Рубрыку “журналіст мяняе прафесію” перыядычна выкарыстоўвае, напэўна, кожнае выданне: пераўвасабленне пішучай браціі ў спецыялістаў іншых сфер дае магчымасць знутры ўбачыць акалічнасці працоўных будняў і больш ярка іх апісаць. Аднак, накіроўваючыся гэтым летам у суд Ушацкага раёна, я часова памяняла прафесію не з журналісцкіх меркаванняў, а па неабходнасці: выконвала грамадзянскі абавязак у якасці народнага засядацеля. Вяршыць правасуддзе няпроста, нават калі займаешся гэтым усё жыццё, але яшчэ больш складана, калі ты далёкі ад юрыспрудэнцыі. Тым не менш наша заканадаўства надае такое права асобам, якія не з’яўляюцца юрыстамі, а таму могуць ацэньваць сітуацыю па-жыццёваму, быць вольнымі ў праяўленні эмоцый – і гэта ўраўнаважвае прававы погляд прафесійных суддзяў.
У народных засядацеляў шырокія паўнамоцтвы: яны могуць знаёміцца з матэрыяламі, задаваць пытанні бакам, а таксама выказваць сваю асабістую думку, не супадаючую з меркаваннем большасці. Як расказваюць юрысты, такія выпадкі ў практыцы бываюць, аднак даволі рэдка. У Беларусі народных засядацеляў прыцягваюць да разгляду злачынстваў з удзелам непаўналетніх, а таксама па асабліва небяспечных, пакаранне па якіх прадугледжвае вялікія тэрміны пазбаўлення волі. Менавіта да такіх належыла справа 54-гадовай жыхаркі Наваполацка, перададзеная для разгляду ў суд Ушацкага раёна (падобнае практыкуецца даволі часта).
Кранаўшчыца Ніна і будаўнік Аляксандр пазнаёміліся на рабоце і вырашылі жыць разам. Спрабавалі ўладкаваць свой быт і ў пакоі інтэрната, і ў вёсцы пад Полацкам, аднак абое перыядычна заглядвалі ў чарку, пасля чаго любоўную ідылію азмрочвалі скандалы. Праз некалькі год парачка вырашыла разысціся, Аляксандр вярнуўся да маці і нават сышоўся са спакайнейшай кабетай, ды былая каханка, па ўсім відаць, ніяк не магла выкінуць яго са свайго сэрца. Асеннім вечарам, калі кавалер быў дома адзін, яна зазірнула на агеньчык, каб павіншаваць яго з днём нараджэння. Як на грэх (прычым, у прамым сэнсе), у серванце знайшоўся прыхаваны мамай спірт, які гасцінны гаспадар выставіў на стол. Банкет перацёк у любоўныя ўцехі, але па ўсім відаць, душэўнага кансенсусу парачка не дасягнула. Што менавіта пакрыўдзіла Ніну, зараз дакладна не скажа ніхто, але яна ўзяла нож і нанесла п’янаму экс-бойфрэнду некалькі ўдараў. Пры гэтым яе мішэнню сталі сэрца і не менш важныя для мужчыны органы. Зрабіўшы сваю крывавую справу, жанчына на аўтапілоце рушыла дамоў, а раніцай, магчыма, і не памятала пра свае ўчарашнія “прыгоды”.
Па ўсіх законах фізіялогіі, чалавек, які сядзеў гэтым летам у зале ўшацкага суда ў якасці пацярпелага, ужо даўно павінен быў ляжаць на могілках. Як патлумачыў на адным з пасяджэнняў урач, што ратаваў яго, пры падобным пранікаючым нажавым раненні ў сэрца шансы застацца ў жывых складаюць не больш аднаго працэнта. Але Аляксандр нарадзіўся ў кашулі: выратавала тое, што ў момант удару ён страціў прытомнасць і ў нерухомай позе застыў на ложку – за гэты час загусцелая кроў натуральным чынам затрамбавала адтуліну ў сардэчнай сумцы. Раніцай мужчына нават не адразу заўважыў усю сур’ёзнасць свайго стану і “хуткую дапамогу” выклікаў толькі праз некалькі гадзін.
Пакуль пацярпелы пераносіў аперацыі і доўгую рэабілітацыю, яго былая каханая ў следчым ізалятары прадумвала лінію абароны, якая б змагла выставіць яе перад судом у выгадным свеце, у прыватнасці, агучыла версію, што з дапамогай нажа адбівалася ад згвалтавання, і што ўвогуле кавалер неаднаразова прымушаў яе займацца інтымам нетрадыцыйнымі спосабамі. У ходзе следства, а потым і падчас судовых пасяджэнняў яна некалькі разоў мяняла свае паказанні, праходзіла шматлікія экспертызы – ад судова-генетычных да псіхіятрычных. Па яе ініцыятыве суду нават давялося выязджаць у Наваполацк для следчага эксперыменту на месцы здарэння. Уся гэтая судовая “кухня” нябачная недасведчаным людзям, і мне было цікава спазнаць, як скрупулёзна падыходзяць юрысты да кожнай акалічнасці, як непахісна захоўваюць працэдуру судаводства.
Шчыра кажучы, доказы, пацвярджаючыя віну падсуднай, з самага пачатку падаваліся абсалютна бясспрэчнымі, тым не менш суддзя Вольга Іванаўна Лаюшка, якая старшынствавала на судзе, вельмі ўважліва вывучала ўсе матэрыялы, цярпліва, ветліва, але ў рамках рэгламенту ладзіла зносіны з падсуднай, па ўсіх патрэбных пунктах выслухоўвала меркаванні народных засядацеляў. Няпростай была гэтая справа і для дзяржаўнага абвінаваўцы Н.Ф.Аваднёвай, адваката С.А.Спірчонка, якія таксама дакладна выканалі свае функцыі.
У выніку суд прызнаў Ніну Л. вінаватай у замаху на наўмыснае забойства і на падставе ч.1 арт. 14, ч.1 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на шэсць гадоў у папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Вердыкт мог быць і больш строгім, але суд у якасці змякчаючай акалічнасці ўлічыў той факт, што абвінавачваемая часткова прызнала сваю віну. Тым не менш, жанчына падала апеляцыйную скаргу ў Віцебскі абласны суд, аднак яна не была задаволена: прыгавор суда Ушацкага раёна застаўся без змянення і ўступіў у сілу.
“На жаль, цяжкія “бытавыя” злачынствы нярэдкія не толькі ў Наваполацку, а і ў нашым раёне, – пракаменціравала гэту крымінальную справу памочнік пракурора Наталля Фёдараўна Аваднёва. – Правакуе ж іх, як правіла, алкаголь – невыпадкова здзяйсненне злачынства ў нецвярозым стане зараз лічыцца абцяжарваючымі віну абставінамі. Таму, адкрываючы бутэльку да вячэры, трэба мець на ўвазе, што яна можа стаць прычынай непрыемных наступстваў”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.