Не адзін дзень майстраваў пажарную машыну шасцікласнік Косця Лабёнак, старанна вырабляла кожную дэталь, заклікаючы берагчы лес ад пажару, першакласніца Маша Рубіс, правілы бяспечнага адпачынку ў аквапарку склала ў цікавае апавяданне Саша Стрыжонак. Больш двух дзясяткаў гадоў творчы конкурс “Выратавальнікі вачыма дзяцей” захоплівае дзяцей розных узростаў.
Сёлета юныя канструктары і мастакі, пісьменнікі і паэты прадставілі на яго больш за паўсотні работ, прысвечаных бяспечным паводзінам дома, на вадзе, на прыродзе, падчас гульняў.
Як адзначыў інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Ушацкага РАНС В.Карэйша, выявіць самых лепшых, як заўсёды, няпроста. Перш за ўсё ўлічваліся арыгінальнасць ідэі, паўната раскрыцця тэмы, мастацкае афармленне, акуратнасць. Так, у намінацыі “Малюнак” лепшымі прызнаны работы Яніны Лабёнак з Арэхаўскай школы, Валерыі Стуканавай і Дар’і Броўка з Ушацкай. Самыя яскравыя плакаты атрымаліся ў Варвары Сіняковай з Ільюшынскай школы, Анастасіі Кавалеўскай і Яны Лабэцкай з Вялікадолецкай. Праявілі фантазію ў стварэнні вырабаў Дар’я Антопуш з Арэхаўскай, Дамініка Лапіцкая з Вялікадолецкай і Марыя Рубіс з Глыбачанскай школ, выдатныя паэтычныя здольнасці праявілі Ілья Юргевіч з Глыбачанскай, Злата Клачок з Ушацкай і Антон Ардынскі з Вялікадолецкай. Аўтарамі лепшых апавяданняў сталі Ангеліна Міцкевіч з Ушацкай, вучаніцы Арэхаўскай школы Аляксандра Стрыжонак і Вікторыя Калітуха. У намінацыі “Мадэль” вылучана спецмашына Канстанціна Лабёнка з Ільюшынскай школы, а сярод “Скульптур малых форм” – агняборца Ксеніі Церашкавец з Глыбачанскай.
Работы пераможцаў раённага этапу адпраўлены ў Віцебск для ўдзелу ў адпаведным абласным конкурсе.
Вольга КАМАРКОВА.