складана было падысці да выставы ў актавай зале Ушацкай школы. Шчыльныя рады старшакласнікаў разглядалі шматлікія фота, дакументы, лісты і асабістыя рэчы ветэранаў вайны ў Афганістане. Але школьнікі імгненна расступаліся, калі да багатай экспазіцыі, карпатліва падрыхтаванай супрацоўнікамі музея народнай славы, падыходзілі героі ўрачыстасці – воіны-інтэрнацыяналісты. Яны шукалі на фотаздымках сябе, углядаліся ў чорна-белыя твары аднапалчан – нібы бачылі іх упершыню. “Вось на гэтым здымку я і мой саслужывец. Кадр зроблены неўзабаве пасля таго, як мы першы раз пабывалі пад абстрэлам… Бачыш, якія ў мяне вочы, – сам на сябе не падобны!” – паказваў на адну з фатаграфій Віктар Прахарэнка. На мой погляд, нічога асаблівага на здымку не было – два хлопцы, учарашнія школьнікі ў ваеннай форме і нават са стрыманымі ўсмешкамі. Вось толькі яны маглі застацца маладымі назаўсёды, як ушачане Аляксандр Клачок, Міхаіл Хрыпач і Мікалай Ключонак, што загінулі.

Але большасці з прызваных на далёкую вайну юнакоў пашчасціла выжыць. 30 год таму назад баявыя калоны саракавой арміі пакінулі Афганістан. Яны выходзілі, страціўшы тысячы сяброў і паплечнікаў, але выканаўшы да канца інтэрнацыянальны доўг. І вось ужо тры дзясяткі гадоў 15 лютага, калі апошні савецкі салдат перасягнуў мост праз Амудар’ю, у нашай краіне адзначаюць Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Каб ушанаваць гэтых герояў, якія першымі аказалі дзейснае супраціўленне тэрарызму на тэрыторыі суседняй дзяржавы, заўсёды збіраецца шмат людзей, да ўдзельнікаў арганізаванага мітынгу далучаюцца і простыя прахожыя. Так ля памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам у скверы райцэнтра было і сёлета. Хіба што ў сувязі з круглай датай сабралася больш герояў мерапрыемства.

Старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Анатоль Валянцінавіч Рудкоўскі падчас выступлення перадаў ім прывітанні ад афганцаў з Прыбалтыкі, Расіі, Украіны, з якімі ён сустракаўся на ўрачыстым юбілейным мерапрыемстве ў Мінску, падзякаваў матулям, родным і блізкім салдат, якія падтрымліваюць іх. Многія воіны-інтэрнацыяналісты атрымалі фізічныя раненні і траўмы і практычна ўсе – маральныя. Інвалідамі станавіліся не толькі маладыя хлопцы – калечыліся лёсы, бо не сакрэт, што людзі “ламаліся”, не маглі пасля жахаў вайны знайсці сябе ў мірным жыцці. Але большасць, нягледзячы на пасляваенныя складанасці, змаглі зберагчы баявое братэрства, знайсці сваё месца ў жыцці, прафесійнай дзейнасці.

Сённяшнія ветэраны – убеленыя сівізной паважаныя бацькі і дзядулі. Сёння ў іх руках не аўтамат, а кветкі, пялёсткі якіх маюць сімвалічны пунсовы колер, і хутка памятны знак патануў у гэтай яркай чырвані. “Толік, Сярога, Вася…” – менавіта так яны звяртаюцца адзін да аднаго, без прозвішчаў, імён па бацьку, а часта гучыць і агульнае для ўсіх “Брат”. Іх успаміны па-сапраўднаму мужчынскія, у якіх не прасочваецца жалю да сябе – толькі да загінуўшых таварышаў, да перажыванняў родных і блізкіх. “Першы час страшна было ўсім, і салдатам, і афіцэрам, – успамінае Ігар Лёля. – А праз некалькі месяцаў прывыкаеш – пачуццё трывогі прытуплялася. Абвастралася ж ізноў перад адпраўкай дадому, калі хутка павінна была прыйсці замена: у чаканні сустрэчы з роднымі асабліва хацелася выжыць…”.

