У адзін з дзён у Павуллі загарэўся жылы дом. Прыбыўшым на месца выратавальнікам суседзі паведамілі, што ўнутры, магчыма, знаходзяцца 4 чалавекі. У задымленае памяшканне, не задумваючыся, накіраваўся камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 аграгарадка Глыбачка Руслан Басуеў, але пошукі людзей не далі выніку (як высветліцца пазней, яны самастойна пакінулі будынак праз іншы выхад). Незнаёмая планіроўка і нулявая бачнасць… выйсці з дымавога палону выратавальнік змог толькі па пажарным рукаве.
Мікалаю Басуеву ў адно з дзяжурстваў давялося выязджаць на дапамогу полацкім калегам у Блізніцу. Уначы загарэлася шматпавярхоўка, а людзі ў гэты час мірна спалі… Хлопец у складзе звяна газадымаабароннай службы накіраваўся ўнутр. З двух паверхаў выратавальнікі змаглі вывесці пецярых чалавек, адзін усё ж загінуў…
За гады службы надзвычайных сітуацый у братоў Басуевых было нямала, у тым ліку і такіх, калі прыходзілася рызыкаваць сваім жыццём. А калісьці нават не думалі, што звяжуць сваю дзейнасць менавіта з такой няпростай справай. Руслан, адслужыўшы ў пагранічных войсках, вярнуўся ў родныя Ушачы і працаваў трэнерам па футболе ў ДЮСШ, пазней прадоўжыў свой працоўны шлях у ахове, а потым уладкаваўся ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. На працягу 15 гадоў ён з’яўляецца камандзірам аддзялення на пасце ў Глыбачцы. Можна сказаць, што па яго слядах ішоў і Мікалай, які ў 2008-м папоўніў калектыў выратавальнікаў. Працаваў як ва Ушачах, так і на раёне. “Адзін час ён нават узначальваў Глыбачанскі пост, а я быў у яго ў падпарадкаванні, але паслаблення па-брацку не даваў!” – з усмешкай прыгадвае Руслан. Зараз Мікалай Басуеў – старшы пажарны ў пажарнай часці №1.
Як і ўсе выратавальнікі, яны выдатна памятаюць свае першыя баявыя выезды.
“Я тады якраз стажыраваўся і адказных заданнняў не выконваў, толькі “прынясі-падай”, як кажуць. А так ужо хацелася прайсці “баявое хрышчэнне”! І тут паступіў сігнал са Старога Сяла аб пажары ў двухпавярховым доме. Экзамен свой вытрымаў дастойна, тады ніхто не пацярпеў, моцнае задымленне ўчыніла кампанія нядобранадзейных грамадзян,” – прыгадвае Руслан.
Куды больш складаным атрымаўся першы выклік у Мікалая. Падзеі разгортваліся вясной якраз на Вялікдзень. У вёсцы Бараўляны агонь імкліва бег па сухой траве, захапіўшы аж 12 пабудоў – нежылыя дамы, хлявы і адрыны. Сітуацыю ўскладніў моцны вецер. “Той дзень стаў асабліва гарачым, не адну гадзіну змагаліся з узгараннем. Па традыцыі навічкоў пасля першага тушэння абліваюць вадой незалежна ад месца і пары года. “Працэдура” часам не надта прыемная, мне ж тады было так горача, што ўжо марыў, каб на мяне хутчэй хлынуў паток вады!” – расказвае Мікалай.
Дарэчы, менавіта перыяд палаў выратавальнікі лічаць самым няпростым часам года, калі іншы раз не паспяваюць вярнуцца з аднаго выкліку, як паступае другі. У напружанні праходзіць і кожная ноч на дзяжурстве, бо абсалютная большасць узгаранняў адбываецца, калі людзі засынаюць і не заўважаюць іх. Аб пажары часта паведамляюць суседзі, але да гэтага моманту агонь вырываецца наверх і шанцы выратаваць людзей зніжаюцца. За сваю няпростую працу, як расказваюць героі нашага аповеду, прыходзіцца чуць не толькі ўдзячнасці, а і прэтэнзіі: доўга ехалі, вада хутка скончылася, і нават не так тушыце. Але да такіх выпадкаў яны адносяцца спакойна і стрымана, як і да анекдотаў пра тое, што пажарныя спяць па 25 гадзін у суткі.
