Житейские проблемы Нового Села

Общество

У пятніцу першы намеснік старшыні райвыканкама А.Я.Вайцянкоў правёў выязны прыём грамадзян у вёсцы Новае Сяло Ушацкага сельсавета. Прыём па сутнасці ператварыўся ў агульны сход вёскі. Ля дома старэйшыны Зінаіды Сцяпанаўны Чульбы сабралася многа людзей (на здымку), і кожны актыўна выказваўся аб тым, што хвалюе.

Антаніна Яфімаўна Рубанік прасіла ўбраць дрэва ля дома. Яно сапраўды можа стаць пагрозай для пабудовы жанчыны, паколькі вельмі вялікае і сухое. Старшыня сельвыканкама ўзяў гэтае пытанне пад свой кантроль і будзе шукаць магчымасць спілаваць сухастой.

Сумесна з жыхарамі вёскі вырашана навесці парадак на могілках.

Непакоіла жыхароў пустазелле, якое падступае да вёскі з розных бакоў і ўяўляе пагрозу ў пажаранебяспечны час, а таксама стагі, што сціртаваліся раней “Райаграсервісам” ля вёскі.

Аляксандр Ягоравіч паабяцаў, што просьбы жыхароў будуць улічаны. Наводзіць парадак вакол вёскі неабходна тым прадпрыемствам, каму належыць зямля – “Райаграсервісу”, фермерскай гаспадарцы “Пятачок”, дарожнікам і, канечне, самім жыхарам. Бо калі ў цэлым вёска выглядае прыгожа, дзякуючы патанаючым у квецені дагледжаным сядзібам, то ёсць асобныя будынкі, вакол якіх не праходзілі нават з касой.

Адказаў А.Я.Вайцянкоў і наконт барацьбы з баршчэўнікам: “Праблема гэта ўсяго раёна, знішчыць баршчэўнік эфектыўней толькі ядам, якім вясной трэба апрацоўваць маладыя ўсходы баршчэўніку. Паколькі разросся ён там, дзе не пройдзе тэхніка, то і апрацоўку хутчэй за ўсё давядзецца рабіць уручную. У раёне распрацоўваюцца адпаведныя мерапрыемствы”.

Магчымасць стварэння пляжа на возеры Баравёнак (высечка дрэў) будзе высвятляцца ў адпаведных службах.

Прасілі жыхары разабрацца, чаму ў іх магазіне тавар даражэйшы, чым у Двор Пліне, быццам бы прымяняецца большая транспартная нацэнка. Эканаміст па цэнах райспажыўтаварыства Т.М.Краўчанка адказала, што да ўсіх прадпрыемстваў рознічнага гандлю прымяняецца адзіная гандлёвая надбаўка. “Калі і ёсць транспартныя расходы (ад вытворца-пастаўшчыка да раёна), то яны таксама размяркоўваюцца раўнамерна. Калі ж вы сапраўды бачыце розніцу ў цане, патрабуйце ў прадаўца таварна-транспартную накладную або кнігу паступлення тавару, у якіх указваецца адпускная цана, або тэлефануйце ў райспажыўтаварыства па нумары 2-19-03”. Паабяцала таксама Таццяна Міхайлаўна выехаць на месца і праверыць адпаведнасць цэн непасрэдна ў магазіне.

Скаргі на дрэнную работу тэлефона і радыё перададзены ў раённы вузел электрычнай сувязі.

Ці магчыма саманарыхтоўка дроў паблізу вёскі, жыхары вёскі атрымаюць адказ пазней.

В.КАРАЛЕНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *