Множество вопросов решает землеустроительная служба Ушачского района

К профессиональному празднику

Нагодай для нашай размовы з загадчыкам землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Л.І.АНДРЭЙЧЫК стала прафесійнае свята, якое адзначаецца 21 лютага. І хоць Людміла Іванаўна казала, што ў іх рабоце мала цікавага, больш руціннага і празаічнага, інтэрв’ю атрамалася разнапланавым, як і зямля, за разумным карыстаннем якой яны і сочаць. А за мінулы 2018 год аддзелам, у якім зараз працуе ўсяго тры чалавекі, праведзена 58 праверак, выпісана 50 прадпісанняў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 51 землекарыстальнік. Аднак сэнс не ў пакаранні, а ў парадку, і, як сцвярджае Людміла Іванаўна, яго стала больш.

– Зусім не было нямэтавага карыстання зямлёй, толькі тры выпадкі самавольнага займання ўчасткаў – адной юрыдычнай і двума фізічнымі асобамі, і тое, я б сказала, больш па няведанні. Напрыклад, пры куплі дома паспадзяваліся на словы папярэдняга ўладальніка, а не на карту з межамі.

– Як гэта можа праверыць чалавек, па схеме ўчасткаў не вельмі зразумела?

– Па межавых знаках: жоўтых штырах, якія выстаўляюцца пры вызначэнні граніц. Хачу акцэнтаваць увагу чытачоў на тое, што перасоўваць іх, як і знішчаць, забараняецца, за гэта ўстаноўлена нават адміністрацыйная адказнасць.

– А якія самыя распаўсюджаныя парушэнні?

– Яны класіфікуюцца як невыкананне іншых патрабаванняў па ахове зямель, а калі казаць прасцей, то гэта недагляд за ўчасткам, які зарастае пустазеллем. Летась адабраны адзін у гарпасёлку, на якім на працягу года нічога не было пабудавана. Людзі часта проста пераацэньваюць свае сілы.

Ці многа здзелак з зямлёй ажыццяўлялася на працягу года?

– Мы падрыхтавалі 280 праектаў рашэнняў па зваротах грамадзян, звязаных з зямлёй. Гэта і здзелкі, і проста ўзаконьванне ўчасткаў, а таксама выдзяленне аднаго пад развіццё турызму з тых 45, што былі падрыхтаваны намі ў папярэднія гады для прыцягнення інвестараў: на беразе азёр, у маляўнічых кутках, дзе можна ўзводзіць санаторый або проста пабудаваць бунгала, прычым робіцца гэта па спрошчанай схеме: не па ўзгадненні з Прэзідэнтам, як у любых выпадках, калі нешта ажыццяўляецца на землях сельскагаспадарчага прызначэння, а толькі ў аблвыканкаме.

– Дзе атрымалі такі ўчастак і што там мяркуюць адкрыць?

– У Гарадцы Жарскага сельсавета жанчына мяркуе пабудаваць бунгала, для чаго зямля і атрымана ў арэнду.

– Колькі ўчасткаў наогул было выдзелена летась?

– Усяго шаснаццаць, з іх 9 прададзена праз аўкцыёны, тры ў прыватную ўласнасць, чатыры атрымалі маючыя патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Самы дарагі быў прададзены ў Косаўшчыне Вяркудскага сельсавета за 8643 рублі, а самы танны – у Гарадку гэтага ж сельсавета за 2440.

Калі б у Косаўшчыне яго набывалі па кадастравым кошце, у колькі б гэта абышлося новаму ўладальніку?

– Усяго ў 640 рублёў. Па законе нельга прадаваць з аўкцыёну ўчастак ніжэй за кадастравую цану, і камісія, ведаючы попыт, канечне, устанаўлівае кошт у разы большы, які можа зніжацца, калі няма жадаючых, як і было ў Гарадку.

Раней літаральна ва ўсіх вёсках, за выключэннем некалькіх аграгарадкоў, кадастравы кошт зямлі быў на ўзроўні 2 цэнтаў за квадратны метр. Такія выгоды, як блізкасць вадаёмаў, на ім не адбіваліся. Што змянілася пры новай кадастравай ацэнцы, якая завяршылася ў канцы мінулага года?

– Па-першае, цана зараз вызначана толькі ў беларускіх рублях. Зямля падзелена на некалькі зон, напрыклад, ва Ушачах адрозніваецца кошт у мікрараёне шматпавярховак і прыватнай забудовы, як і раней, улічваецца наяўнасць інфраструктуры, а таксама такое паняцце, як попыт. Кошт распрацоўваецца навуковым інстытутам і на сёння самы дарагі, канечне, у гарпасёлку: ад 1,88 рубля да 3,83, а таксама навакольных вёсках Градзянец і Ліпавец: 2 рублі 77 капеек за квадратны метр. А самыя танныя ўчасткі, як не дзіўна, у пасёлку Мірны. Напэўна, паўплывала адлегласць і стан дарожнага палатна.

Ці ёсць сярод тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, жадаючыя пабудавацца ў вёсках?

– Было ўзята два ўчасткі пад будаўніцтва ў аграгарадках Ільюшына і Арэхаўна – там, дзе праведзены газ, ёсць іншыя выгоды – умовы набліжаны да гарадскіх. А вось набыць участак праз аўкцыён сёння можна ў 83 населеных пунктах раёна.

Гутарыла Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *