“Мой дом – мая майстэрня, таму ў мяне заўсёды пануе творчы беспарадак! Заходзьце, калі ласка, зірніце, як я працую!” – гасцінна запрашаў Сяргей Генадзьевіч Андрусенка. Бліжэй пазнаёміцца з разьбяром па дрэве з вёскі Крыжы параілі жыхары Сарочынскага сельсавета, але, як высветлілася, ведаюць пра здольнасці мужчыны і намнога далей.
Рамеснік якраз шчыраваў над арыгінальнай падстаўкай для кветак, паралельна чакаў завяршэння яшчэ і невялікі падсвечнік. Ну а ў розных кутках дома сапраўды ўсё нагадвала пра тое, што жыве тут апантаны майстар: спецыяльныя інструменты, нарыхтоўкі, эскізы работ і распачатыя вырабы.
У наш раён ураджэнец Дальняга Усходу трапіў выпадкова – прыехаў каля 10 гадоў таму з сябрам і вырашыў застацца – так ужо спадабаліся яму мясцовыя краявіды, а яшчэ заварожвала цішыня, якая звычайна спрыяе творчым людзям.
– Па спецыяльнасці я інжынер- электронік, але да дрэва цягнула яшчэ з дзяцінства, пастаянна тое- сёе майстраваў. Памятаю, як не толькі разьбой спрабаваў займацца, а і нават шыццём, – прыгадвае Сяргей Генадзьевіч.
Якія толькі вырабы не выйшлі з-пад рукі гэтага таленавітага майстра! Вазы, падстаўкі, дэкаратыўныя ўпрыгожванні, паліцы, статуэткі, гадзіннікі і многае іншае. Памер яго работ даходзіць і да паўтара метра, напрыклад, ліхтарны слуп. Нядаўна паступіў заказ на адмысловага лесавіка і багатыра. Самай жа складанай работай лічыць метровую русалку, якая нечым падобная была да Алёнушкі вядомага рускага мастака Васняцова. На яе выраб пайшло амаль два месяцы і нават развітвацца з ёй было шкада. “У мастакоў, як і многіх іншых творчых людзей, то тыднямі нічога не атрымліваецца – няма натхнення, то за дзень усё зробіш!” – усміхаецца майстар.
Трэба сказаць, што мужчына вельмі прыдзірліва адносіцца да сваіх вырабаў: у вазе для кветак, якая мне падалася практычна ідэальнай, ён знайшоў некалькі хібаў, адзначыўшы, што яна як мінімум патрабуе дапрацоўкі. Майстар мае справу з любымі відамі драўніны, але пры гэтым зазначае, што ў кожнай свае ўласцівасці. Напрыклад, з сасной ці вольхай працаваць лягчэй, з ліпы робіць буйныя вырабы, з астатніх – дробныя. Як прафесіянал, ён ведае шмат тонкасцей. “Магчыма, думаеце, навошта абгортваю нарыхтоўкі пакетамі? – папярэджвае маё пытанне Сяргей Генадзьевіч. – Гэта для таго, каб дрэва не растрэсквалася, тады ўжо складаней з гэтага кавалка штосьці зрабіць”.
Гатовы выраб ён заскурвае, пакрывае лакам ці аліфай у залежнасці ад таго, дзе будзе знаходзіцца прадмет ручной работы. “Магчыма праз некаторы час на пастаяннае месца жыхарства паеду бліжэй да сталіцы, дзе зараз жыве мая другая палавінка, але гэты куток у Крыжах, няхай і не прывабны катэдж з выгодамі, абавязкова пакіну таксама, каб прыязджаць сюды працаваць з дрэвам і адпачываць душой”, – прызнаецца мужчына.
У цёплы час года творчы працэс ён арганізоўвае на свежым паветры. Да таго ж паспявае садзіць на прысядзібным участку агарод і нават пісаць вершы.
Залатыя рукі – звычайна кажуць пра такіх людзей. С.Андрусенка ж сціпла заўважае: “Проста раблю тое, да чаго ляжыць душа! Мне здаецца, што гэта галоўнае ў жыцці”.
Вольга КАМАРКОВА.