Татьяна Рамашевская всегда встречает покупателей искренней улыбкой

Ими гордятся

Кожнаму з нас прыемна зайсці ў магазін, дзе прадавец сустрэне шчырай усмешкай, параіць тавар, праводзіць з набытай пакупкай словамі “Калі ласка, прыходзьце яшчэ”. Да ліку такіх можна аднесці “Мясную лаўку” райспажыўтаварыства – ушачане і госці райцэнтра з удзячнасцю адгукаюцца аб прадаўцах гандлёвай кропкі, асабліва адзначаюць ветлівасць яе загадчыцы Таццяны Рыгораўны Рамашэўскай.

У сферы гандлю ўраджэнка вёскі Ваўчо адносна нядаўна, хаця і марыла аб прафесіі прадаўца з дзяцінства, а ў юнацтве атрымала адпаведную адукацыю ў Полацкім гандлёвым каледжы. Дагэтуль жа давялося нямала папрацаваць у іншых сферах, прайсці, як кажуць, сапраўдную школу жыцця.

– Гатаваць заўсёды любіла, таму на пасаду памочніка повара ў Арэхаўскай школе пайшла з задавальненнем, – расказвае пра пачатак сваёй прафесійнай дзейнасці Т.Р.Рамашэўская. – Бывала, пойдзе повар на бальнічны – тады самастойна “кашаварыла” на ўсіх 150 чалавек. За восем гадоў займела неблагі кулінарны вопыт. Яго ацэньваюць мае блізкія – любімыя катлеты для мужа і дзяцей гатую кожны дзень, толькі мяняю начынку ці эксперыментую з прыправамі. А рэалізуючы прадукты ў “Мясной лаўцы”, магу штосьці параіць пакупнікам па прыгатаванні.

Карысным стаў для Таццяны і вопыт работы ў КУСГП “Арэхаўна”. На працягу шасці гадоў была запраўшчыцай, праз яе праходзіла шмат дакументацыі, якую неабходна хутка аформіць і сістэматызаваць. Калі ж у гаспадарцы ўзніклі фінансавыя цяжкасці, а жанчыне трэба было падымаць на ногі дзяцей, яна вырашыла шукаць больш стабільную работу.
– Памятаю, як дырэктар “Харчгандлю” Л.І.Каваленка прапанавала мне месца ў магазіне “Ветэран” – і адразу на пасаду загадчыцы, – расказвае Т.Р.Рамашэўская. – Такая перспектыва мяне пужала. Думала, што не здолею запраўляць усімі справамі, кіраваць калектывам, хоць і невялікім – усяго два прадаўцы. Але ж Людміла Іванаўна мяне ўгаварыла і на першых парах аказвала неабходную дапамогу, за што ёй вельмі ўдзячна.
Нямала выпрабаванняў на плечы загадчыцы і прадаўца па сумяшчальніцтве легла пасля мадэрнізацыі гандлёвай кропкі. Пакупніцкі ажыятаж у “Мясной лаўцы” ўражваў, тавараабарот вырас ажно ў тры разы – за месяц тут атрымлівалі каля 600 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Каб не ўзнікала чэргаў, імкнуліся як мага хутчэй абслугоўваць пакупнікоў. Свае ж папяровыя справы, якіх было шмат, Таццяна Рыгораўна пакідала на вечар, таму нярэдка затрымлівалася на рабоце, выходзіла па выхадных і ў святы.
– Ва ўсім трэба шукаць плюсы, – усміхаецца Т.Р.Рамашэўская. – Вось і такі рэжым, хоць і адняў сілы, затое “навёў” фігуру – за кароткі час схуднела ажно на 20 кілаграмаў!
Таццяна Рыгораўна ніколі не лічыла сябе “важным начальнікам”, ніякіх спраў не цуралася. У магазін яна штодня прыходзіць задоўга да яго адкрыцця – каб пачысціць латкі, працерці вітрыны. Далей, калі ёсць патрэба, персанальна едзе на бойню, выбірае мяса на рэалізацыю – за дзень разыходзіцца каля 200 кілаграмаў. Ну і, вядома ж, зробіць заяўкі – каб паліцы “Мясной лаўкі” не пуставалі, а ў пакупнікоў быў шырокі выбар. Дарэчы, попытам тут традыцыйна карыстаюцца свежае мяса, фарш, каўбасы – на іх у спецыялізаваным магазіне зніжаны гандлёвыя надбаўкі.

Прыемна, што добрая работа не застаецца незаўважанай. Таццяна Рыгораўна не раз адзначалася рознымі ўзнагародамі райспажыўтаварыства. А па выніках 2017 года яе прозвішча занесена на раённую Дошку гонару.

Не менш значныя заслугі Т.Р.Рамашэўская мае і ва ўласным жыцці. Разам з мужам, з якім дружна жывуць вось ужо 21 год, выхоўваюць дваіх дзетак. Старэйшы сын атрымлівае зараз вышэйшую адукацыю ў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, а малодшая дачушка паспяхова вучыцца ў сёмым класе. Па слядах жанчыны пайшла пляменніца Вікторыя – дзяўчына зараз працуе ў кулінарным цэху райспажыўтаварыства.
А ў выйгрышы ж ад абаяльных і старанных прафесіяналаў усе мы – пакупнікі.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *