Интересный разговор про безопасность и не только. Начальник Витебского областного управления МЧС С.Н.Мелешкин встретился с представителями СМИ

Cлужба-101

Напярэдадні Дня выратавальніка начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС С.М.Мялешкін правёў прэс-канферэнцыю для рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ. У ліку запрошаных на мерапрыемства была і газета “Патрыёт”. Сяргей Мікалаевіч узначаліў упраўленне крыху больш двух месяцаў таму, да гэтага ўраджэнец Полацка быў першым намеснікам начальніка ў Гомельскім аблупраўленні. Размова атрымалася цікавай і разнапланавай.

Акцэнт на прафілактыку

Пачалася гутарка з планаў на новы год, адзін з асноўных – узмацніць прафілактычную работу, каб знізіць колькасць пажараў і гібель людзей на іх. У параўнанні з мінулым годам колькасць загінуўшых у рэспубліцы ў студзені ўзрасла больш чым удвая! Не лепшым чынам у агульнай карціне выглядае і Віцебшчына. Таму ўжо актывізавана работа ўсіх суб’ектаў прафілактыкі. “У апошні час назіраецца рост пажараў і на прадпрыемствах, таму мы зоймем больш жорсткую пазіцыю. Але згадзіцеся, што не інспектар павінен больш перажываць за бяспеку на прадпрыемстве, а кіраўнік”, – адзначыў С.М.Мялешкін.

Быць з дадаткам і апавяшчальнікам

“Зайшлі ў мабільны дадатак “МНС. Дапамога побач”, убачылі, што заўтра моцны вецер і можна раней не ўставаць, каб зрабіць прычоску!” – з жарту Сяргей Мікалаевіч пачаў размову пра магчымасці сучасных тэхналогій. Насамрэч, дадатак дазваляе кожнаму ўладальніку смартфона ці планшэта не толькі быць у курсе неспрыяльных прагнозаў надвор’я, а і мець пад рукой інфармацыю, як дзейнічаць у надзвычайнай сітуацыі. “Падчас стрэсу чалавек губляецца, не ведае, што рабіць. Праглынула дзіця іншародны прадмет, і ў чаканні медыкаў па аўдыёпадказках вы зможаце аказаць першую дапамогу – у падобных выпадках дарагая кожная секунда! Ці заблудзіліся ў лесе (у сезон такое часта бывае), кнопка выкліку “112” працуе нават пры адсутнасці інтэрнэту”, – адзначыў Сяргей Мікалаевіч. Параіў ён і кожнаму абавязкова ўстанаўліваць у домаўладаннях аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Можна прывесці шмат прыкладаў, калі гэты прыбор ратаваў цэлыя сем’і (ёсць такія і ў нашым раёне). Пажадана, каб ён быў у кожным жылым пакоі.

Пра добраахвотнікаў

Папрасілі журналісты пракаменціраваць інфармацыю аб тым, што МНС прапануе жыхарам вобласці стаць удзельнікамі сацыяльнага праекта па развіцці добраахвотнага руху і аказанні дапамогі выратавальнікам. Калі грамадзянін гатовы адгукнуцца на чужую бяду, з’яўляецца ўладальнікам снегаходаў, квадрацыклаў, поўнапрываднога транспарту, які можа паслужыць ва ўмовах бездарожжа, варта патэлефанаваць па “101” ці “112” і яго ўнясуць у даведачна-інфармацыйную базу і пры неабходнасці задзейнічаюць у ліквідацыі надзвычайных сітуацый. “Адпачываеце вы дома ля тэлевізара, а за акном непагадзь кшталту “Хав’ера”, і вы думаеце: дай дапамагу людзям! Нагадаю, што ў нашай краіне дзейнічае Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства. Бо яшчэ ў даўнія часы з бядой спраўляліся талакой, а калі здараўся пажар, то ўсе са сваім вядром беглі дапамагаць і ланцужком перадавалі ваду. Сучаснае ж пакаленне ў выпадку здарэння ў першую чаргу дастае мабільны тэлефон, каб зняць відэа”, – падкрэсліў начальнік упраўлення.

Мадэрнізацыя прадоўжыцца

Новы будынак пажарнай аварыйна-выратавальнай часці летась упрыгожыў Ушачы і палепшыў умовы працы нашых выратавальнікаў. На сёлетні год таксама запланавана рэканструкцыя і будаўніцтва новых часцей у Гарадоцкім і Аршанскім раёнах і Полацку ў мікрараёне “Аэрадром”, які ў апошнія гады імкліва забудоўваецца.

Плануецца таксама і набыццё новай тэхнікі і спецыяльнага абсталявання. Так, сёння па вобласці актыўна ідзе высотнае будаўніцтва і ўжо распрацаваны графік на набыццё 10-ці высотных лесвіц, якія будуць перададзены ў рэгіёны.

І нават штаб супергерояў

“За свой працоўны шлях мне давялося бачыць 75 загінуўшых на пажарах дзяцей… На жаль, кожны год лічбы статыстыкі няўмольныя. Мы вучым дзяцей быць ветлівымі, клапоцімся аб іх здароўі, хочам, каб яны раслі разумнымі. А найперш трэба навучыць дзіця правілам бяспекі. Мы, бацькі, не павінны перакладваць гэту задачу на сістэму адукацыі. МНС шмат працуе ў накірунку навучання дзяцей бяспецы – гэта і гутаркі, і спецыяльныя мультфільмы, размалёўкі, цацкі,” – адзначыў Сяргей Мікалаевіч. Дарэчы, у апошні час з’яўляюцца спецыяльныя іміджавыя аб’екты МНС, дзе хлопчыкаў і дзяўчынак вучаць правілам паводзін праз цікавыя гульнявыя формы. Так, пасля прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў СМІ запрасілі на адкрыццё “Штаба абучэння супергерояў” – першы ў Беларусі падобнага кшталту квест-пакой адкрылі ў віцебскім гандлёвым цэнтры “Эвіком”. Тут заняткі з дзецьмі будуць праходзіць у форме расследавання надзвычайных сітуацый, у якія могуць трапіць маленькія супергероі. Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў У.У.Цярэнцьеў, які прысутнічаў на ўрачыстым адкрыцці аб’екта, высока ацаніў старанні віцебскіх выратавальнікаў і выказаў упэўненасць, што адмысловы “штаб” пуставаць не будзе.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *