Юные пианисты выступили на сцене детской школы искусств

Наши дети

Элемент спаборніцтва, арыгінальная форма правядзення заўсёды робяць канцэрт куды больш відовішчным. Гэтым меркаваннем кіруецца загадчык фартэпіяннага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў Вера Эдуардаўна Кароткая, калі задумвае выступленні юных піяністаў. Многім запомнілася цудоўная імпрэза, якая ладзілася ў гарадскім скверы напрыканцы вясны, і вось у мінулую пятніцу аматараў класічнай музыкі чакаў чарговы сюрпрыз – “Клавішны батл”.

“Жыццё нярэдка ставіць нас ва ўмовы, калі трэба змагацца за свае ідэі, імкнуцца перамагчы абставіны і канкурэнтаў. Упэўнена, што сённяшні творчы паядынак стане карысным для юных музыкантаў!” – адзначыла Вера Эдуардаўна, распачынаючы батл, правесці які ёй дапамаглі калегі. Сутнасць жа яго была ў супрацьборстве дзвюх каманд, у адну з якіх увайшлі навучэнцы фартэпіяннага аддзялення, а ў другую – вакальнага і харавога, якія таксама асвойваюць гэты інструмент. Батл складаўся з чатырох раўндаў-намінацый, у якіх удзельнікі прадставілі музычныя творы рознага кшталту – былі тут і элегічны менуэт, і гукавая палітра марскога прыбою, і завадны рэктайм. Максімальнымі “дзясяткамі” адзначыла журы выступленне самых маленькіх канкурсантаў Арыны Карэйшы, Златы Коршун, Жэні Дуніка і Мікіты Зільберта. Па-рознаму справіліся з выкананнем старэйшыя вучні, аднак ніхто не дапусціў прыкметных памылак, а значыць, не падвёў сяброў! Прынамсі, была ў зале і яшчэ адна каманда – фан-група, якая падбадзёрвала кожнага ўдзельніка адмысловымі лозунгамі.

У выніку журы (а яно складалася з выкладчыкаў іншых аддзяленняў, а таму ацэньвала найперш не тонкасці выканання, а агульнае ўражанне) зафіксавала баявую нічыю. Юныя музыканты атрымалі салодкія прызы, а яшчэ – слушныя парады, якія дапамогуць і ў творчасці, і ў жыцці. “Не бойцеся брацца за тое, чаго не ўмееце: каўчэг пабудаваў аматар, а прафесіяналы стварылі “Тытанік”, – даў наказ член журы Генадзь Пятровіч Савіцкі. Філасофскія і паўжартоўныя афарызмы агучвалі і гледачы, якія засталіся ў захапленні ад вечара, праведзенага ў яднанні з музыкай. “Прыйшлі сюды ўсёй сям’ёй, бо фартэпіяна для нас – традыцыя, – адзначыла ўшачанка Вольга Карэйша. – Здавалася, зусім нядаўна настаўнікі школы давалі ўрокі мне і маёй сястры Алене Лышко, а вось ужо на харавым аддзяленні асвойвае інструмент мая дачушка Арына. Час скарацечны, а музыка – вечная!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *