Навядзенню парадку на будаўнічых аб’ектах удзяляецца вялікая ўвага. За іх належным станам сочаць шэраг кантрольных органаў – ад уласных спецыялістаў падрадных арганізацый да Дзяржбуднагляда, МНС і Мінпрыроды. Між тым, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва ўказвае на існуючыя ў гэтай сферы праблемы – у краіне больш паловы будаўнічых пляцовак не адпавядае ўстаноўленым патрабаванням. Прычым парушэнні носяць сістэматычны характар. Гэта датычыцца няправільнага складзіравання будаўнічых матэрыялаў, несвоечасовага вывазу смецця, няякаснай агароджы пляцовак, афармлення пашпартоў будаўнічых аб’ектаў. Прыгаданыя факты з’яўляюцца грубым парушэннем, і ў сукупнасці негатыўна ўплываюць на арганізацыю будаўніча-мантажных работ, прыводзяць да парушэнняў тэхналогіі.
“Парадак на будоўлі немагчыма навесці адзін раз і назаўсёды, ён павінен падтрымлівацца пастаянна”, – упэўнены начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Ушацкага раёна Аляксандр Сяргеевіч Лосеў, які ўваходзіць у склад камісіі, што з мэтай выканання пратакола даручэнняў намесніка прэм’ер-міністра краіны У.Кухарава ў сераду накіравалася на праверку асноўных аб’ектаў нашага раёна.
Бывае, што некаторыя пляцоўкі ў перыяд інтэнсіўных работ ператвараюцца ў звалкі смецця і адходаў. І прыемна, што завітаўшы на будоўлю новай дзіцячай школы мастацтваў, мы назіралі адваротную карціну. Матэрыялы тут складзіруюцца ў асобных памяшканнях і не замінаюць вытворчаму працэсу. Смецце, канечне, было, але ў дапушчальных, рабочых аб’ёмах. Аб тым, што на аб’екце не чакаюць яго накаплення, сведчыў і падагнаны да ўваходу прычэп, куды цесляры брыгады С.Курбакі перад абедам збіраліся выносіць непатрэбныя рэшткі будматэрыялаў. Прараб ПМК-66 М.Грыневіч запэўніў, што ачыстка памяшканняў, як і тэрыторыі, якая агароджана па перыметры, робіцца своечасова.
Здаецца, на што можа паўплываць адсутнасць агароджы або раскіданае смецце? Але спецыялісты ўпэўнены, што ад парадку на будоўлі залежыць нават якасць узведзеных аб’ектаў, не тое што бяспечныя ўмовы працы рабочых. А аналіз сведчыць, што вытворчыя траўмы ў галіне часта правакуе менавіта неахайнасць. Напрыклад, падчас будаўніцтва жылога дома ў Фрунзенскім раёне Мінска рабочы зачапіўся за рэшткі матэрыялаў, якімі быў загрувашчаны праход, і заваліўся на металічны штыр – выратаваць жыццё 43-гадовага мужчыны медыкам не ўдалося… Вялікая колькасць няшчасных выпадкаў здараецца з-за таго, што работнікі слізгаюцца або чапляюцца за хаатычна раскіданыя абсталяванне і матэрыялы, наступаюць на цвікі, шрубы, якія тырчаць з піламатэрыялаў. Пры падзенні з 10-15 метраў нават маленькі болт ці дробны інструмент кшталту рулеткі, пакінутыя на лясах, могуць нанесці сур’ёзную траўму. Ахоўная ж агароджа служыць не толькі бар’ерам для доступу на будоўлю пабочных асоб, накіраваным на папярэджанне няшчасных выпадкаў, а і дапамагае пазбегнуць крадзяжу матэрыялаў.
Не ўзнікла вялікіх заўваг у камісіі і пры наведванні ясляў-сада №3, дзе вядзецца капітальны рамон. Сметнікаў не назіралася ні ў будынку, ні на вуліцы, матэрыялы складзіруюцца ў спецыяльна адведзеных памяшканнях, ці акуратна састаўлены ўздоўж сцен і не замінаюць праходу. А вось у агароджы адсутнічалі асобныя пралёты, не аказалася на стэндзе і пашпарта аб’екта.
На музеі народнай славы ён вісіць на відным месцы. Работы на будынку, які не агароджаны, вядуць як ушацкія, так і шумілінскія спецыялісты, і менавіта тут выяўлена найбольшая колькасць хібаў. З фасаднага боку будаўнічага смецця не было, чаго не скажаш пра тэрыторыю з боку рэчкі, якая не бачна з вуліцы. Асобныя праходы аказаліся загрувашчаны матэрыяламі і дошкамі дэманціраванай падлогі. Рабочым указана на парушэнні, дадзены тэрміны на іх ухіленне.
У апошнія гады Беларусь усё часцей становіцца арэнай самых розных мерапрыемстваў сусветнага ўзроўню. Так, напрыклад, набліжаюцца ІІ Еўрапейскія гульні, калі тысячы замежных гасцей наведаюць нашу краіну. Парадак стаў яе візітнай карткай і хочацца, каб ён быў і на будаўнічых пляцоўках, у тым ліку і ў нашым раёне, бо гэта сведчыць аб агульнай культуры вытворчасці.
Д.Раманоўскі.