В гостях у деревни Идута

Общество

Невялікая вуліца, паабодва бакі якой блізка адна да адной размясціліся хаты. Ужо старыя сады побач з імі падказваюць узрост яго гаспадароў. Па вузкай, крыху зарослай дарозе можна зразумець, што транспарт тут ходзіць рэдка. Гэта вёска Ідута, сапраўдны маляўнічы куточак, з усіх бакоў акружаны лесам, непадалёк аднайменная рэчка, возера Вечыца, ці як яго яшчэ называюць Цвеціна, а таксама Стайскі бор з гаючай крыніцай.
Увесну тут вельмі прыгожа, асабліва калі квецень садоў змяняе водар бэзу, пасаджанага амаль каля кожнага двара. Сёння ў вёсцы пастаянна пражывае ўсяго 8 чалавек.
А калісьці яна знаходзілася ў складзе маёнтка Судзілавічы Лепельскага павета і адносілася да Звонскага прыхода Свята-Мікалаеўскай царквы. На той момант, калі ўтварыўся Ушацкі раён і яна ўваходзіла ў Гарадзецкі сельсавет, тут пражывала больш 130-ці чалавек. Працавалі смалакурны завод, шавецкая і слясарная майстэрні. У 1930 годзе быў створаны калгас. Яшчэ да пачатку вайны колькасць насельніцтва зменшылася да 90 чалавек, а ў час вайны жыхарам многае прыйшлося перажыць. Мужчыны лічылі сваім доўгам абараняць родныя мясціны і не ўсе вярнуліся дадому – 4 жыхары Ідуты загінулі на фронце, 15 – у партызанах. Але жыццё працягвалася, і пасля вайны людзі зноў зажылі спакойна і размерана, у пастаянных працоўных клопатах. Пазней быў створаны саўгас “Кублічы”, дзе многія гады і адпрацавалі сённяшнія жыхары ўжо маленькай вёсачкі.
Усё жыццё прысвяціў хлебаробскай працы Іван Іванавіч Полазаў. За свой немалы стаж механізатара ў саўгасе “Кублічы” нямала праехаў кіламетраў і правёў часу за штурвалам рознай тэхнікі. Заўсёды быў на добрым рахунку, бо вылучаўся сваёй стараннасцю. А таму ўзнагароджаны ордэнам за выдатную працу. Ён сапраўдны карэнны жыхар, бо не здрадзіў роднай зямлі і ўвесь час пражываў тут. У маладосці, ажаніўшыся на прыгожай маладой дзяўчыне Марыі з Судзілавіч, і думкі не ўзнікла паехаць туды жыць, хоць адзін раён і не так далёка. Так і прыжылася сям’я Іван Іванавіча і Марыі Фёдараўны ў Ідуце.
Нікуды не з’ехала з роднай вёскі і Марыя Паўлаўна Марковіч. За 34 гады, што адпрацавала ў “Кублічах” на розных работах, многае пабачыла ў станаўленні і развіцці гэтай гаспадаркі. Цяпер, канечне, многае змянілася, але душа старога чалавека радуецца, што і па сённяшні дзень прадаўжаецца сельскагаспадарчая справа. Як і ў Зінаіды Іванаўны Полазавай, якая таксама нарадзілася і вырасла тут, прысвяціла сябе працы ў мясцовай гаспадарцы. Сёння жанчыны жывуць адны, не тое ўжо здароўе, але, як кажуць, дома і сцены дапамагаюць спраўляцца з хваробамі і цяжкасцямі. Не кажучы ўжо пра навакольную прыроду, якая станоўча ўплывае на здароўе.
Не так даўно купіў дом і жыве ў вёсцы Віктар Марозаў. Жыццё ў вялікіх вёсках не прывабіла яго і вырашыў пасяліцца ў гэтым ціхім кутку. Любіць наведвацца сюды з сям’ёй Мікалай Данілавіч Апёнак, у якога тут жа знаходзіцца дача.
Вельмі цікавы і адукаваны чалавек Галіна Іосіфаўна Нікіціна. Нарадзілася на поўначы Расіі, але сваёй Радзімай лічыць Ушацкі раён. Адсюль яе бацькі, у Ідуце жыла бабуля. Сама доўгі час жыла за межамі рэспублікі. Атрымала вышэйшую адукацыю ў Беларусі – скончыла педагагічны інстытут імя М.Танка і адзін курс Маскоўскай Плеханаўскай акадэміі. Так склалася, што па жыцці займала кіруючыя пасады. Некаторы час працавала першым сакратаром Ушацкага райкама камсамола. На поўначы была намеснікам дырэктара рачнога вучылішча, дзе навучалася 700 курсантаў. Пражывала і ў Краснадарскім краі, адкуль быў яе муж. Гэта было якраз у той станіцы, дзе здымаўся фільм “Кубанскія казакі”. А калі воляй лёсу зноў вярнулася на Ушаччыну, 11 гадоў працавала дырэктарам Ільюшынскай школы. А цяпер ужо восьмы год жыве ў Ідуце, адкуль і ідуць яе карані. Хоць часам і сумуе па тым насычаным падзеямі жыцці, але ўсё ж менавіта тут адчувае себя больш вольна і спакойна.
Нягледзячы на тое, што большасць жыхароў у даволі сталым узросце, яны пастаянна займаюцца добраўпарадкаваннем навакольнай тэрыторыі. І нават падбіраюць смецце ажно да аўтобуснага прыпынку, які знаходзіцца наводдаль ад вёскі.
Нядаўна цішыню маленькай вёскі парушылі звонкія і вясёлыя песні. Гэта работнікі культуры вырашылі зазірнуць у Ідуту і наведаць яе жыхароў, калі іх шлях ляжаў на Вялікія Дольцы. Хоць мала сабралася жыхароў паслухаць песні, аднак яны ад усёй душы шчыра дзякавалі гасцям за візіт і за тое, што захоўваюць яны такія вось цікавыя беларускія традыцыі.
В.ПОЛАЗАВА.
На здымку: жыхары Ідуты В.Марозаў, Г.І.Нікіціна, М.П.Марковіч разам з артыстамі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *