Заезды на санках, вечары каля вогнішча, навагодняя шоу-праграма, калядаванне, гульні для дарослых і дзяцей, казачныя пастаноўкі, танцавальны марафон, бяспройгрышная латарэя – далёка не ўвесь пералік дзействаў, што адбываліся апошнімі днямі ў санаторыі “Лясныя азёры”. Але неабходна дадаць, што займальна тут праходзяць не толькі святы, а і любы звычайны дзень у любую пару года.
Пэўна, не бывае такога, каб у спецыяльна абсталяваным цэнтры для правядзення вольнага часу доўга панавала цішыня і сюды ніхто не заходзіў. Бо тут дагодзяць нават самаму патрабавальнаму адпачываючаму і ўзнімуць настрой вечнаму песімісту. Раз у тры тыдні пасля заезду па традыцыі арганізоўваецца вечар знаёмства, мэта якога не толькі прыглядзецца адзін да аднаго, а і знайсці таленты, якія і становяцца потым зоркамі на канцэртах, што ладзяцца для адпачываючых і іх сіламі. Зрэшты, самыя актыўныя заахвочваюцца падарункамі і нават “пуцёўкай” у лазню. А яшчэ адпачываючым нават задаюць дамашнія заданні. Так, праўда, яны нескладаныя, а хутчэй цікавыя: напрыклад, падрыхтавацца да папяровай ці чорна-белай вечарынкі, конкурсу джэнтэльменаў. На “ўра” праходзяць дыскатэкі, караоке-паядынкі, школы прыгажосці, майстар-класы, літаратурныя сустрэчы. Дарэчы, прыхільнікаў апошніх рады бачыць і ў бібліятэцы з немалым кніжным фондам.
Абавязкі ж па арганізацыі вольнага часу апошнія паўтара года ўскладзены на маладую і ініцыятыўную Ганну Гатаўскую. Са сталіцы на сваю малую радзіму ўшачанка вярнулася з задавальненнем, ахвотна ўзялася і за культурна-масавую работу. Ганна заўсёды была душой кампаніі, добра спявала ды і арганізатарскіх здольнасцей ёй не займаць. “Наша Анечка” – так ласкава ўжо праз некалькіх дзён пасля заезду яе называюць адпачываючыя, а пакідаючы санаторый, нават могуць заплакаць на развітанне. Зрэшты, арганізуе яна з лёгкасцю не толькі свята, а і спартыўнае спаборніцтва, бо за плячыма вучоба на факультэце фізічнай культуры і спорту БДУ ФК. Таму Г.Гатаўская ў ліку першых дабравольцаў, калі трэба абараніць гонар калектыву на розных раённых спаборніцтвах.
– Як правіла ў адпачываючых шмат вольнага часу, а цікавае яго праводжанне таксама залог добрага самаадчування. Справіцца адной мне, канечне было б не пад сілу, таму працуем дружнай камандай разам з Алегам Івановым і Анжалікай Красновай. Прадумваем кожнае мерапрыемства, як канцэрты сваімі сіламі, так і з удзелам культработнікаў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, Арэхаўскага СДК. Цесна сябруем з Белдзяржфілармоніяй і вядомымі беларускімі артыстамі Анастасіяй Ціхановіч, Валерыем Скаражонкам, якія ўжо не раз бывалі ў нас з выступленнямі. Пастаянна арганізоўваем экскурсіі, каб даць магчымасць нашым гасцям пазнаёміцца з ушацкім краем і суседнімі раёнамі. Для прыхільнікаў здаровага ладу жыцця наладжваем шахматныя і шашачныя турніры, спаборніцтвы па настольным тэнісе, – расказвае Г.Гатаўская.
– Падумалі мы і пра тых, хто аддае перавагу прагулкам на прыродзе, – далучаецца да размовы інструктар па фізічнай культуры Уладзімір Сільванёнак. – У арсенале лыжы, палкі для скандынаўскай хадзьбы, якая набірае ўсё большую папулярнасць. Праводзяць час нашы госці і ў зале ЛФК, “інтэр’ер” якой нядаўна папоўніўся шматфункцыянальнай штангай.
“Цудоўнае месца не толькі для лячэння, а і для адпачынку, тут не даюць засумаваць. Дзякуй калектыву “Лясных азёр” за душэўнасць, цікавыя мерапрыемствы. Сюды адназначна хочацца вярнуцца!” – адзначае мінчанка Таццяна Бяляўская. Мноства падобных станоўчых водгукаў пакідаюць жыхары розных гарадоў Беларусі, Расіі і іншых краін як у кнізе прапаноў, сацыяльных сетках, так і проста на словах. І па ўсім бачна, што арганізацыя вольнага часу немалаважны складнік агульных уражанняў як пра здраўніцу, так і Ушаччыну ў цэлым.
Вольга КАМАРКОВА.