Социальная служба Беларуси отметила вековой юбилей. Лучших работников отрасли чествовали и в Ушачах

Юбилейные даты

Сацыяльная служба Беларусі адсвяткавала 100 гадоў з моманту свайго заснавання. Яркае мерапрыемства з гэтай нагоды прайшло на бягучым тыдні ва Ушачах. Віноўнікаў урачыстасці чакала нямала сюрпрызаў і насычаная праграма, напоўненая шчырымі віншаваннямі, музычнымі нумарамі.
Пасля ўтварэння ў 1924 годзе Ушацкага раёна пачаў работу сялянскі камітэт грамадскай узаемадапамогі, які і стаў пасля раённай службай сацыяльнага забеспячэння. У апошнія часы загадчыкамі аддзела, які больш прывычна называлі “райсабес”, былі Раіса Мікалаеўна Коршун, Таццяна Леанідаўна Бухалка, Наталля Мікалаеўна Хілько. У 1988 годзе тут створана аддзяленне сацыяльнай дапамогі на доме. Першым яго загадчыкам стала Тамара Васільеўна Сямёнава, а сацыяльным работнікам – Тамара Іванаўна Юркевіч, якія ўдзвюх абслугоўвалі 23 грамадзян. У 1995-м аддзел сацыяльнага забеспячэння перайменаваны ў аддзел сацыяльнай абароны райвыканкама, а ў 2001-м створана ўпраўленне па працы і сацыяльнай абароне.

Праз год на Ушаччыне быў адкрыты тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Першы яго дырэктар – Зінаіда Іванаўна Пракапенка. Яе справу працягвалі Наталля Мікалаеўна Марковіч і Алеся Уладзіміраўна Хвашчэўская. У дружным калектыве ТЦСАН зараз працуе 141 чалавек, з якіх 85 – сацыяльныя работнікі, 39 – спецыялісты са стажам звыш 10 гадоў.

Сучаснае сваё найменне ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама атрымала ў 2006 годзе. Служба, якая аб’яднала некалькі структур, зараз аказвае дапамогу пажылым людзям, інвалідам, сем’ям і дзецям, садзейнічае занятасці насельніцтва, паляпшае сацыяльна-эканамічныя ўмовы яго жыццядзейнасці.

Сацыяльная работа патрабуе ад чалавека не толькі ведаў, але і высокіх душэўных якасцей. Толькі той, хто спаўна надзелены дабрынёй, здольнасцю да суперажывання, можа затрымацца ў названай сферы і дасягнуць поспехаў. Менавіта такіх спецыялістаў падчас урачыстасці віталі са сцэны старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч, старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка і намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч.

– Вельмі рада сёння быць разам з вамі, – прызналася Наталля Мікалаеўна, якая ўзначальвала ТЦСАН 12 гадоў. – Наша сацыяльная служба працуе з усімі катэгорыямі грамадзян і суправаджае чалавека на працягу цэлага жыцця. Шчыра жадаю, каб па гэтай сцяжынцы дабрыні вы крочылі ўпэўнена і дастойна. Асаблівая ўдзячнасць ветэранам калектыву, якія заклалі той трывалы фундамент, што развіваецца ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі.

Шмат было ў гэты дзень віншаванняў і заслужаных узнагарод, прычым, не толькі раённага ўзроўню. Так, Ганаровай граматай камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама адзначаны бухгалтар ТЦСАН Тамара Фёдараўна Хамёнак, Падзякай старшыні камітэта – намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела назначэння пенсій і сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Вікторыя Станіславаўна Гугіна, галоўны спецыяліст гэтага ж аддзела Кацярына Аляксандраўна Габлая, а таксама прадстаўнікі ТЦСАН: інспектар па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі на доме Таццяна Віктараўна Аўдошка, спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Тамара Уладзіміраўна Кляпец і загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Таццяна Анатольеўна Шышко.

Шчыра вітала калег А.У.Хвашчэўская. Лісты падзякі дырэктара ТЦСАН Ушацкага раёна атрымалі ў гэты дзень сацыяльныя работнікі Наталля Аляксандраўна Спірыдовіч, Ніна Іванаўна Лычук, Валянціна Сяргееўна Быкава, Ніна Пятроўна Хамёнак, Ганна Уладзіміраўна Андрэйчык, Ніна Мікалаеўна Гатаўская, Святлана Фёдараўна Каваленка, Тамара Мікалаеўна Хадан, Галіна Ягораўна Юдзінцова, вадзіцель цэнтра Віктар Пятровіч Долгі, а таксама былы сацработнік Мікалай Сцяпанавіч Новікаў.

Не засталіся без увагі і іншыя ветэраны. Усім тым, хто змог прыйсці на ўрачыстасць, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Пятроўна Васілеўская ўручыла памятныя падарункі.

– І пасля выхаду на пенсію мы адчуваем дачыненне да патрэбнай народу справы, – прызналася Святлана Васільеўна Маршалава, былы спецыяліст аддзялення па аказанні адраснай сацыяльнай дапамогі. – Часта падказваем знаёмым магчымыя шляхі вырашэння пытанняў, што знаходзяцца ў кампетэнцыі службы. І, канечне, вельмі прыемна, што нас, ветэранаў, не забываюць.

З пачэснай місіяй завітала на ўрачыстасць старшыня раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Т.М.Малак. Яна падзякавала за падтрымку і разуменне, расказала пра тое, куды накіроўваюцца сабраныя грамадскім аб’яднаннем сродкі. За актыўны ўдзел у акцыях і праектах Фонду Таццяна Міхайлаўна ўручыла ТЦСАН сертыфікат на суму 300 рублёў ад Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру. За міласэрнасць да пажылых людзей Лісты падзякі раённай арганізацыі аб’яднання ўручаны сацыяльным работнікам Людміле Іванаўне Крывёнак, Наталлі Леанідаўне Малахавай, Людміле Васільеўне Тычыне.

Прысутнічалі на свяце і кіраўнікі многіх прадпрыемстваў, арганізацый Ушаччыны, якія традыцыйна аказваюць садзейнічанне сацыяльнай службе ў вырашэнні розных пытанняў. Дапоўнілі ж святочную праграму канцэртныя нумары ў выкананні культработнікаў раёна.

Мерапрыемства сапраўды было цудоўным. Вось толькі стаць яго ўдзельнікам атрымалася, на жаль, не ва ўсіх жадаючых. Так, раніцай да нас у рэдакцыю патэлефанавала жыхарка вёскі Градзянец Галіна Сцяпанаўна Качан.

– З’яўляюся інвалідам першай групы і разам з мужам Мікалаем Паўлавічам знаходжуся на абслугоўванні ТЦСАН, – казала жанчына. – Хачу падзякаваць сацыяльнаму работніку Кацярыне Васільеўне Аўдошка, якая на працягу многіх гадоў робіць усё, каб наша старасць была камфортнай. Нізкі паклон гэтаму шчыраму чалавеку, выдатнаму спецыялісту! А такіх на Ушаччыне шмат.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *