Коммунальники призывают ушачан не загромождать подвальные помещения старой мебелью, мусором, строительными материалами

Общество

Прычэп смецця – не вынік суботніка ці нейкай маштабнай ачысткі грамадскай тэрыторыі, а “інтэр’ер” усяго толькі аднаго падвала дома №4 па вуліцы Камсамольскай. Дарэчы, падобныя “чыстыя чацвяргі” ці маштабную ўборку работнікі камунгаса праводзяць штогод, а каб людзі маглі выкінуць буйнагабарытнае ламачча самі і прыбрацца ў двары – выстаўляюць прычэпы кожную вясну і восень.

Памятаю нашы працоўныя дэсанты на Віцебскай, 2. Мабыць не ўсе прымалі ўдзел, аднак блішчэў і вымецены двор, і падвалы з падсобнымі памяшканнямі, разбіваліся клумбы, ды і з кватэр выносілі непатрэбнае гадамі.

– Такое засталося толькі ў нашай памяці, – спыняе мае, як аказалася, састарэўшыя заўвагі старшы майстар камунгаса па рамонце і эксплуатацыі жыллёвага фонду Ніна Мікалаеўна Маковіч. – Прычэпы мы, як і раней, выстаўляем ва ўсіх дварах, але такога, каб нехта прыбіраў агульную тэрыторыю – не засталося. Добра, калі сваё смецце выкінуць у прычэп, а не ў падвал, на тэхнічны паверх ці за вугал. Вось гэта гара ўтварылася за год. Карыстаюцца людзі нашай дабрынёй, ці тым, што няма часу шукаць сведак і праз суд вызначаць гаспадароў. Канечне, калі заказаць прычэп толькі для сябе, гэта платна, аднак можна патэлефанаваць і мы паспрабуем забраць, спалучыўшы са сваёй работай у мікрараёне дома.

Ды, відаць, жыхары пільна клапоцяцца аб тым, каб камунальнікам было чым заняцца. І не толькі ім. Зусім нядаўна Н.М.Маковіч “гуляла” ў падвале ў квэст разам з аварыйнай службай гаргаза. Жыхарка першага паверха пачула пах газу, вось і выклікала спецыялістаў. Асцярога, на шчасце, аказалася дарэмнай, уцечкі паліва не было, а так моцна пахла разлітая ў адным з падвалаў фарба. А вось каб адшукаць яе ўладальніка, Ніна Мікалаеўна абабегла ўсе кватэры двух пад’ездаў, пакуль адна з жыхарак не падказала, хто нядаўна рабіў рамонт.

У гэтай сувязі камунальнікі ў чарговы раз звяртаюцца да жыхароў з просьбай ні ў якім разе не трымаць у месцах агульнага карыстання рэчы, якія хутка ўзгараюцца. Не загрувашчваць праходы старой мэбляй, будаўнічымі матэрыяламі і іншым. А таксама просяць пранумараваць свае падвалы. І канечне, падтрымліваць тое, што маюць.

Хоць заклікі камунальнікаў часта застаюцца непачутымі. А ім у сваю чаргу не зразумець паводзін людзей. “Мой дом на Віцебскай – самы стары, – гаворыць Н.М.Маковіч, – ёсць што падрамантаваць. Аднак жа нашых жыхароў можна ў прыклад ставіць тым, хто жыве ў новых дамах гэтага мікрараёна. За свае ж грошы будаваліся, а такія неахайныя адносіны да месцаў агульнага карыстання. Абшарпаныя лесвіцы і пралёты, дзверы і вокны. А рамонт такіх грамадскіх месцаў зараз ажыццяўляецца таксама за сродкі жыхароў.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *