Іду сабе адвячоркам няспешна дадому. Гараць ліхтары, мільгаюць святлом фар машыны. Падыходжу па Ленінскай да моста і лаўлю сябе на думцы, што нечага не хапае. Прыгледзелася, ага – прывычнага бляску фішак, якія ўказвалі накірунак праезду. Іх адсутнасць узрадавала – мабыць распачнецца будаўніцтва новай пераправы. Ці камунальнікі вырашылі ўстанавіць стацыянарную агароджу, як паведамлялі раней. Таму на наступны дзень і патэлефанавала намесніку дырэктара Д.С.Шасцярню і пачула, што ні тое, ні другое: фішкі проста зніклі, а каб адшукаць злодзеяў, камунальнікі напісалі заяву ў міліцыю.
Кур’ёзны выпадак. Каму маглі спатрэбіцца пластыкавыя, з святлоадбівальнымі палоскамі каўпачкі? Быў бы Новы год, дык падумала, што нехта пазычыў, каб рыхтавацца да маскараду, а так у чым фішка?
Супрацоўнікі ЖКГ, канечне, спадзяюцца, што згуба з дапамогай праваахоўнікаў знойдзецца. Я ж у чарговы раз прыгадала разбітыя ў скверы гіпсавыя шары, паламаныя дрэўцы ўздоўж Савецкай, сарваныя і замазаныя знакі… Падумала, наколькі няўдзячнымі мы з’яўляемся, не цэнім тое, што робіцца для нашага камфорту і карысці. Усё гэта таксама каштуе грошай, а ў камунальнікаў не хопіць пальцаў на руках, каб пералічаць, дзе каму што трэба ўстанавіць, замяніць, падрамантаваць.
Вось хаця б той жа асфальт у нас на Ленінскай. У канцы вуліцы ўтварыліся такія выбоіны, што нават знакі паставілі, звяртаючы ўвагу вадзіцеляў на небяспеку. Спадзяюся, што пры спрыяльных умовах ямкі абавязкова залатаюць. А вось калі і гэтыя знакі ўкрадуць, то можна не толькі кола пакінуць, а і да сур’ёзнай аварыі недалёка.
Незалежна ад таго, укралі фішкі ці проста нехта “пасваволіў” з дзяржаўнай маёмасцю, мяркую, што ўсё гэта наўрад ці робіцца ў адзіночку ці без сведак. І ад нашай неабыякавасці, грамадзянскай свядомасці залежыць не толькі станоўчае вырашэнне канкрэтных спраў, але і паводзіны насельніцтва ў цэлым. Бо калі дакладна ведаеш, што “фішка” абавязкова “засвеціцца” – адшукаюць і наступіць пакаранне і ганьба – то і не працягнеш рукі да грамадскага.
Вольга Караленка.