Жыхарка аднаго з населеных пунктаў Ушацкага раёна летнія дні 2018 года не ўяўляла без збору ягад. Дапамагаў жа ёй у гэтым бацька, які штораніцы адвозіў у лес на ўласным аўтамабілі. Калі ж у дваццатых чыслах жніўня той не змог сесці за руль, жанчына стала шукаць іншыя варыянты, каб дабрацца ў патрэбнае месца. Тут і прыгадала, што вадзіцельскае пасведчанне ў свой час меў яе свёкар 1953 года нараджэння. На тое, што ў мужчыны пэўныя праблемы са здароўем, а транспартны сродак, на якім меркавалася ехаць, не адпавядаў тэхнічным патрабаванням (шыны задніх колаў не дазвалялі эксплуатаваць ВАЗ), грамадзянка заплюшчыла вочы.
У сем з невялікім гадзін раніцы на пятым кіламетры дарогі Ушачы-Бабынічы на закругленні ўлева мужчына перавысіў хуткасць, не справіўся з кіраваннем і дапусціў занос, што прывяло да перакульвання аўтамабіля. У выніку аварыі грамадзянка атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні – доўга знаходзілася ў коме, а нядаўна памерла.
Па ўзгаданым факце ў адносінах свёкра пацярпелай была ўзбуджана крымінальная справа. Яму, калі б ён быў здаровы, пагражала пазбаўленне волі да пяці гадоў. Па заключэнні ж праведзенай судова-псіхіятрычнай экспертызы ён мае сасудзістую дэменцыю, ці, прасцей кажучы, разумовыя адхіленні. Гэта значыць, у дзень здарэння не мог адэкватна ацэньваць небяспеку сваіх дзеянняў і кіраваць імі. Суд Ушацкага раёна назначыў грамадзяніну прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары са звычайным назіраннем.
Двое ж дзяцей пацярпелай тым часам вучацца жыць без маці…
С.ШАЙТАР, старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта.