Председатель Комитета госконтроля области и прокурор области провели приём граждан и «прямую линию» в Ушачах

Зваротная сувязь Общество

У аўторак сумесны прыём грамадзян і “прамую тэлефонную лінію” з жыхарамі нашага раёна праводзілі пракурор Віцебскай вобласці Вадзім Валянцінавіч Сушчынскі і старшыня Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці Вадзім Уладзіміравіч Заранкін. Удзел у ім таксама прымалі старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка, яго намеснікі, кіраўнікі асобных службаў – каб пры неабходнасці максімальна эфектыўна разабрацца ў сутнасці зваротаў.

“Няўжо так і не будзе ніводнага тэлефанавання?!” – на зыходзе заяўленай гадзіны “прамой лініі” здзівіўся В.У.Заранкін. “Раз няма зваротаў – значыць улады працуюць, праблемы людзей вырашаюцца на месцы”, – рабіў выснову В.В.Сушчынскі. Нізкую актыўнасць грамадзян у многім патлумачыў У.Г.Аўдошка: “Не так даўно прыём праводзіў наш дэпутат, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка, таксама людзі пастаянна звяртаюцца да мяне, намеснікаў. Прычым, па меры магчымасці, стараемся прымаць грамадзян не толькі ў заяўленыя для гэтага дні. Праводзім “прамыя лініі”, сустрэчы ў працоўных калектывах і сельскіх населеных пунктах”.
Такую практыку работы з насельніцтвам В.У.Заранкін і В.В.Сушчынскі адобрылі – яна дапамагае кіраўніцтву раёна ведаць запыты людзей і змяншае колькасць зваротаў у вышэйстаячыя органы. Некаторыя грамадзяне памылкова думаюць, што калі напісаць “адразу ў аблвыканкам”, то праблема вырашыцца хутчэй. Між тым, у пераважнай большасці выпадкаў зварот будзе адрасаваны на разгляд мясцовых улад і часта для зняцця пытання дастаткова паведаміць аб ім нават не ў раённы, а ў сельскі выканаўчы камітэт.
Іншая справа, што не ўсе задаволены вынікамі разгляду сваіх запытаў. Як жыхарка Слабады, якая прыйшла на прыём па пытанні выдалення дрэва на ўчастку суседзяў. З ім, дарэчы, яна звярталася і да У.П.Андрэйчанкі, а да таго – у многія іншыя інстанцыі. Заяўніцу ўважліва выслухалі, удакладнілі некаторыя моманты, падрабязна растлумачылі нормы заканадаўства і тое, што нашы жаданні не заўсёды супадаюць з імі. Пенсіянерцы параілі вырашаць спрэчку з суседзямі праз суд, а каб пацвердзіць агучаныя ёю факты неатрымання пісьмовых адказаў на звароты, пры неабходнасці будзе праведзена праверка.
Работнік ААТ “Ільюшынскі” цікавіўся магчымасцю змянення механізма ўтрымання аліментаў – у зімовыя месяцы, калі памер зарплаты ў гаспадарцы мінімальны, мужчыне амаль нічога не застаецца на пражыццё. В.У.Заранкін і В.В.Сушчынскі падрабязна расказалі аб парадку гэтых дзеянняў, выслухалі дырэктара таварыства Сяргея Анатольевіча Халімоненку і галоўнага спецыяліста райсельгасхарча Алу Іванаўну Папко аб налічэннях заробкаў. Высветлілася, што аліменты ўтрымліваюцца на законных падставах.
Пасля прыёму пракурор Віцебскай вобласці правёў гутарку з прадстаўнікамі мясцовай вертыкалі ўлады аб захаванні антыкарупцыйнага заканадаўства, папярэджанні карупцыйных з’яў у рабоце мясцовых органаў улады, а В.У.Заранкін засяродзіў увагу на праблемных момантах сельскіх раёнаў, якія знаходзяцца пад асаблівай увагай у Камітэце дзяржкантролю – захаванасці кармоў, выкарыстання зямель па прызначэнні, выплаты зарплаты і некаторых іншых.
Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *