Казу – разумную і гарэзлівую жывёліну – некаторыя называюць міні-каровай або каровай бедняка. А між тым, малако козачак вельмі пажыўнае для маленькіх дзетак, асабліва ў якіх дыятэз, і для людзей прыхільнага ўзросту. Яно ўтрымлівае бялкі, вітаміны і аксіданты, якія станоўча ўздзейнічаюць на арганізм чалавека. Тлушчавыя шарыкі куды меншыя, чым у малацэ каровы, добра засвойваюцца кішэчнікам, не выклікаюць дыярэі.
Кантактуючы з жыхарамі па тэлефоне, прыйшла да вываду, што многія трымаюць зусім малапрадукцыйных жывёлін, якія даюць ад 0,5 да 2-х літраў малака ў дзень. Мая каза рускай пароды, з рагамі. Зорачку, старэйшую, купіла ў вельмі добрасумленных людзей і выгадавала сама. Ад яе я надойваю пасля трох акотаў 4 і больш літраў малака ў дзень. Дачка гэтай казы, патомак татэнбургскага казла, пасля першага акоту, пакрытая ў 6 месяцаў, дае каля трох літраў малака.
Многія называюць зааненскімі бязрогіх коз, якія пасля акоту даюць 1,5 літра малака. Хаця, калі яны сапраўды такога віду, то будуць даваць 4-4,5 літра малака і каштаваць 600 долараў.
Нізкая прадукцыйнасць узнікае з многіх фактараў. Перш за ўсё з-за дрэннай бацькоўскай пары. Бывае блізкароднаснае скрыжаванне. Такія козы з пакалення ў пакаленне выраджаюцца.
Цяпер пра кармленне. Мае козы ядуць усё: траву, яблыкі, рэшткі памідор, агуркоў, капусты. Даядаюць за намі боршч і суп, вараныя нават з мясам.
Коз не пасу, кармлю ў загарадцы. Яны могуць схавацца ад спякоты ў цянёк. Малочных прадуктаў хапае і нам, і сабаку (ён такі гладкі). Сыраватку выпіваюць парасяты. Козы таксама могуць выпіць.
Даю коз два разы ў суткі, праз 12 гадзін, заўжды ў адзін час.
Калі купляеце гэтую жывёліну, трэба глядзець, як каза есць траву. Калі па адной травінцы, ніколі малака не дасць. Мае козы хапаюць траву , нібы даўно не елі нічога.
Козы вельмі любяць сваю гаспадыню. Нават раўнуюць адну да адной. Змена гаспадара, свайго статка – для казы моцны стрэс. Можа нават зусім не даць малака, пакуль не прывыкне.
Лепш за ўсё купіць маладняк. Яны лепш прывыкаюць і такія хуткаспелыя, пакрываюцца ў 6 месяцаў, у год ужо дояцца.
Я ніяк не магла дапусціць думкі, што завяду коз, бо не ведала, як з імі абыходзіцца, як даглядаць: карміць, паіць, даіць. Але набыла. Звярталася да людзей, дзе купіла, нават па дробязных пытаннях і часта. І дзякуй, ніколі не пачула адмовы. Цяпер усім магу даць любую інфармацыю.
Каза служыць не адзін год. У літаратуры пішуць, што пасля дзевяці год надой зніжаецца. Але людзі трымаюць і па 12 пры тым жа надоі.
Так што, паважаныя, гадуйце коз, толькі высокаўдойных. І будзеце здаровы.
Г.СУРВІЛА, в.Лутава.