В Витебске чевствовали 50 лучших работников области. Среди них и ушачанка Нина Макович

Ими гордятся Экономика и малый бизнес Юбилейные даты

У мінулую пятніцу ў абласным цэнтры адбылася адзінаццатая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў звання “Чалавек года Віцебшчыны”, якая праходзіла ў рамках урачыстага сходу, прысвечанага святкаванню 100-годдзя ўтварэння БССР. Удзел у мерапрыемстве прыняла і дэлегацыя нашага раёна, якую ўзначалілі старшыні раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка і раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч, але галоўным яе прадстаўніком, безумоўна, стала Ніна Мікалаеўна Маковіч – старшы майстар па абслугоўванні і эксплуатацыі жыллёвага фонду УП ЖКГ Ушацкага раёна, якая ўвайшла ў лік 50 лепшых працаўнікоў Прыдзвіння па выніках работы за 2018 год.

Гэта кіраўнікі і спецыялісты, таленавітая моладзь і спартсмены, прадстаўнікі ўсіх сфер грамадства, чые дасягненні і поспехі дазволілі далучыцца да тых, каго па праве называюць гонарам Віцебшчыны. Аб гэтым казаў падчас узнагароджання лаўрэатаў старшыня Віцебскага аблвыканкама М.М.Шарснёў.

Узнёслая музыка ў выкананні сімфанічнага аркестра, гістарычныя кадры на вялізным сцэнічным экране сталі эмацыянальнай застаўкай урачыстасці. Гімн Рэспублікі Беларусь, вынас Дзяржаўнага сцяга і сцяга вобласці, сведчылі аб асаблівай значнасці свята. Сімвалічна, што векавая старонка ў гісторыі краіны супала з узнагароджаннем “залатога фонду Віцебшчыны” – менавіта так назваў уладальнікаў ганаровага звання М.М.Шарснёў.

У сваім звароце ён адзначыў невыпадковасць правядзення цырымоніі ў рамках святкавання 100-годдзя ўтварэння БССР, спыніўся на ключавых момантах гісторыі, у якой было ўсё – грамадзянская вайна, калектывізацыя і індустрыялізацыя, масавы гераізм народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, будаўніцтва і стварэнне новай суверэннай дзяржавы. За ўсімі падзеямі стаяць людзі, сапраўдныя героі не толькі на палях баёў, а і на працоўным фронце, на ніве культуры. І вельмі было прыемна, калі сярод найбольш выбітных дзеячаў, імёны якіх навечна ўпісаны ў гісторыю вобласці, гучалі так добра вядомыя ўшачанам прозвішчы Аляксея Данукалава і Фёдара Дуброўскага, Уладзіміра Лабанка і Мікалая Дземянцея, Петруся Броўкі і Васіля Быкава.

Віцебшчына памятае тых, хто стаяў ля вытокаў, але ганарыцца і сённяшнімі працаўнікамі, дзякуючы якім у рэгіёне адбываюцца пазітыўныя змены ва ўсіх сферах. Старшыня аблвыканкама зрабіў акцэнты на мерапрыемствах святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, поспехах у аграрным сектары, прамысловасці, сацыяльнай, спартыўнай і іншых сферах, праектах Года малой радзімы, падкрэсліў, што трэба наводзіць парадак паўсюдна, прычым не толькі сіламі мясцовых улад.

Самі жыхары павінны падключыцца да гэтай работы: для сябе і для наступных пакаленняў. А прыклад такіх адносін да справы – уладальнікі ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”.

Усім ім М.М.Шарснёў уручыў дыпломы абласнога выканаўчага камітэта і нагрудныя знакі лаўрэатаў конкурсу. Дарэчы, узнагароду атрымаў і сам Мікалай Мікалаевіч – па даручэнні старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіла Мясніковіча і старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расіі Валянціны Мацвіенкі старшыня аблвыканкама ўзнагароджаны памятным медалём за ўмацаванне садружнасці паміж рэгіёнамі Расіі і Віцебскай вобласцю.

Прыемны сюрпрыз чакаў і начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Мікалая Тыльца, які стаў юбілейным, тысячным “Чалавекам года Віцебшчыны” і з гэтай нагоды атрымаў асаблівую грамату і памятны сувенір. Напрыканцы цырымоніі М.М.Шарснёў яшчэ раз звярнуўся да лаўрэатаў конкурсу:

–Дарагія мае землякі! Прыемна віншаваць вас і гаварыць добрыя словы ўдзячнасці. Вы – эліта нашага грамадства, няхай такіх людзей будзе больш. Дзякуючы вам Віцебская вобласць становіцца лепшай, праз вашы поспехі адбываецца ўмацаванне нашага рэгіёна, расце павага да ўсіх жыхароў Віцебшчыны!

Вельмі цяжка параўнаць значнасць дасягненняў пераможцаў. Напрыклад, навапалачанка Святлана Сахоненка стала трохразовай чэмпіёнкай зімовых Паралімпійскіх гульняў па лыжных гонках, а пад кіраўніцтвам яе земляка Аркадзя Генова, прадстаўніка слаўнай дынастыі трэнераў вадналыжнікаў, выхаванцы наваполацкай школы ў 2018-ым толькі на буйнейшых міжнародных стартах заваявалі 64 медалі! Камбайнер Леанід Аляксеенка з філіяла “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” суседняга Лепельскага раёна на жніве мінулага года намалаціў 6346 тон збожжа. З гэтай жа гаспадаркі ветурач Віктар Шаршнёў – першы выпадак у гісторыі конкурсу “Чалавек года Віцебшчыны”, калі ў адзін год перамагаюць намінанты з аднаго прадпрыемства! Пакуль недасягальная мара для нашых жывёлаводаў і паказчыкі аператара машыннага даення з ААТ “Шайцерава” Верхнядзвінскага раёна Алы Сырэвіч – 9178 кілаграмаў малака ад каровы.

Многія лаўрэаты казалі аб тым, што без падтрымкі сваіх калектываў, кіраўніцтва, не было б і вынікаў. Так і Н.М.Маковіч дзякавала калегам і дырэктару УП ЖКГ Ушацкага раёна Станіславу Браніслававічу Завадскаму, які разам з ёй прыехаў раздзяліць радасць перамогі. “Званне Ніны Мікалаеўны – гонар усяго прадпрыемства!” – упэўнены кіраўнік. А сама лаўрэат, якая не лічыць, што здзейсніла штосьці адметнае, агучыла простую формулу, якая дапамагла дабіцца поспеху: “Трэба працаваць з душой, на сумленне, не думаць пра прэміі і пашану. Калі дастойны – цябе абавязкова заўважаць!”

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *