“Ну што ж гэта за ветаптэка, калі няма латкоў ці дыванкоў для заточвання кіпцюроў?” На падобныя рэплікі Эма Аляксандраўна Лукашэвіч зусім не крыўдзіцца. Аднак і не прапускае міма вушэй. Яны падштурхоўваюць яе да пошуку новага тавару. Як будуць напоўнены паліцы, залежыць пераважна ад яе, хоць заснавальнікам гэтай ветэрынарнай аптэкі ва Ушачах з’яўляецца адкрытае акцыянернае таварыства “БелВітуніфарм”. Прычым, наш раён аказаўся першым, дзе Віцебская фабрыка па вытворчасці лекаў для жывёлы абсталявала гандлёвую кропку, якая ў сваю чаргу аказалася эксперыментальнай.
І відаць, эксперымент удаўся, бо заснавальнікі мяркуюць адкрыць свае аптэкі ў Лепелі, Оршы, а ў перспектыве і ў іншых раёнах вобласці, а для прасоўвання сваёй прадукцыі нават адгалінавалі даччыную фірму – гандлёвы дом “Віцебская біяфабрыка”.
Цяпер у раёне тры ветаптэкі. Нагадаем, што адна ўвесь час працуе пры ветстанцыі, прыватная адкрыта некалькі год таму і таксама знаходзіцца ў камбінаце бытавога абслугоўвання, адрозненне гэтай у тым, што яна гандлюе сваёй прадукцыяй. Сыроваткі, вакцыны, антыбіётыкі, антымікробныя сродкі, мазі, кансерванты – адзіная біяфабрыка краіны, якая працуе з 1930 года, на сённяшні дзень выпускае больш 100 найменняў складаных лячэбных і дыягнастычных прэпаратаў для ветэрынарыі. І цэны на тавар, зразумела, з мінімальнымі гандлёвымі надбаўкамі.
Ну а што выбраць, нават калі вы самі добра не ведаеце чым лячыць гадаванца, дапаможа Эма Аляксандраўна – ветэрынарны фельчар па адукацыі і прафесіянал з вялікім стажам. Усё жыццё яна адпрацавала ў аптэцы пры ветстанцыі, а не паспела выйсці на пенсію, як атрымала прапанову стаць гаспадыняй гэтай кропкі ў КБА. “Як бачыце, тут шырокі асартымент сродкаў для лячэння кароў, коз, свіней, коней ды і катоў з сабакамі, – паказвае жанчына напаўненне паліц. – Акрамя ветпрэпаратаў, заказваю кармавыя дабаўкі ў мінскай фірме “Эканом-агра”, а таксама фабрыка супрацоўнічае з расійскімі вытворцамі. І калі лекавыя сродкі прыватнікі набываюць не вельмі часта, то вось лізунцы, якія ўтрымліваюць мікраэлементы, для цялят, коз, “Рабушку” ці “Вушасціка” – кармавыя дабаўкі для курэй-нясушак або трусоў, корм для катоў і сабак – намнога часцей. Ёсць у нас шампуні, спрэі, гелі для жывёлы, якія, здараецца, людзі набываюць і для сябе, як больш эфектыўныя, напрыклад, ад перхаці”.
У вельмі прасторнай па плошчы аптэцы (да гэтага тут размяшчаўся магазін “Тэхнакрас”) нельга было не заўважыць некалькі клетак для птушак, мяккіх утульных домікаў для катоў, а таксама рознай дробязі па доглядзе за жывёлай: шчыльныя пальчаткі, халаты, шчыпцы і падобнае. І такія “гарадскія штучкі”, як напаўняльнікі латкоў.
– А як жа, многія ўласнікі кватэр трымаюць гадаванцаў. Калі ў ветстанцыі мы працавалі пераважна з лекавымі сродкамі для жывёлы, то тут і такія рэчы заказваю, калі пытаюцца. Вось цяпер попыт на “антысэкс” – сакавік жа наперадзе. У пошуку тавару мне вельмі дапамагае папярэдні вопыт, паколькі на “Ветзабеспячэнні” я ведаю не толькі работнікаў, але і размяшчэнне тавару, ды і з многімі іншымі фірмамі супрацоўнічалі.
Аптэка працуе не толькі для прыватнікаў, аднак гаспадаркі не маюць вольных сродкаў, таму і нячаста сюды заглядваюць. Акрамя “Ільюшынскага”, які, па словах загадчыцы, з’яўляецца пастаянным кліентам.
“Да нас яшчэ не прывыклі, не ўсе ведаюць, што працуем, але гэта справа часу”, – упэўнена Э.А.Лукашэвіч.
Вольга Караленка.