Ёсць у іх практыцы і нестандартныя здарэнні. Так, напрыклад, жыццём абавязаны выратавальнікам рыбак, які нецвярозы заснуў на возеры ў Глыбачцы і па лёдзе яго цягнулі да берага больш паўкіламетра. Там жа аддзяленне Р.Басуева неяк не дало загінуць і лебядзінай сям’і. Аднойчы даводзілася здымаць з даху дома пародзістага ката, які, па словах гаспадароў, не мог вярнуцца на зямлю сам. А ў першы дзень гэтага года выязджаць на здарэнне з турыстычным аўтобусам.
Калі няма трывожных выклікаў, на месцы сядзець не прыходзіцца. Пажарным трэба падтрымліваць парадак на пасце і ў часці, займацца добраўпарадкаваннем, рыхтавацца да залікаў па фізічнай і пажарнай падрыхтоўцы. Акрамя гэтага, Руслан і Мікалай Басуевы часта задзейнічаны на работах па аказанні платных паслуг. Гэта выдаленне аварыйных дрэў, знос старых дамоў, праверка газавентканалаў, ліквідацыя гнёзд небяспечных насякомых, а летась да гэтага спісу далучылася яшчэ і барацьба з баршчэўнікам. З разуменнем адносяцца яны і да неабходнасці ў свой выхадны выйсці на суботнік ці абараніць гонар аддзела на спартыўным мерапрыемстве, асабліва калі гэта футбольныя баталіі. Мікалай – выдатны варатар, а Руслан – нападаючы. “Усё наша дзяцінства прайшло на школьным стадыёне, дзе мы пастаянна ганялі мяч! З гадамі не страцілі інтарэсу да гульні!” – кажуць хлопцы. Прайшоўшы снежань выдаўся для іх напружаным: супалі гульні раённага чэмпіянату па міні-футболе і абласнога сярод работнікаў МНС. У многім высокія вынікі (другое і чацвёртае месцы) – заслуга братоў. Мікалай і зараз перажывае, што ў апошнюю гульню не змог выйсці на поле з-за сур’ёзнай траўмы.
Спраўляцца з усімі цяжкасцямі ім дапамагае не толькі моцны характар, а і братэрская падтрымка.
Вольга КАМАРКОВА.
***
Многія свае якасці Руслан і Мікалай Басуевы перанялі ад бацькі Івана Харытонавіча, які ганарыцца сынамі і з вялікай павагай ставіцца да ўсіх супрацоўнікаў выратавальнай службы. Свае думкі ён выказаў у вершаваных радках.
Спасателям
Горит над посёлком, как будто маяк,
Над частью пожарной ваш пламенный знак.
Так пусть охраняет спасателей он,
Бездымным пусть будет Ушачский район.
Бывает, тревожные сны вижу я,
Ведь службу несут здесь мои сыновья.
Тут крепкие парни, всегда вы дружны:
Такие ребята району нужны!
Тревога – и вмиг выезжает расчёт:
Он мчится туда, где мгновенья под счёт,
Где чёрного дыма висит пелена,
Где рвётся наружу огонь из окна.
И в пламя отважно бросаетесь вы,
Рискуя, чтоб люди остались в живых.
Насыщены ваши рабочие дни:
Достать из колодца и из полыньи,
Помочь пострадавшим всегда и везде –
В коварном огне и в опасной воде!
И в спорте, спасатели, вы – лучше всех!
Вы дружной командой куёте успех!
Хочу, чтобы каждый из вас был здоров,
А также желаю сухих рукавов!