Цвёрдасць духу і сіла характараў дапамагалі ім тады – а сёння гэта яскравы прыклад для маладых хлопцаў, таму і невыпадкова пасля мітынгу ўрачыстаць прадоўжылася ва Ушацкай школе. Актывісты раённай арганізацыі А.В.Рудкоўскі і В.В.Полазаў былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі райвыканкама, усім ветэранам старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка і начальнік адасобленай групы Ушацкага раёна аб’яднанага ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў Леанід Пятровіч Шахноўскі ўручылі памятныя падарункі і юбілейныя медалі. А работнікі культуры таленавіта і пранікнёна данеслі да гледачоў свае тэматычныя нумары, змаглі перадаць пачуцці суперажывання і кранальнай урачыстасці мерапрыемства.

Менавіта гэты дзень стаў Днём памяці не толькі для тых, хто ваяваў у Афганістане, а і для ўсіх нашых землякоў, якія прымалі ўдзел ва ўрэгуляванні ваенных канфліктаў на тэрыторыях блізкага і далёкага замежжа. Усе, хто прайшоў гарачыя кропкі, дастойныя глыбокай павагі, зазначыў падчас свайго выступлення У.Г.Аўдошка, які падзякаваў воінам-інтэрнацыяналістам за адказную грамадзянскую пазіцыю, прапаганду ў грамадстве патрыятычных каштоўнасцей, выхаванне моладзі ў духу самаадданага служэння Айчыне.

Пасля заканчэння ўрачыстасцей дэлегацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў і прадстаўнікоў улады накіраваліся да магіл афганцаў і савецкіх салдат, якія загінулі пры праходжанні тэрміновай службы ў мірны час, наведалі іх родных, якім уручылі матэрыяльную дапамогу. Цяжкая хвароба прыкавала да ложка маці Аляксандра Клачка, а вось Ганна Тарасаўна Ключонак на могілкі прыйшла. І хоць абяцала, але не магла стрымаць слёз. І ля новага абеліска сыну, абняўшыся, плакала разам з Мікалаем Саўчанкам, які быў з яе Колем у вучэбцы Тэджэна. Гледзячы на іх, заблішчэлі вочы і іншых з выгляду суровых мужчын. Наведалі яны і Аляксандра Казьяніна, які па стане здароўя пакуль не можа прыняць удзел ва ўрачыстасцях, але з нецярпеннем чакаў баявых сяброў дома і сустрэў іх у форме з узнагародамі, да якіх дабавілася яшчэ адна. Атрымаюць юбілейныя медалі і тыя воіны-інтэрнацыяналісты, што не змаглі прысутнічаць на мерапрыемствах.

“Душманы рэактыўным снарадам спалілі хлебазавод на тэрыторыі гарнізона. У нас былі крупы, мяса, тушонка, але так хацелася хлеба… Ды надвор’е было нялётнае і мы не мелі нават сухара. А яшчэ пошты, пісем з дому!” – такія эпізоды ў памяці “афганцаў” захаваліся не менш яскрава, чым баявыя аперацыі. Успаміналі мужчыны і небаявыя страты – здараліся выпадкі, калі байцы гінулі па неахайнасці, з-за таго ж прытупленага пачуцця небяспекі: “Афіцэр чысціў аўтамат, не праверыў, што патрон застаўся ў патронніку: выпадковы выстрал – і баец, які знаходзіўся побач, памірае амаль імгненна!”, “Упаў “першагодак” з кузава пры пераездзе праз перавал і трапіў пад калёсы “Урала”, які ішоў следам!”. Але адзначалі, што нават у такіх выпадках камандаванне ў “пахаванках”, якія адпраўляліся ў Савецкі Саюз, пісала, што баец загінуў смерцю храбрых. Зрэшты, інакш і быць не магло – верныя прысязе і воінскаму доўгу засталіся і загінуўшыя, і жывыя, таму ўсе яны – героі.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *